Сёння вечарам, 20 студзеня, пасля цяжкай хваробы на 86-м годзе жыцця памёр доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч.
Пра гэта паведамілі «Нашай Ніве» сябры гісторыка.
Анатоль Пятровіч Грыцкевіч нарадзіўся 31 студзеня 1929 г. у Мінску. У 1950 скончыў Мінскі медыцынскі інстытут, у 1955 — Мінскі інстытут замежных моваў, а ў 1958 — БДУ, нейкі час працаваў доктарам. А з 1959 — у Інстытуце гісторыі АН Беларусі, з 1975 — загадчык кафедры Мінскага інстытута культуры (з 1993 — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры), у 2001—2005 гг. быў прэзідэнтам МГА Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», пасля ганаровым старшынём «Бацькаўшчыны».
Даследаваў гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, гістарыяграфію, рэлігійныя праблемы ў ВКЛ, становішча праваслаўнай, уніяцкай царквы, гісторыю Беларусі 1917—1920 гг., Слуцкі збройны чын.
У 2013 г. выйшла яго кніга «Выбранае» ў «Кнігазборы», а ўвосень 2014-га «Сцягі Оршы», прысвечаная 500-годдзю бітвы пад Оршай.
Каментары