Пяцёра расейцаў затрыманыя ў Францыі па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту, паведамляюць французскія СМІ са спасылкай на пракуратуру.

Фота АФП.

Фота АФП.

Паводле інфармацыі французскіх СМІ, яны былі затрыманыя ў ноч з панядзелка на аўторак у гарадах Без'е і Сан-Жан дэ Ведас ў французскім дэпартаменце Эро, размешчаным недалёка ад міжземнаморскага ўзбярэжжа.

Мясцовы пракурор Івон Кальвэ паведаміў, што мінулай ноччу паліцыя правяла некалькі рэйдаў у Без'е і размешчаным побач з Сан-Жан дэ Ведас горадзе Манпелье.

Пракуратура паведамляе, што падчас ператрусу ў затрыманых канфіскаваныя нейкія прадметы, аднак падрабязнасцяў няма.

«У дадзены момант не ўстаноўлена, ці сапраўды затрыманыя мелі намер ажыццявіць напад, — падкрэсліў пракурор. — Расследаванне яшчэ толькі пачата — магчыма, будуць і іншыя затрыманні».

Газета Midi Libre паведамляе, што ў панядзелак увечары ў Без'е быў знойдзены склад выбуховых рэчываў. На месца неадкладна былі высланы паліцэйскія і пажарныя на выпадак выбуху, неўзабаве былі праведзены затрыманні.

Паведамляецца таксама, што за адным з арыштаваных ужо некаторы час назіралі сілы правапарадку. Яго імя фігуравала ў справе аб выбуху ў Манпелье 12 лістапада 2008 года, у выніку якога атрымалі раненні шэсць чалавек.

Пасольства Расіі ў Парыжы заявіла, што пакуль не мае інфармацыі аб затрыманні расейцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?