29-гадовы паўабаронца беларускай футбольнай зборнай Ігар Стасевіч 19 студзеня падпісаў кантракт з барысаўскім БАТЭ, адкуль сышоў у ліпені 2010 года.

Тэрмін дзеяння пагаднення прэс-служба БАТЭ, згодна з новай традыцыяй, не называе.

Стасевіч выступаў за барысаўскі клуб у 2002—2010 гадах. Футбалістам галоўнай каманды ён стаў у другой палове сезона-2004.

За час першага барысаўскага адрэзку кар'еры Стасевіч правёў 177 матчаў за асноўны склад, у якіх забіў 15 мячоў і аддаў 37 выніковых перадач (чэмпіянаты Беларусі — 118 / 8+29; Кубак Беларусі — 26 / 3+1; Суперкубак — 1 / 0+0; еўракубкі — 32 / 4+7).

Разам з БАТЭ Стасевіч пяць разоў станавіўся чэмпіёнам краіны (2006—2010), двойчы заваёўваў Кубак (2006, 2010) і адзін раз — Суперкубак (2010). «Ігар — у раду найбольш яркіх прадстаўнікоў таго складу БАТЭ, які здабываў першую пуцёўку ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў, аўтар аднаго з галоў у эпічным дамашнім матчы супраць турынскага «Ювентуса» (2:2)», — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы клуба.

Другую палову сезона-2010 Стасевіч абараняў колеры ніжагародскай «Волгі», пасля чаго вярнуўся на радзіму і выступаў за «Гомель» (2011) і мінскае «Дынама» (2012—2014). За чатыры апошнія чэмпіянаты згуляў 119 матчаў, у якіх забіў 19 мячоў і зарабіў 38 асістэнцкіх балаў. У 2011 і 2014 гадах быў лепшым па колькасці галявых перадач (13 і 12 адпаведна). У 2011 годзе ён разам з «Гомелем» заваяваў Кубак і бронзавыя медалі чэмпіянату. У складзе мінскага «Дынама» станавіўся сярэбраным (2014) і двойчы бронзавым (2012, 2013) прызёрам першынства. Па выніках мінулага сезона прызнаны лепшым футбалістам чэмпіянату.

«Калі шчыра, гэта запрашэнне стала для мяне шмат у чым нечаканым і вельмі прыемным. Хачу падкрэсліць, што пры падпісанні кантракта з БАТЭ фінансавы фактар не меў для мяне першараднага значэння», — заявіў Стасевіч у інтэрв'ю прэс-службе.

«Буду імкнцца стаць лідарам каманды, што не так проста, — сказаў футбаліст. — Тут усе харызматычныя хлопцы, якія прывыклі кожны год заваёўваць залатыя медалі чэмпіянату краіны. Але я гатовы да канкурэнцыі, стаўлю перад сабой задачу правесці сезон-2015 больш паспяхова, чым папярэдні, дапамагчы роднаму клубу дабіцца максімальных вынікаў і на ўнутранай арэне, і ў еўракубках… Мяркуецца, што я прыходжу ў каманду як футбаліст, які павінен стаць лідарам як на полі, так і за яго межамі, служыць прыкладам для моладзі. Пастараюся годна выконваць гэтыя функцыі… Наогул жа я шчасліўчык, бо гуляў у двух вялікіх беларускіх клубах… Рады, што ў каманду вярнуўся Жаўнерчык. Вельмі даўно ведаю Макса, шмат гадоў правялі ў БАТЭ. Здорава будзе зноў выступаць разам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?