«Яны адразу з машыны былі зьнятыя і расьціснутыя грузавой аўтамашынай»

«У выніку наезду машыны»

Сёлетні сьпіс трагічных гадавінаў гісторыі адкрывае 12 студзеня. Гэтая дата пазначаная далёка не ва ўсіх календарах. Між тым, у гэты дзень 60 гадоў таму адбылося адно з найбольш гнюсных злачынстваў ХХ стагодзьдзя…

13 студзеня 1948 году рабочыя аднаго зь менскіх заводаў, ідучы на ранішнюю зьмену, на вуліцы ўбачылі мёртвыя целы двух чалавек. Гэта былі знакаміты яўрэйскі актор Саламон Міхоэлс і тэатральны дзеяч Голубаў‑Патапаў. (Як потым высьветліцца — сакрэтны супрацоўнік дзяржбясьпекі.)

Празь некалькі дзён Сталін атрымаў рапарт МУС СССР, заснаваны на папярэднім сьледзтве беларускай міліцыі.

Трупы былі знойдзеныя ў 7 гадзінаў 10 хвілінаў раніцы. Міліцыя, якая выехала на месца здарэньня, знайшла «…два мужчынскія трупы, якія ляжалі тварам долу. Каля трупаў была вялікая колькасьць крыві. Вопратка, дакумэнты і каштоўнасьці не былі кранутыя…У абодвух былі паламаныя рэбры…Каля трупаў выяўленыя сьляды грузавых машынаў, часткова занесеныя сьнегам. Паводле агляду месца здарэньня і першаснага заключэньня мэдычных экспэртаў, сьмерць Міхоэлса і Голубава‑Патапава адбылася ў выніку наезду аўтамашыны, якая ехала зь перавышанай хуткасьцю і нагнала іх, ідучы пад крутым ухілам…» (З матэрыялаў «Асобай папкі» Сталіна, якая захоўваецца ў дзяржаўным архіве РФ.)

З Масквы ў Менск выехала апэратыўная група. Міліцыя праверыла амаль 4 тысячы аўтамашын, якія ўначы з 12‑га на 13‑га студзеня адсутнічалі ў гаражах. Але сьлядоў крыві альбо футраў, якія былі на загіблых, ні на адной машыне не знайшлі. Не было выяўлена й сьлядоў алькаголю ў крыві загіблых. Сьледзтва нават не спрабавала высьветліць, якім чынам два чалавекі, якія спыніліся ў гатэлі ў цэнтры беларускай сталіцы, апынуліся ўначы на ўскраіне гораду.

Пра сьмерць Міхоэлса афіцыйна паведаміла радыё 14 студзеня: «Савецкі тэатар панес цяжкую страту…» Пра прычыны сьмерці нічога не гаварылася. Нэкралёг ня быў падпісаны нікім зь вядомых дзяржаўных ці партыйных кіраўнікоў СССР. Але на пахаваньні ў Маскве прысутнічалі вядомыя дзеячы культуры, а таксама жонка Молатава Паліна Жамчужына. (Пазьней яе сашлюць у лягер.) Імя Міхоэлса было прысвоена Дзяржаўнаму яўрэйскаму тэатру, у якім ён шмат гадоў працаваў. Яшчэ некалькі месяцаў яўрэйскі тэатар працягваў ставіць спэктаклі, перш чым быў зачынены. Гэтаксама ў 49‑м годзе будзе зачынены Дзяржаўны яўрэйскі тэатар у Менску, які існаваў з 1926 году.

13 студзеня 1953 году — яшчэ адна круглая дата савецкай гісторыі — агенцтва ТАСС паведаміла пра раскрыцьцё змовы «тэрарыстычнай групы лекараў, якія ставілі на мэце шляхам шкодніцкага лекаваньня скараціць жыцьцё актыўных дзеячаў Савецкага Саюзу». Роля лідэра «шкоднікаў» адводзілася прафэсару Мірону Воўсі. Галоўны тэрапэўт Савецкай Арміі, генэрал‑маёр мэдычнай службы Воўсі, нібыта, атрмліваў дырэктывы ад арганізацыі «Джойнт», створанай амэрыканскай выведкай, празь «вядомага буржуазнага нацыяналіста Міхоэлса». Прафэсар быў стрыечным братам Міхоэлса, сапраўднае імя й прозьвішча якога — Шлоймэ Воўсі. Абодва браты родам зь Дзьвінску Віцебскай губэрні.

У адрозьненьне ад іншага знакамітага нараджэнца Беларусі Марка Шагала, Міхоэлсу «пашчасьціла» загінуць у Менску не паводле лёсу, але воляю правадыра, які думкамі пра Беларусь наўрад ці сябе абцяжарваў.

Ліквідацыя

Пасьля сьмерці Сталіна Лаўрэнці Берыя, які ўзначаліў Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі, накіраваў у прэзыдюм ЦК КПСС сакрэтную запіску «Аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці асобаў, вінаватых у забойстве Міхоэлса і Голубава». У гэтым дакумэнце Берыя спасылаецца на паказаньні арыштаванага яшчэ ў 1951 годзе Віктара Абакумава, які да таго быў міністрам дзяржбясьпекі: «Наколькі я памятаю, у 1948 годзе кіраўнік Савецкага ўраду І.В.Сталін даў мне тэрміновае заданьне — хутка арганізаваць работнікамі МДБ СССР ліквідацыю МІХОЭЛСА пад выглядам няшчаснага выпадку, гэта значыць, каб МІХОЭЛС і ягоны спадарожнік загінулі, трапіўшы пад аўтамашыну.

У гэтай жа размове перабіраліся кіруючыя работнікі МДБ СССР, якім можна было б даручыць правядзеньне ўказанай апэрацыі. Было сказана — ускласьці правядзеньне апэрацыі на АГАЛЬЦОВА, ЦАНАВУ І ШУБНЯКОВА.

Пасьля гэтага АГАЛЬЦОЎ і ШУБНЯКОЎ, разам з групай падрыхтаваных імі для гэтай апэрацыі работнікаў, выехалі ў Менск, дзе сумесна з ЦАНАВАМ і правялі ліквідацыю МІХОЭЛСА».

Лаўрэнцій Цанава, даўні паплечнік Берыі, на той момант займаў пост міністра дзяржаўнай бясьпекі Беларускай ССР. Сяргей Агальцоў быў першым намесьнікам міністра дзяржбясьпекі СССР. Як і Цанава, ён меў званьне генэрал‑лейтэнанта. А палкоўнік Фёдар Шубнякоў быў начальнікам сакрэтнага аддзелу контравыведкі, які займаўся, паміж іншага, дывэрсіямі і ліквідацыямі ў межах СССР.

Цанаву, які з 1952 году быў «на пэнсіі», дапыталі па справе, таксама, як перад тым Агальцова. Цанава напісаў у сваёй дакладной запісцы:

«…АГАЛЬЦОЎ сказаў нам, што паводле рашэньня Ўраду і асабістага ўказаньня таварыша І.В.Сталіна павінен быць зьліквідаваны МІХОЭЛС, які празь дзень ці два прыяжджае ў Менск у справах службы… Забойства МІХОЭЛСА было ажыцьцёўлена у дакладнай адпаведнасьці з гэтым плянам…Прыкладна а 10‑й гадзіне вечара МІХОЭЛСА і ГОЛУБАВА завезьлі ў двор лецішча. (Лецішча Цанавы пад Менскам — В.Т.) Яны адразу з машыны былі зьнятыя і расьціснутыя грузавой аўтамашынай. Прыкладна ў 12 гадзінаў начы, калі па горадзе Менску рух людзей зьмяншаецца, трупы МІХОЭЛСА і ГОЛУБАВА былі пагружаныя на грузавую машыну, адвезеныя і кінутыя на адной з глухіх вуліц гораду. Раніцай яны былі знойдзеныя рабочымі, якія аб гэтым паведамілі ў міліцыю».

Вынікам дакладной запіскі Берыі ў прэзыдыюм ЦК стаў арышт Агальцова, а потым і Цанавы. Шубнякоў на той момант ужо сядзеў у турме ў сувязі зь іншай справай. Аднак, у 1953‑м, пасьля «выкрыцьця» і расстрэлу Берыі як замежнага шпіёна, Шубнякова і Агальцова выпусьцілі. А Цанава скончыў жыцьцё самагубствам у камэры.

Бязродныя касмапаліты

Напэўна, у Берыі ў 1953‑м маглі быць нейкія свае, не зусім ясныя матывы для арышту сталінскіх «гэбістаў». Але гэта не азначае, што ўказаньне зьліквідаваць выдатнага яўрэйскага артыста не магло сыходзіць ад Сталіна. Праўда, Жарэс Мядзьведзеў у сваёй рабоце, прысьвечанай забойству Міхоэлса, выказвае думку, што Сталін мог зьнішчыць яго ў сувязі з датычнасьцю да «справы Алілуевай» — жонкі правадыра.

Як бы там ні было, імя Міхоэлса было выкарыстана напоўніцу пры канцы 1948 году пры арганізацыі справы «Яўрэйскага антыфашысцкага камітэту». Гэты камітэт быў утвораны ў 1942‑м годзе з ініцыятывы Берыі з мэтай атрымаць міжнародную падтрымку ў барацьбе з нацысцкай Нямеччынай — у тым ліку й матэрыяльную. У камітэт, які ўзначаліў Міхоэлс, увайшлі пісьменьнікі Ільля Эрэнбург і Самуіл Маршак, знакамітыя на ўвесь сьвет музыкі Давід Ойстрах і Эміль Гілельс, іншыя дзеячы культуры. Падчас паездак у Англію, ЗША і Канаду Міхоэлсу разам зь пісьменьнікам Іцыкам Фэфэрам удалося сабраць мільёны даляраў у дапамогу савецкім Узброеным сілам. Пасьля вайны ЯАК спрычыніўся да збору дакумэнтацыі, якая тычылася Галакосту (масавага зьнішчэньня яўрэяў гітлераўцамі). У СССР, аднак, гэтая дзейнасьць не ўхвалялася. Выданьне на расейскай мове так званай «Чорнай кнігі», прысьвечанай зьнішчэньню яўрэяў, у Савецкім Саюзе было забароненае.

Сябры камітэту былі абвінавачаныя ў буржуазным нацыяналізьме і касмапалітызьме. У 1952 годзе 13 сябраў ЯАК, сярод якіх былі выдатныя паэты Леў Квітко і Пэрэц Маркіш, расстралялі.

Варта нагадаць, што за пятнаццаць гадоў да гэтага, 29 кастрычніка 1937‑га году ў Менску былі расстраляныя 19 беларускіх паэтаў. Сярод іх пяцёра пісалі на ідыш — Бранштэйн, Дунец, Кульбак, Харык і Юдэльсон.

У 1921 годзе, дэкрэтам ЦВК мова ідыш была абвешчаная адной зь дзяржаўных моваў БССР. З 1926‑га па 1937‑ы на афіцыйным гербе Беларускай ССР надпіс «Пролятары ўсіх краін, злучайцеся!» дубляваўся яшчэ на трох мовах — ідыш, польскай і расейскай.

Мінскі яўрэйскі тэатар і яго лёс пасьля забойства Міхоэлса ўжо згадваліся вышэй. У канцы 1948‑га ня толькі ўсе кнігі Міхоэлса, але ўвогуле ўсе кнігі на ідыш у СССР былі забароненыя і сканфіскаваныя зь бібліятэк.

Здавалася б, пасьля Другой сусьветнай вайны, асабліва пасьля Нюнбэргскага трыбуналу, калі ўвесь сьвет даведаўся пра злачынствы супраць чалавечнасьці, пра гітлераўскі генацыд славянскіх народаў і пра Галакост, антысэмітызм — тым больш, дзяржаўны, павінен быў адысьці ў нябыт разам з гітлерызмам. Але фашызм ідэйна ня быў разгромлены. Ды гэтага й не магло адбыцца ў СССР, дзе панавала ідэалёгія ня менш бесчалавечная.

9 траўня 1945 году Сталін абвесьціў тост на прыёме ў Крамлі: «…Я п’ю, перш за ўсё, за здароўе расейскага народу, таму што ён зьяўляецца найбольш выдатнай нацыяй з усіх нацыяў, што ўваходзяць у склад Савецкага Саюзу, …за здароўе расейскага народу як кіроўнай сілы Савецкага Саюзу».

Пытаньне самавызначэньня нацыяў было закрытае на бліжэйшыя сорак гадоў. Як і пытаньне павагі да «нярускіх».

Пасьля вайны слова «жыд», якое мае зьняважлівае значэньне ў расейскай мове, хочам мы таго альбо не, набыло такі самы сэнс і ў беларускай. Але ж і літаратурнае слова «яўрэй» у канцы 1940‑х пачало гучаць як сынонім «бязроднага касмапаліта», і тысячы савецкіх грамадзянаў, у тым ліку і ў Савецкай Беларусі, спрабавалі ўсімі сіламі зьмяніць «ганебны» пяты пункт у пашпарце. Праўда, ня ўсе. Таму, думаецца, «габрэй» ці «гэбрай» пакуль ня могуць служыць адэкватнай заменай слова «яўрэй», бо выглядаюць усяго толькі ягоным сарамлівым заменьнікам.

5‑ы дзень месяца Іяра

14 траўня 1948 году (паводле яўрэйскага календара, на 5‑ы дзень месяца Іяра 5708 году) была абвешчана Дзяржава Ізраіль. Цяпер шмат дзе можна прачытаць пра тое, што ізраільская дзяржава нібыта абавязаная сваім існаваньнем Сталіну. Савецкі Саюз сапраўды падтрымаў рэзалюцыю ААН 1947 году аб стварэньні дзьвюх палестынскіх дзяржаваў — арабскай і яўрэйскай. Брытанская імпэрыя тады імкліва губляла свой уплыў у сьвеце, у прыватнасьці, і на Блізкім Усходзе. Сыход брытанскіх акупацыйных войскаў з палестынскіх тэрыторыяў быў выгадны Савецкаму Саюзу, які імкнуўся да экспансіі дзе толькі можна. Брытанцы шукалі апірышча сярод арабаў. І Сталін, натуральна, разглядаў ізраільцянаў як процівагу брытанскаму ўпллыву. А Ізраіль — у якасьці патэнцыйнага хаўрусьніка СССР у міжнароднай палітыцы.

Але ў тагачаснай няпэўнай і напружанай сытуацыі на Блізкім Усходзе мала хто мог прадбачыць, што Ізраілю ня толькі ўдасца абвесьціць незалежнасьць, але й стварыць моцную дзяржаву, якая здолее абараніць свой сувэрэнітэт у варожым атачэньні, прычым самастойна. Ёсьць шмат літаратуры і дакумэнтаў, якія сьведчаць: многія ізраільцяне — удзельнікі тагачасных падзеяў — лічаць стварэньне дзяржавы Ізраіль амаль што цудам. Якому паспрыяў, безумоўна, Галакост.

Кіраўнік савецкай дэлегацыі ў ААН Андрэй Грамыка некалькі разоў выступаў з палымянымі прамовамі ў падтрымку стварэньня яўрэйскай дзяржавы. Але што характэрна — у самім Савецкім Саюзе гэтыя прамовы нідзе не друкаваліся. Яны прызначаліся для замежнай палітыкі, а не для ўнутранай.

Адзін з дасьледчыкаў тэмы — Віктар Балан, які жыве ў ЗША, прыводзіць цікавую дэталь. Напярэдадні новага, 1948 году Міхоэлс выступіў на вечарыне памяці Мэндэле Мойхер‑Сфорыма (яшчэ аднаго выдатнага сына Беларусі) у Політэхнічным музэі ў Маскве. Але не абмежаваўся культурніцкай тэмай і распавёў аб рашэньні ААН пра стварэньне яўрэйскай дзяржавы і аб прамовах Грамыкі. Прысутныя сустрэлі гэтую навіну радаснымі авацыямі й воклічамі. Балан мяркуе, што ў той вечар лёс Міхоэлса быў прадвырашаны. Цяжка з гэтым не пагадзіцца.

Ужо ў верасьні 1948‑га Ізраіль адхіліў прапанову Масквы накіраваць туды «інтэрнацыянальную дапамогу». Сталінскі ідэоляг Суслаў пасьля гэтага запрасіў да сябе актывістаў Антыфышысцкага камітэту і перадаў ім меркаваньне ЦК КПСС: Ізраіль, замест таго, каб клапаціцца пра патрэбы яўрэйскага народу, апынуўся ў фарватэры дзяржаваў, «варожых справе міру». У якасьці альтэрнатывы прапаноўвалася стварыць дзяржаву на грунце… ужо абвешчанай раней Бірабіджанскай АССР у складзе Расейскай Фэдэрацыі.

Мэндэлісты‑марганісты

Каб ня зводзіць тэму 1948 году да аднаго толькі нацыянальнага пытаньня, варта коратка згадаць яшчэ адну заўважную і ня менш злавесную падзею ў гісторыі. У жніўні таго году прайшла сумнавядомая сэсія УАСГНІЛ (Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя Леніна). На сэсіі пад старшынствам акадэміка Трафіма Лысенкі адбыўся канчатковы разгром у СССР генэтыкі — навукі, безь якой немагчыма ўявіць агромністую колькасьць дасягненьняў дваццаць першага стагодзьдзя ў галіне біялёгіі й мэдыцыны. Навукі, асновы якой вядомыя сёньня кожнаму школьніку.

Вось толькі адзін прыклад, які сьведчыць пра ўзровень тагачаснай навуковай дыскусіі: «Яшчэ не спыніўся грукат гарматаў на палёх бітваў, не перастала ліцца кроў верных сыноў народу, якія адстойвалі гонар, свабоду і незалежнасьць нашай Радзімы, працаўнікі тылу дапамагалі фронту і адначасова аднаўлялі разбураныя гарады й вёскі, фабрыкі й заводы, а прадстаўнікі мэндэлеўска‑морганаўскага кірунку біялёгіі тым часам былі занятыя вырашэньнем «найважнейшай» задачы: у якіх суадносінах у папуляцыі гінулі пладовыя мухі у разбураным захопнікамі Варонежы».

Тэрмін «мэндэлізм‑марганізм» утвораны ад імёнаў чэскага манаха Грэгара Мэндэля, які адкрыў законы спадчыннасьці і амэрыканскага навукоўца Томаса Моргана. Ён першым стаў выкарыстоўваць у сваёй лябараторыі мух‑дразафілаў, якія выявіліся найбольш зручным аб’ектам для генэтычных дасьледаваньняў (і выкарыстоўваюцца дагэтуль).

Адным з «мэндэлістаў‑марганістаў», якому ўдалося выступіць тады на сэсіі УАСГНІЛ, быў беларускі акадэмік Антон Жэбрак. Ужо зьняты на той момант з пасады прэзыдэнта Акадэміі навук БССР Жэбрак адстойваў мэтады сучаснай генэтыкі і крытыкаваў тое, што ў 1960‑я гады назавуць лысенкаўшчынай.

Тут няма месца гаварыць аб лёсах Жэбрака й Лысенкі. Важна памятаць, што пры канцы 1940‑х у савецкай навуцы (за выключэньнем, мабыць, атамнай фізыкі), панавалі дагматызм і цемрашальства. Акадэмік Лепяшынская, напрыклад, без усялякіх ваганьняў заяўляла, што ў яе лябараторыі ўдалося зафіксаваць нараджэньне жыцьця ў прабірках літаральна зь нічога. Потым выявілася, што тыя прабіркі проста кепска мылі, і ў іх заставаўся бруд, зь якога выводзіліся жывыя арганізмы.

Дзяржаўны абскурантызм, як і дзяржаўны антысэмітызм 1948 году, напрыклад, падаюцца зьявамі, насамрэч, аднаго парадку.

Станіслаў Ежы Лец пісаў некалі, што кожны век мае сваё сярэднявечча.

Выглядае, што гэта досыць аптымістычны погляд на гісторыю. Шмат якія рэчы ў сёньняшняй Беларусі прымушаюць сумнявацца ў тым, што на пачатку новага тысячагодзьдзя мы з таго сталінскага сярэднявечча ўжо вырваліся. І размова тут, вядома, ня толькі пра Бабруйск…

P.S.

Дарэчы, тыя, каму падалося, што лічбы ў назьве артыкулу ім штосьці нагадваюць — не памыляюцца. Славуты раман‑антыўтопія «1984» Джорджа Орўэла быў апублікаваны акурат у 1948 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?