Тацяна Барысік

Гэта быў вечар напярэдадні школьнага Навагодняга ранішніку. Як звычайна, я распаліла ў грубцы і, замест таго каб легчы адпачыць, пачала праглядаць сцэнар заўтрашняга сьвята. Трашчалі паляніцы, застылая за дзень халупа паціху награвалася. Чытанка на суботны вечар — апавяданьне Тацяны Барысік.

Я амаль беспасьпяхова змагалася з жаданьнем паспаць і ў чарговы раз шкадавала пра тое, што праз тры дні Новы год, а ня Радаўніца. Радаўніца зрабілася маім улюбёным сьвятам з тае пары, калі мяне, як кажуць настаўнікі, «дагрузілі» паловай стаўкі арганізатара.

На Радаўніцу з радзінай стрэнесься, на могілках пасядзіш, чарку вып’еш — вось і ўсё. Аніякага клопату! Ня трэба пісаць сцэнараў, шукаць магнітафон, пільна сачыць, каб ён ня змоўк у самы адказны момант. Ня трэба баяцца, што імпрэзу не ўпадабае дырэктар школы і цябе пазбавяць прэміі.

Леташняя Елка выйшла ня надта відовішчнай. Дырэктар папракаў за гэта ранейшага арганізатара ажно да Першамаю.

Хаця б цяперака ўсё прайшло гладка. Сцэнар сьвята я напісала па‑беларуску. Школа была зь беларускай мовай навучаньня, пазаклясныя імпрэзы я ладзіла таксама на роднай мове. Усе прызвычаіліся.

Беларуская Елка вялікім дзівам ня сталася. Калегі падтрымлівалі, вучні навыперадкі прасіліся ўдзельнічаць.

Знайшлі і Сьнягурку, і злодзеяў, і карагоды павывучвалі.

Толькі вось Дзеда Мароза не было. Сёлета ніхто зь нешматлікіх хлопцаў‑старшаклясьнікаў на гэтую ролю не пагадзіўся. Хто баіцца, хто словаў ня можа запомніць. Сядзець пад елкаю і падказваць — значыць ізноў раззлаваць дырэктара.

Тады Дзедам Марозам прапанавалі абраць мяне. Я згадзілася. Чорт яго бяры, іншага выйсьця ўсё адно няма. Спакайней будзе. Урэшце, жанчына ў ролі Дзеда Мароза, яшчэ з часоў майго дзяцінства — шараговая зьява, куды больш звыклая, чым Елка па‑беларуску ў беларускай школе.

Гадзіньнік паказваў сем гадзінаў — час ісьці па малако. Я хуценька прабегла вачыма словы Дзеда Мароза і пачала апранацца.

У суседзяў за сьцяною ізноў усчалася сварка.

— Колькі можна есьці! Усё жарэш і жарэш! Трэба ж меру знаць! — раўла баба Сямёніха.

— І тут не ўгадзіў! Ага, я ж навалач, а вы тутэйшыя, — не саступаў яе разьюшаны зяць Вова на мянушку Малдаван.

Я ня стала слухаць працягу, узяла торбу і выбегла на вуліцу.

Ліхтары не гарэлі. Добра, сьнег выпаў, а то хоць вока выкалі.

На паўдарозе, непадалёк ад крамы, я заўважыла старую. Трымаючыся за плот, яна паўзла па сьнезе. Сівыя валасы распатлаліся, рукі імкнуліся ўхапіцца за штыкеціну.

З усяго відаць — кепска чалавеку. Я падбегла бліжэй і аслупянела: старая была абутая толькі ў адзін бот, а другая нага босая, нават без панчохі. Белы сьняжок навокал!

— Дзе вашая хата?

Бабка спрабавала нешта патлумачыць, але язык ня слухаўся. Толькі страшэнна патыхала перагарам, набралася як бэля. Гукамі і жэстамі яна ўсё‑такі паказала кірунак хады. Я пагрузіла бабку на ганак роднай хаты, адчыніла дзьверы ў сенцы і рушыла далей.

Малако я купляла ў Мацюшэўскіх, што жылі ў доме з экзатычнай мянушкай — ЛТП.

Калісьці тут сапраўды месьцілася ЛТП. Пасьля ўстанову зачынілі, кватэры раздалі людзям.

Дом меў два паверхі і два пад’езды і быў збудаваны на балоце. Адсюль неверагодная вільгаць на першым паверсе, зьедзеныя грыбком, аж чорныя, рамы на вокнах, камар’ё ў трубах да зімы вядзецца.

Якраз у такой кватэры і пашчасьціла жыць Мацюшэўскім. Гаспадыні — Ніны — дома не было, даіла карову. Яе сям’я ў поўным складзе глядзела тэлевізар. Паказвалі КВК, выступ студэнцкіх камандаў. Нейкі лысаваты дзядзька, з выгляду 20 гадоў як не студэнт, лётаў па сцэне і мармытаў жарт, які аскомы нагнаў:

— Лінолеюм, міленіюм!

Маладым надакучыла, старэйшыя не разумелі.

— У гэтага пердзела старога мусі ўнукі ўжо ёсьць, а ён усё маладым прыкідваецца, — пачуўся голас гаспадара, Сяргея Мацюшэўскага.

— Няхай бы лепш унукаў гадаваў, чым дзяцініўся, — падтрымала бацьку дачка Іра.

Вось праз такіх зьдзяцінелых дзядзькоў Дзед Мароз ператварыўся ў жанчыну, — падумалася мне.

— Гэты бязьмен тут выдурняецца, а Дзеда Мароза даводзіцца граць дваццацідвухгадовым дзяўчатам.

У кватэру ўвалілася Ніна з даёнкаю і, не павітаўшыся, адразу пацікавілася ў мяне:

— Ты Аньку з другога пад’езду ведала?

— А што такое? — зь цяжкасьцю прыгадала я худзенькую, нязграбную постаць у зялёным палітоне.

За няпоўны год, што працую ў местачковай школе, шчэ не пасьпела ўсіх павывучваць.

— Сёньня хавалі. У хляве павесілася… Нібыта нармальная жэншчына, дарослых дзяцей двое, — працягвала Ніна.

— Нашая Сьветка казала, што яна са сваім кавалерам нейкім пасварылася. А Кур’янчыкава нявестка бачыла, як яна плакала, калі ехалі ў машыне на працу, — уступіла ў гаворку Іра.

— Дурная баба, — буркнуў з кута Сяргей.

На адваротным шляху я сапраўды ўбачыла сьвежыя яловыя лапкі каля ганку ЛТП. Дзіўна, чаму не заўважыла адразу. Што й казаць — перадсьвяточны вечар! Лепей бы Радаўніца…

А назаўтра, нечакана для мяне самой, усё склалася інакш.

Калі б папрасілі ўзнавіць хроніку сьвята цалкам, я б, пэўна, ня здолела. Памяць захавала самыя яркія моманты, падобныя да ўспышкі фотаапарату, да мільгаценьня агеньчыкаў за шклом вечаровага аўтобуса.

Памятаю ўбраную Елку, паўнюткае фае местачкоўцаў — дзяцей і дарослых. Зайграла песьня:

— Прыйдзе зіма, і сьнежань лісьце заваліць сьнегам…

Выбеглі старшаклясьнікі ў карнавальных касьцюмах. Маленькія ў карагод пайшлі. Цудоўна! Чым больш карагодаў, тым мацней адчуваньне сьвята ў дзяцей — сьцьвярджала нашая завуч.

Я ўпотайкі назіраю за ранішнікам праз шчыліну ў дзьвярах кабінэту фізыкі і хвалююся. Пакуль усё добра.

Вучні малайцы, словаў ня блытаюць. І магнітафон малайчынка — шчэ ні разу ня змоўк. Дырэктар, задаволены, усьміхаецца. Там, у фае, Сьнягурка абвяшчае: «Злодзеі скралі мех з падарункамі ў Дзеда Мароза».

— Дзед Мароз! Дзед Мароз!

Усё, мой выхад.

    — Я ішоў да вас з Усходу,
    Ды з паўночнай стараны,
    У Ляпляндыі далёкай,
    Дзеткі, ўчора еў бліны!

А футра ў Дзеда Мароза аказваецца лёгкае, як сукенка. Дарэчы, я ўсё жыцьцё спачувала яму: даводзіцца парыцца і так у гарачай залі.

Ізноў карагод. Запальваюцца на Елцы агеньчыкі. А цяпер чытаньне вершыкаў. Нешта накшталт:

    Что растёт на ёлке?
    Шишки и иголки.

І так разоў пятнаццаць. Атрымаць падарунак ад дзядулі хоча кожнае дзіця. Усё нагадвае Елку ў сельскай мясцовасьці ў канцы пяцідзясятых.

І раптам — Максім Багдановіч. «Пагоня».

Ля елкі стаяла вучаніца пятай клясы Наташа. Яна таксама падрыхтавала верш для Дзеда Мароза.

Заля сьцішылася. Падабенства з ранішнікам канца пяцідзясятых імгненна зьнікла:

    Толькі ў сэрцы трывожным пачую
    За краіну радзімую жах, —
    Ўспомню Вострую Браму сьвятую
    І ваякаў на грозных канях…

Ад узрушэньня я шчэ мацней рукой сьціснула дзед‑марозаўскі кій, змайстраваны з дрэўка піянэрскага сьцяга.

Адразу кудысьці адышлі падзеі ўчарашняга вечару: п’яная разутая бабка, ЛТП, Вова Малдаван, зьдзяцінелы кавээншчык…

    Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
    Срэбнай збруяй далёка грымяць…
    Старадаўняй Літоўскай Пагоні
    Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць…

Вось дык Наташа! Не паленавалася, знайшла і вывучыла. Упершыню за гэтыя два тыдні я не пашкадавала, што хутка Новы год, а ня Радаўніца. Я была перакананая — падарункі робіць Дзед Мароз, а выйшла — наадварот. Сьвята і мой дэбют прызналі выдатнымі, нават на ролю Дзеда Мароза ў мясцовы ДК запрасілі.

У жыцьці мястэчка, на жаль, асабліва нічога не зьмянілася.

Сьвежыя хвойкі на сьнезе шчэ не зьляжаліся. Надышоў яшчэ адзін вечар. Вуліцы безь ліхтароў, ЛТП, бязглуздыя жарты па тэлевізары, нават Воўка Малдаван зь цешчаю, здаецца, сварыўся. Ды я іх ня чула, сышоў адчай з душы, у сэрцы гучаў звонкі дзіцячы голас: «Максім Багдановіч. «Пагоня».

Творы Тацяны Барысік на сайце:
NfwzМаленства пад горку кацілася
Рукі прэч ад нашай хаты
Табу на Беларусь

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0