Беларусаў не трэба вучыць фінансавай граматнасці. Адчуўшы ў паветры подых дэвальвацыі, за снежань 2014 года насельніцтва скупіла наяўнай і безнаяўнай валюты на $902 мільёны на чыстай аснове (гэта розніца між купляй і продажам).

Адкуль узяліся гэтыя грошы? Перадусім з рублёвых укладаў. За месяц з тэрміновых дэпазітаў і ўкладаў да запатрабавання было вынесена больш за 6,1 трыльёна рублёў. Гэта каля $550 мільёнаў у эквіваленце.

Такім чынам, у беларусаў на руках апынуліся вялікія аб’ёмы грошай. Куды людзі іх панеслі? Дакладна не ў банкі. Валютныя дэпазіты за снежань прыраслі ўсяго на $50 мільёнаў, і тое большасць ад гэтай сумы — капіталізацыя працэнтаў па ранейшых укладах.

Грошы засталіся на руках, і перад беларусамі, якія ўратавалі свае ашчаджэнні ад дэвальвацыі, стаіць вострае пытанне: як яшчэ і атрымаць з іх прыбытак?

Улічым, што ў кішэні ёсць тысяча даляраў ці адпаведнік у рублях — 15 мільёнаў. Куды іх можна ўкласці і які даход гэта дасць? Паколькі прадказаць далейшае разгортванне падзей складана, будзем класці грошы на тры месяцы.

Рублёвыя дэпазіты

Адразу пасля ўвядзення валютнай камісіі стаўкі па тэрміновых рублёвых дэпазітах падскочылі да 50% гадавых, потым Нацбанк парэкамендаваў банкам абмежаваць іх.

Аднак стаўкі па­-ранейшаму высокія.

Напрыклад, «Ідэя Банк» (дэпазіт — «Патройны бонус») прымае грошы пад 49% гадавых, і з кожным месяцам стаўка вырастае на 1,5%. Але ці не з’есць даходы дэвальвацыя? Рублёвы ўклад апраўдае сябе, калі курс даляра за наступныя тры месяцы вырасце не больш чым на 10%.

Антыдэвальвацыйныя дэпазіты

Для тых, хто застаўся з беларускімі рублямі на руках, але больш не верыць у трываласць нацыянальнай валюты, ёсць так званыя «антыдэвальвацыйныя ўклады». Даходнасць у іх разлічваецца па наступнай схеме. Ёсць асноўная стаўка — 10—­15% гадавых, — а таксама дадатковая. Яна залежыць ад таго, наколькі вырасце афіцыйны курс даляра.

Напрыклад, калі праз год курс складзе 25 000 рублёў (вырасце амаль на 70%), то і стаўка даходнасці складзе больш за 80%. Але калі курс замарозіцца, то кліент застанецца з асноўнымі 10—15%, і не больш за тое (глядзі табліцу).

Прыбытковасць дэпазіта «Гарант» («Беларусбанк») у залежнасці ад афіцыйнага курса даляра 21.01.2016*

 

Гэты тып дэпазітаў стаў асабліва папулярным пасля ўвядзення валютнай камісіі і з’яўлення некалькіх курсаў. Тады існавала вельмі выгадная формула: «стаўка дэвальвацыі, памножаная на 4 + бонус 10%». Тыя, хто тады адчуў сітуацыю і аднёс грошы ў банк, цяпер трымаюць свае рублі больш чым пад 150% гадавых!

У выніку банкі тэрмінова змянілі ўмовы па новых кантрактах — цяпер грошы можна пакласці толькі на год. А максімальную стаўку абмежавалі.

Валютныя дэпазіты

У гэтым сегменце стаўкі таксама выраслі, яны дасягаюць 6,5%. Паклаўшы ў банк «БелВЭБ» (дэпазіт «Скарбонка») сваю тысячу даляраў, праз тры месяцы можна атрымаць $1016. Такая самая стаўка ў «Беларускага народнага банка» (дэпазіт «Тое, што трэба»).

Паводле закона, Беларусь гарантуе поўнае вяртанне ўкладаў, але калі ўсе кліенты раптам папросяць свае грошы назад, не вытрымае ніякая банкаўская сістэма.

Уключыць станок і надрукаваць патрэбную колькасць рублёў не стане праблемай, а вось валюты можа ўсім не хапіць.

Валютныя актывы банкаў могуць толькі на траціну кампенсаваць дэпазіты. Што гэта значыць? Пры форс­мажорнай сітуацыі дэфолту свае грошы паспее вярнуць толькі траціна ўкладчыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?