Супрацоўніца групы па інфармацыі і камунікацыі РУП "Белтэлекам"паведаміла, што кампанія ня мае дачыненьня да блякаваньня некаторых беларускіх сайтаў. "Мы ня маем дачыненьня да праблемаў з праглядам некаторых незалежных сайтаў", — заявіла Марыя Сталярова. Яна мяркуе, што ў гэтых сайтаў могуць быць праблемы з хостынгам, паведамляе telegraf.by

"Мы ня можам "сьціскаць" канал доступу для сайтаў, якія ня маюць у нас хостынгу”, — заявіла Марыя Сталярова і парэкамнэдавала адміністратарам сайтаў зьвяртацца да правайдэраў наконт узьніклых праблем. Пры гэтым яна дадала, што тэхнічна немагчыма перапыніць доступ да сайтаў.

Нагадаем, што ад раніцы ўскладнены доступ беларускім чытачам да папулярных сайтаў «Хартыя-97», «Радыё Свабода» і «Белорусский партизан» і LJ.

Канал доступу да гэтых рэсурсаў моцна завужаны, таму, хоць выглядае, што сайт даступны й загружаецца, аднак загрузка або спыняецца, або ідзе надзвычай доўга, што робіць атрыманьне інфармацыі цяжкім або немагчымым заняткам.

telegraf.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0