У Беларусі пачалася кампанія па дэклараванню фізічнымі асобамі сукупнага гадавога даходу за 2007 год, паведамілі БЕЛТА у Міністэрстве па падатках і зборах Беларусі.

У адпаведнасці з законам «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» падатковую дэкларацыю (разлік) абавязаны прадставіць фізічныя асобы, калі на працягу 2007 года яны атрымлівалі абкладаемыя падаходным падаткам даходы ад некалькіх крыніц і іх сукупны гадавы даход перасягнуў Br7 519 992.

Грамадзяне, якія атрымалі даходы ад падатковых агентаў, што не з’яўляюцца месцам іх асноўнай работы, падаткаабкладанне якіх праводзілася па стаўцы 20 працэнтаў, падатковую дэкларацыю (разлік) аб сукупным гадавым даходзе не прадстаўляюць.

У той жа час грамадзяне, на якіх не ўскладзены абавязак прадстаўляць падатковую дэкларацыю (разлік), маюць права па ўласнай ініцыятыве прадставіць такую дэкларацыю ў падатковы орган па месцы жыхарства.

Пры гэтым у міністэрстве адзначылі, што незалежна ад якіх бы ні было ўмоў дэкларацыю абавязаны прадставіць фізічныя асобы, якія атрымлівалі на працягу 2007 года даходы ад фізічных асоб, што не з’яўляюцца падатковымі агентамі, даходы ад крыніц за межамі Рэспублікі Беларусь, іншыя даходы, утрыманне падатку з якіх не ўскладзена на падатковых агентаў.

Да такіх даходаў, у прыватнасці, адносяцца кампенсацыя (аплата) маральнай шкоды, у тым ліку па рашэнню суда, за выключэннем кампенсацыі маральнай шкоды пры страце працаздольнасці, звязанай з калецтвам або іншым пашкоджаннем здароўя, у сувязі са стратай карміцеля, а таксама шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органаў дазнання, папярэдняга следства, пракуратуры.

Гэта таксама даходы, атрыманыя фізічнымі асобамі ад выплатнага адчужэння (у тым ліку шляхам продажу, мены, рэнты) на працягу пяці гадоў належных ім на праве ўласнасці больш як адной кватэры, больш як аднаго жылога дома, больш як адной дачы, больш як аднаго садовага доміка з гаспадарчымі пабудовамі, больш як аднаго гаража, больш як аднаго зямельнага ўчастка, на працягу каляндарнага года — больш як аднаго аўтамабіля або іншага транспартнага сродку.

У катэгорыю такіх даходаў уключаны і даходы, атрыманыя ад рэалізацыі акцый або іншых каштоўных папер, уключаючы даходы ад рэалізацыі імянных прыватызацыйных чэкаў «Жыллё» і «Маёмасць» іншай фізічнай асобе, долей заснавальнікаў (удзельнікаў) у статутным фондзе, паёў у маёмасці замежных арганізацый іншым фізічным асобам.

Гэта датычыцца і даходаў, атрыманых фізічнымі асобамі за мяжой або з‑за мяжы (да такіх даходаў можна аднесці заработную плату, прэміі і іншыя ўзнагароджанні, звязаныя з выкананнем працоўных абавязкаў, стыпендыі, падарункі ў грашовай і натуральнай форме, атрыманыя ад фізічных асоб, якія не з’яўляюцца блізкімі сваякамі), а таксама даходаў, атрыманых па працоўных дагаворах з фізічнымі асобамі, напрыклад за работу ў якасці садоўніка, вартаўніка, шафёра, трэнера, ахоўніка.

Фізічныя асобы, якім неабходна прадставіць дэкларацыю, абавязаны стаць на ўлік у падатковым органе да прадстаўлення падатковай дэкларацыі (разліку) або адначасова з яе прадстаўленнем. Дэкларацыя прадстаўляецца ў падатковы орган па месцы жыхарства фізічнай асобы асабіста або па пошце. Пры гэтым днём яе прадстаўлення лічыцца дата адпраўкі заказнога пісьма з вопісам укладання.

Тэрмін прадстаўлення падатковай дэкларацыі (разліку) аб сукупным гадавым даходзе за 2007 год — не пазней за 1 сакавіка 2008 года.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0