Праваахоўнiкамi арыштаваны былы дырэктар сталiчнага фiлiяла аднаго з банкаў, а з яго намеснiка ўзята падпiска аб нявыездзе.

Як паведамiла карэспандэнту «Звязды» оперупаўнаважаны па асаблiва важных справах УБЭЗ МУС Веранiка Пасмецьева, у дачыненнi да гэтых асобаў узбуджана крымiнальная справа. Як мяркуецца, банкiры злоўжылi службовым становiшчам: яны выдалi два крэдыты двум лiзiнгавым прадпрыемствам агульнай сумай звыш 2 мiльярдаў рублёў, хоць ведалi аб наяўнасцi няпоўнага пакета дакументаў, якiя былi неабходны для выдачы крэдыту, i мелi адмоўнае заключэнне службы бяспекi банка.

Мiж iншым, камерцыйным лiзiнгавым прадпрыемствам крэдыт быў неабходны для закупкi панчошна‑шкарпэтачнага абсталявання ў адной з фермерскiх гаспадарак, якая раней прадала iм гэтае абсталяванне, што было ў спажываннi, а пасля атрымання крэдыту ўзяло ў прадпрыемства гэтае ж абсталяванне ў лiзiнг (арэнду).

Згодна з крымiнальным заканадаўствам, за ўчыненае злачынства адказным асобам пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi ад 3 да 10 гадоў з канфiскацыяй маёмасцi.

Ігар Грышын, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0