Разбіў экран – замяні модуль экрана, тармазіць гульня – замяні модуль працэсара, хочаш круцейшыя фота – замяні модуль камеры. Трэба магутная батарэя – замяні непатрэбны модуль другой батарэяй. І не засмечвай асяроддзе высокатэхналагічнымі адкідамі. Такая ідэя Праекту Ара – смартфона ад Google, які можна сабраць па частках.

Праект распачаўся ў 2012 годзе ў сценах шматпакутнай Motorola. Першы прататып выглядаў грувасткім і працаваў надта павольна. Затое дэманстраваў: працэсар можна змяніць так жа лёгка, як сім-карту.

Нядаўна Google, што працягнула праект Motorola, паказала другі прататып, Spiral 2, які ўжо болей нагадвае звычайны смартфон, хай таўставаты і цяжкаваты. Журналістам дагэтуль не дазваляюць разблакіраваць смартфон – з праграмным забеспячэннем цяжкасці нават у саміх распрацоўшчыкаў.

На металічны корпус з 14 канэктарамі можна паставіць 10 зменных блокаў, сярод якіх дысплэй, працэсар, батарэя, камера, дынамік, антэны, модулі WiFi ды Bluetooth, сэнсары і канэктар для зарадкі.

Трымаюцца яны на электрамагнітах: у кішэні не разваліцца, а пры патрэбе лёгка разбіраецца пры адключаным магніце. На жаль, невядома, ці можна будзе павялічыць аб’ём памяці, не мяняючы працэсар.

Першапачаткова планавалася выпусціць корпусы трох памераў: пад экранамі дыяганаляў 4, 4,7 і 6 цаляў. Пакуль не паведамляецца, ці ўсе яны дайдуць да рынку і ці не з’явіцца новыя.

Распрацоўшчыкі распавядаюць пра Project Ara:

Цяжка прадказаць, якія вытворцы электронікі зацікавяцца стварэннем запчастак для Project Ara. Нішто не замінае LG прадаваць канкурэнтам свае дысплэі, Sony – свае камеры, а Samsung вырабляць працэсары для Apple. Але з аднаго боку, калі такі смартфон стане папулярным, кампаніі «здадуць» уласны рынак. З іншага боку, партыі дэталяў (асабліва на старце) будуць не такімі вялікімі, а вытворчасць кампанентаў – складанай (трэба спалучыць якасць з надзвычайнай кампактнасцю).

Варыянты для параноікаў: замест арыгінальных запчастак можна будзе падсунуць няякасныя падробкі з кітайскіх падвалаў, а тое і дэталі-шпіёны ад спецслужб.

Тым не меней, у нечым падобны прадукт ужо ёсць на рынку. Яшчэ да продажу кітайцам Lenovo кампанія Motorola пад крылом Google прадставіла Moto X – смартфон, пад які можна было абіраць безліч афарбовак і матэрыялаў пярэдняй і задняй панэлі, кнопак ды абводак. Праўда, запуск быў лакальны (толькі адзін аператар у ЗША дазваляў шырокі выбар знешнасці), а смартфон не здабыў надзвычайнай папулярнасці.

Чакаць смартфон новай версіі, Spiral 3, у продажы можна ўжо ў 2015 годзе ў Пуэрта-Рыка. Такі лакальны запуск дазволіць выявіць зацікаўленасць людзей у смартфоне-канструктары ды адшукаць недахопы першай спажывецкай мадэлі. Дарэчы, смартфон і дэталі да яго будуць распаўсюджваць у міні-вэнах, падобных да фургончыкаў з марозівам.

Пад старт продажаў Google абяцае тры дзясяткі запчастак (пакуль гатова 11) і адэкватны час аўтаномнай работы (пакуль акумулятар Spiral 2 на траціну слабейшы за сярэднестатыстычны). Базавую «балванку» нават без магчымасці тэлефанаваць (толькі WiFi) Google збіраецца прадаваць прыкладна за 50 даляраў.

Некалі прапаноўвалася ідэя даваць раздрукоўваць уласны корпус на 3D-прынтары. Але ад яе ў мэтах бяспекі карыстальнікаў адмовіліся. Затое дазволілі абіраць любы малюнак на заднюю панэль і нават зрабілі праграму для самастойнага падбору малюнкаў.

Наўрад ці модульны смартфон выцесніць звычайны «неразборны»: ён будзе адназначна таўсцейшым і цяжэйшым, многім можа здацца меней стылёвым, наяўнасць цікавых запчастак пад пытаннем. Затое фанаты тэхнікі змогуць не набываць штогод новы смартфон, а толькі мяняць састарэлыя дэталі, а неакуратныя пакупнікі зэканомяць на рамонце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?