![]() |
Гістарычнае ўзыходжаньне на 8850‑мэтровы пік ён зьдзейсьніў з шэрпам Тэнзінгам Норгаем 29 траўня 1953 г. З таго часу альпініст прысьвяціў сябе паляпшэньню жыцьця шэрпаў у нэпальскім раёне Кхумбу, дзякуючы чаму ў 2003 г. стаў ганаровым грамадзянінам гэтай краіны.
Здароўе сэра Эдмунда, мяркуючы паводле некаторых паведамленьняў, пастаянна пагаршалася з красавіка мінулага году, калі ён падчас чарговай паездкі ў Нэпал раптам адчуў сябе кепска.
«Тыповы ківі»
Ён нарадзіўся 19 ліпеня 1919 г. у новазэляндзкім Оклендзе. У гады Другой сусьветнай служыў ваенным лётчыкам, а потым заваяваў вядомасьць як альпініст і гляцыоляг. У 1980‑ыя быў таксама паслом Новай Зэляндыі ў Індыі.
![]() Хілары і Норгай |
Аб’яўляючы пра сьмерць падарожніка, прэм’ер‑міністар Новай Зэляндыі Хелен Кларк назвала яго «героем, які ня проста пакарыў Эвэрэст, але пражыў жыцьцё, напоўненай ідэяй, сьціпласьцю і шчодрасьцю».
«Легендарны альпініст, шукальнік прыгодаў і філянтроп — самы вядомы новазэляндзец з усіх, што жылі дагэтыль, ‑‑ сказала прэм’ер‑міністар. — У першую чаргу ён быў тыповы ківі».
Ківі — птушка, што ня лётае і жыве толькі ў Новай Зэляндыі, і жыхары гэтай краіны нярэдка сябе называюць гэтым словам.
«Ён быў нашым ва ўсім: ад ягонай грубаватай зьнешнасьці да ляканічнасьці, ад яго простасьці да шчырасьці. Усе новазэляндцы будуць глыбока спачуваць», — сказала Хелен Кларк.





