Манастыры і храмы цяпер абавязаны атрымліваць спецыяльнае благаславенне на адкрыццё царкоўных крам і выкарыстанне скрыняў для ахвяраванняў за межамі сваёй тэрыторыі. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 20 студзеня ў Мінску паведаміў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.

Паводле яго слоў, гэта зроблена для ўпарадкавання вядзення спраў у храмах і манастырах, а таксама для барацьбы з махлярамі, якія збіраюць ахвяраванні пад выглядам прадстаўнікоў царквы. «Вельмі часта здараюцца такія эпізоды, калі пад выглядам збору ахвяраванняў на храм гэтыя скарбонкі выкарыстоўваюць людзі зусім нецаркоўныя», — патлумачыў мітрапаліт Павел.

Цяпер любы грамадзянін можа папрасіць для азнаямлення ў царкоўнай краме або ў прадстаўніка храма, які збірае ахвяраванні, выдадзены БПЦ сертыфікат-благаславенне. «Калі вы пройдзеце і паглядзіце, то можаце знайсці тых людзей, якія часам нават апранаюць падраснікі, скуф'ю, бяруць таблічкі, што яны збіраюць ахвяраванне для храма, але на самой справе гэта няпраўда», — адзначыў патрыяршы экзарх.

Прадстаяцель БПЦ таксама звярнуў увагу на тое, што царкоўныя крамы павінны прадаваць толькі ліцэнзаваны і сертыфікаваны тавар. Акрамя таго, паводле яго слоў, царкоўныя крамы не павінны прадаваць святую ваду. «Гэта нонсенс. Калі вы сапраўды хочаце людзям дапамагчы, то вы ім прапануйце. Калі толькі я даведаюся, што хтосьці прадае святую ваду, то буду іх караць», — сказаў Павел, дадаўшы, што святую ваду можна раздаваць у крамах за добраахвотныя ахвяраванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?