У зваротах адзначаецца, што «падрыхтоўка да юбілею і яго святкаванне павінны стаць падмуркам яднання розных рухаў, партый, згуртаванняў, арганізацый, усіх грамадзян незалежна ад палітычнай арыентацыі на грунце прызнання прыярытэтамі дзяржаўнага будаўніцтва нацыятворных пытанняў мовы, гістарычна сцверджанай сімволікі, свабоды і дэмакратыі».
Аргкамітэт звярнуўся «да органаў улады краіны з прапановай абвясціць 2008 год — Годам беларускай дзяржаўнасці».
У накіраваных зваротах да Нацыянальнага Сходу і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь выкладзеныя наступныя прапановы:
1. Надаць 2008 году афіцыйны статус Года беларускай дзяржаўнасці.
2. Абвясціць 25 сакавіка дзяржаўным святам.
3. Даць афіцыйны дазвол на ўсталяванне памятных знакаў на будынку тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, дзе праходзіў Першы Усебеларускі кангрэс (1917 г.), і будынку, дзе была абвешчана незалежнасць БНР (Мінск, вул. Валадарскага, 9).
4. Вярнуць у заканадаўчае поле і легальны грамадскі ўжытак нацыянальную гістарычную сімволіку і атрыбутыку, якія ў БНР мелі дзяржаўны статус.
5. Міністэрствам культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь рэкамендаваць іх падведамасным установам правесці цягам году тэматычныя заняткі, лекторыі, конкурсы, прысвечаныя Году беларускай дзяржаўнасці.
6. Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь аказаць дапамогу выдавецтвам у выданні навукова‑публіцыстычных і мастацкіх твораў, прысвечаных гісторыі БНР і яе дзеячам.
7. Гарадскім і раённым адміністрацыям садзейнічаць у правядзенні ўрачыстых сходаў і юбілейных канцэртаў 25 сакавіка 2008 г.
У звароце да беларускага народу Агульнанацыянальны аргкамітэт заклікае «ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь прыняць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і святкаванні 90‑х угодкаў БНР. Кожная беларуская сям’я — гэта цаглінка ў гмах беларускай дзяржаўнасці, гэта паўнапраўны чыннік і творца яе сучаснай гісторыі».
***
Да моманту стварэння прэс‑цэнтра Агульнанацыянальнага аргкамітэту па святкаванні 90‑х угодкаў БНР з пытаннямі і прапановамі звяртайцеся: [email protected], [email protected], (029) 632‑00‑92 (Алена Макоўская), (029) 625‑83‑78 (Ніна Шыдлоўская).





