Праект нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі пасля грамадскага абмеркавання змяніўся. Але паўнавартаснага дыялогу ў незалежных экспертаў з распрацоўшчыкамі не выйшла.

Месяц таму скончылася грамадскае абмеркаванне праекта Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года. На сайце Міністэрства эканомікі паведамляецца, што ведамства атрымала больш за два дзясяткі лістоў ад экспертнай супольнасці і грамадскіх арганізацый і дасланыя прапановы «дазволілі палепшыць праект дакумента».

Якія заўвагі грамадскасці распрацоўшчыкі дакумента ўлічылі і што засталося па-за ўвагай, распавялі ўдзельнікі абмеркавання.

На вывучэнне прапаноў грамадскасці і ўнясенне іх у новы варыянт дакумента ў распрацоўшчыкаў сышло ўсяго некалькі дзён. Паўнавартасна разгледзець рэкамендацыі экспертаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый за такі кароткі тэрмін вельмі складана. Нядзіва, што не ўсе атрыманыя па зваротнай сувязі Міністэрства эканомікі прапановы былі ўключаныя ў стратэгію.

Хто падрыхтуе чыноўнікаў да новых падыходаў?

Пытанне, хто будзе займацца рэалізацыяй амбіцыйнага дакумента, зацікавіў экспертаў Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання (SYMPA). Яе прадстаўнікі прапанавалі распрацоўшчыкам улічыць неабходнасць рэфармавання дзяржаўнага менеджменту.

— Па парадзе спецыялістаў больш выразна вылучыўся раздзел стратэгіі ў галіне рэформаў дзяржкіравання. У новым варыянце мы бачым дзяржкіраванне як асобную сферу, якая патрабуе развіцця, — каментуе эксперт у галіне дзяржаўнага кіравання Іна Рамашэўская.

Аднак прапановы аб правядзенні рэформаў дзяржслужбаў, падрыхтоўцы чыноўнікаў, якія будуць рэалізоўваць канцэпцыю стратэгіі, прынятыя не былі.

Адной з першых трэба вырашыць праблему якасці падрыхтоўкі дзяржслужбоўцаў, якія павінны будуць займацца рэалізацыяй дакумента, лічыць Іна Рамашэўская. Інакш пад пытаннем будзе сама рэалізацыя стратэгіі. Разам з распрацоўкай маштабных зменаў і пабудовай вялікіх планаў, прадстаўнікі дзяржорганаў, якія будуць займацца рэалізацыяй стратэгіі, павінны мець новыя ўменні і глядзець у будучыню інакш.

Эксперты прапануюць прадумаць варыянты стажыровак за мяжой і дадатковай адукацыі адказных за рэалізацыю дакумента чыноўнікаў.

Ці можна адмовіцца ад вертыкальных рашэнняў?

Эксперт па ўстойлівым развіцці Алег Сівагракаў прызнаецца, што многія яго прапановы распрацоўшчыкі ўлічылі. Ён рэкамендаваў адысці ад цэнтралізацыі рашэнняў і больш давяраць мясцовым уладам.

— Многія элементы ўстойлівага развіцця могуць быць рэалізаваны ў рэгіёнах без неабходнасці атрымання каманды «зверху», — лічыць Алег Сівагракаў. — Гэта дазваляе пазбегнуць непатрэбнай цэнтралізацыі ўлады і рэсурсаў.

Калі да змененых палажэнняў дадаць распрацоўку рэгіянальных і мясцовых стратэгій устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, а таксама пашырэнне магчымасцяў мясцовых супольнасцяў, якія ўзаемадзейнічаюць з мясцовымі органамі ўлады ў іх рэалізацыі, то рэгіёны змогуць павялічыць патэнцыял укаранення новых ідэй — такі прагноз эксперта.

Пакуль жа, як высветлілі эксперты пры вывучэнні канкурэнтных пераваг рэгіёнаў Беларусі, у правінцыі не выкарыстоўваюць увесь існуючы патэнцыял для развіцця мясцовай эканомікі і павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

Падчас даследавання ацэньваліся прывабнасць умоў для інвестыцый і развіцця бізнэсу, асяроддзе для распрацоўкі, распаўсюджвання і ўкаранення інавацый, экалагічныя ўмовы для пражывання і адпачынку насельніцтва, доступ да сацыяльных выгод, а таксама сістэма мясцовага кіравання і самакіравання, якая ўключае магчымасць рэалізацыі мясцовых ініцыятыў.

Экалогія або эканоміка: што важнейшае?

У нацыянальнай стратэгіі ў прыярытэце эканамічныя інтарэсы. Экалагічны бок займае ў ім менш значную ролю, у той час як устойлівае развіццё прадугледжвае комплекснае рашэнне задач пры цесным узаемадзеянні эканомікі і экалогіі.

— Устойлівае развіццё краіны павінна мець на прыярытэце экалагічную цікавасць. Зарабіць на прыродных рэсурсах можна тут і цяпер, але што тады мы будзем рабіць праз дваццаць гадоў? — кажа каардынатар кампаніі «У абарону беларускіх балот» Вольга Каскевіч.

Прадстаўнікі экалагічных грамадскіх арганізацый падышлі да вырашэння пытання комплексна. Абмеркаваўшы неабходнасць якасных змен у дакуменце, яны падрыхтавалі сумесны зварот да распрацоўшчыкаў. Кожная арганізацыя ўнесла таксама профільныя прапановы.

Напрыклад, у адным з раздзелаў праекта стратэгіі адзначалася, што «ў земляробстве прыярытэтнымі будуць меліярацыя зямель і комплекс мер па рацыянальным выкарыстанні глебавых рэсурсаў, захаванні іх урадлівасці».

Прадстаўнікам кампаніі «У абарону беларускіх балот» удалося дамагчыся таго, каб меліярацыя не стаяла на адным з першых месцаў устойлівага развіцця сельскай гаспадаркі.

— Мы папрасілі распрацоўшчыкаў выключыць гэты кірунак. Наша заўвага была прынята, але без дадатковых прапаноў, — кажа Вольга Каскевіч. — Неўлічанымі засталіся прапановы па развіцці тэрыторый, на якіх раней здабывалі торф. Многія з іх цяпер ніяк не выкарыстоўваюцца, хоць і маюць патэнцыял для развіцця сельскай гаспадаркі.

Здзівіла эколагаў, што ў дакуменце не згадваецца экалагічны турызм. Новая версія дакумента прадугледжвае гэтую форму турызму ў якасці адной з прыярытэтных, нароўні з «падтрымкай развіцця перспектыўных тэрыторый і праектаў у сферы турызму на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства».

Па словах дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўгена Лабанава, у дакуменце добра прапрацаваны раздзел па хімічнай бяспецы, у якім улічаны прапановы спецыялістаў. Па парадзе экспертаў аўтары дапрацавалі і раздзел аб эфектыўным абыходжанні з адходамі.

Па энергетыцы эколагі адправілі распрацоўшчыкам каментары па вузкіх спецыялізаваных пытаннях у галіне энергазберажэння і энергаэфектыўнасці. Многія з іх не былі ўлічаныя.

Каардынатар таварыства экалагічных арганізацый «Зялёная сетка» Яраслаў Бекіш адзначае, што дакумент не ўзаемнаінтэграваны з іншымі падобнымі дакументамі: напрыклад, нацыянальная стратэгія не ўзгоднена з абласнымі стратэгіямі ўстойлівага развіцця, якія распрацоўваюцца цяпер.

Па ацэнцы экспертаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, новая версія дакумента больш адпавядае прынцыпам устойлівага развіцця, чым першапачатковая. Але наколькі прапісаныя ў дакуменце ідэі і намечаныя перспектывы будуць рэалізаваны, залежыць ад таго, які будзе абраны план дзеянняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?