Дзіму Ермузевічу з Гомеля 16 гадоў. На сёння яго відэа на YouTube праглядзелі амаль 10 мільёнаў чалавек, сярод беларусаў ён на другім месцы па колькасці падпісчыкаў «УКантакце» пасля Макса Каржа. «Наша Ніва» распытала Дзіму пра папулярнасць і сакрэты яе дасягнення.

«Заўсёды, колькі сябе памятаю, я вельмі любіў здымаць і рэдагаваць відэа, рабіў відэа для сяброў, для школы, – узгадвае Дзіма. А потым я даведаўся пра відэаблогераў і пра YouTube. Тады, недзе ў 2011 годзе, я стаў здымаць для свайго канала».

На самым папулярным відэа Дзімы ён і яго сяброўка Насця задаюць адно аднаму пытанні, а за няправільны адказ разбіваюць яйка аб галаву таму, хто прайграе. На іншых відэа ён дурэе, танчыць, весела распавядае пра сябе, абмяркоўвае кіно…

Самае папулярнае відэа Дзімы:

«Як тады, так і цяпер я здымаю таму, што гэта мне вельмі падабаецца, я люблю рэдагаваць, накладаць на відэа эфекты, музыку. Гэта прыносіць мне асалоду», – тлумачыць Дзіма.

Здымаць відэа з сябрамі яму весялей, чым рабіць відэа пра самога сябе: «Калі мы бачымся з сябрамі, «давайце здымем відэа» стаіць на адным месцы з «давайце паглядзім фільм або сходзім у кавярню», як адзін з варыянтаў вясёлага баўлення часу».

Цяпер на яго канал на Youtube падпісана 200 з лішнім тысяч чалавек. Плюс да таго амаль 100 тысяч на «УКантакце», 91 тысяча у Instagram ды 25 тысяч у Twitter. Асноўная частка яго гледачоў на Youtube — дзяўчаты, іх каля 80%. Астатнія 20% — хлопцы ва ўзросце ад 13 да 18 гадоў.

Яго канал стаў асабліва папулярным каля года таму. «Напэўна, гэта звязана з тым, што, пачынаючы з мінулага года, я стаў больш сур'ёзна ставіцца да відэаблогінгу, значна часцей і болей здымаў, чым раней», – мяркуе Дзіма.

У асноўнай масе яго падпісанты – выпадковыя людзі, якія самі знаходзяць яго відэа. «Гвалтоўна я нікога сябе глядзець не прымушаю, – смяецца ён. — Для мяне каштоўнасць не ў колькасці гледачоў, а ў якасці. Няхай іх будзе менш, але гэта будуць тыя людзі, якім цікава, а не тыя, хто выпадкова паглядзеў відэа ад рассылкі».

Сустрэча з фанатамі ў Мінску:

Да свайго занятку ён не ставіцца як да кар'еры: «Так, ні для каго не сакрэт, што відэаблогінг прыносіць прыбытак. Гэта вельмі крута, але асабіста для мяне ён ніколі не зможа стаць асноўнай працай. Ужо зусім хутка я буду паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову, дзе буду вучыцца на рэжысуру кіно і тэлебачання. Гэта вельмі блізка да майго хобі, чаму я рады, бо хачу ад сваёй працы ў будучыні атрымліваць задавальненне! А вучобу і відэаблог — так, прыйдзецца сумяшчаць».

Дарэчы, Дзіма таксама спявае:

Рабочыя інструменты зоркі Youtube – камера Canon 600D і відэарэдактар Sony Vegas Pro. А рабочыя сакрэты?

«Я не лічу свой кантэнт арыгінальным, такіх як я на Youtube процьма, — прызнаецца ён. — Але мне людзі часта кажуць, што я падымаю настрой, даю пазітыў. Можа, справа ў гэтым. Я не баюся паводзіць сябе перад камерай неяк недарэчна, смешна. Самае галоўнае — быць шчырым, быць самім сабой перад камерай. Чым прасцей сябе паводзіш — тым лепей. Усе любяць лёгкіх людзей. Ну і самаіронія — гэта адно з галоўных якасцей відэаблогера. Без гэтага ніяк, трэба ўмець смяяцца з сябе».

Зараз Дзіма хоча пераехаць у Мінск, вучыцца ў сталіцы. Ён лічыць, што разам з ім будзе мяняцца, сталець і яго відэаблог: «Я не рабіў з сябе персанажа, не выдаю сябе за кагосьці іншага. На Youtube я — гэта я».

Чытайце таксама: Самыя папулярныя беларусы «УКантакце»: хто яны і хто іх чытае

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?