З раніцы жыхары ўсіх раёнаў Данецка бесперапынна чуюць выбухі і кананаду цяжкай артылерыі. Пра гэта паведамляе Deutsche Welle.
«Уражанне такое, што «Грады» стаяць хіба што не побач з кожным домам. Дэтанацыя жудасная, дрыжаць сцены і шыбы», —паведамляюць жыхары цэнтральных раёнаў Данецка.
Тэлефонная сетка пастаянна занятая: людзі ў паніцы тэлефануюць адзін аднаму, пытаюцца, што адбываецца ў горадзе.
Мясцовыя жыхары паведамляюць пра актыўныя баявыя дзеянні ў раёне Пуцілаўскага моста, які вядзе ад аэрапорта ў горад. У паведамленнях відавочцаў гаворка ідзе быццам бы таксама і пра разбурэнне самага моста.
У Кіеўскім раёне, прылеглым да аэрапорта, людзі паведамляюць, што сядзяць без святла, газу і вады. Таксама жыхары сведчаць пра шматлікія трапленні снарадаў у жылыя дамы — як у цэнтры горада, так і ў прыфрантавых раёнах, непадалёк ад лініі агню. Аварыйныя брыгады не могуць выехаць да месца разбурэнняў з-за артабстрэлаў, якія не спыняюцца.
Частка жыхароў спешна хаваецца ў бомбасховішчы.
Гэтак жа спешна зачыняюцца харчовыя крамы ў цэнтры горада. Спыняе працу і цэнтральны рынак. На некаторых маршрутах цалкам спынены рух грамадскага транспарту.