Бярозавы сок з Беларусі карыстаецца вялікім поспехам за мяжою, а ўпакоўка бярозавіку на інтэрнэт-пляцоўцы Amazon.com каштуе $41,88.

Замежныя гурманы на хвалі прагі да новых прадуктаў адкрываюць новыя смакі. У заходніх краінах яшчэ да нядаўняга часу была папулярная какосавая вада, пра яе перавагі і карысныя якасці не стамляліся распавядаць кіназоркі і мадэлі. Але нават і на яе мода праходзіць — прынамсі, гэтак сцвярджаюць журналісты, якія пішуць пра здаровы лад жыцця.

Брытанскі штодзёньнік Daily Mail раіць і ўвогуле забыць пра какосавую ваду, бо «ў 2015-м усе будуць шалець па бярозавіку, які лечыць захворваньні вантробаў, грып, галаўныя болі і нават пазбаўляе ад цэлюліту».

У выданьні Huffington Post бярозавы сок назвалі ключом да вырашэння «праблем са здароўем і прыгажосьцю» і новым напоем году.

Днямі ў лонданскай газеце London Evening Standard зявіўся яшчэ адзін артыкул пра бярозавы сок. Адзначаюць, што ён нарабіў немалога шуму сярод такіх фігур, як Гвінет Пэлтроў. У артыкуле пішуць, што бярозавы сок заваёўвае паліцы Вялікабрытаніі, а брэнд Byarozavik з Беларусі, які прадаецца на Amazon. com, называюць і ўвогуле адным з «найбуйнейшых брэндаў у ЗША» ў сваім сегменце.

«Бярозавік» робяць на Мінскім заводзе безалкагольных напояў.

«Унікальны дар беларускай прыроды» — гэтак яго рэклямуюць вытворцы.

Кіраўнік аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці Міхаіл Сінічэнкаў распавёў, што цяпер на беларускі бярозавы сок найбольшы попыт — з боку ЗША і Аўстрыі. Пра аб’ёмы паставак Сінічэнкаў казаць ня стаў, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу. Але кажа, што на найбуйнейшай амэрыканскай інтэрнэт-пляцоўцы Amazon.com беларускі сок зявіўся яшчэ два гады таму: «У нас былі кантакты з амерыканскай кампаніяй па іншых пытаннях. І ў працэсе ўзаемадзеяння з’явіўся інтарэс да нашай прадукцыі. То бок ідуць закупы на амерыканскую кампанію, якая далей гэтым займаецца».

У ЗША і Аўстрыю сталічны завод экспартуе гэтак званы «арганік» — экалягічна чысты прадукт.

Зацікаўленасць з боку іншых краін на Мінскім заводзе безалкагольных напояў тлумачаць попытам, які існуе на Захадзе на карыснае і здаровае харчаванне.

Бярозавік прадаюць у Беларусі ды экспартуюць у Расію. Нядаўна, як распавёў Сінічэнкаў, паставілі і ў Туркмэністан, дзе гэтаксама «ёсьць пэўны інтарэс» да беларускага соку.

«Апранулі» ж бярозавы сок у цяперашнія пакункі дызайнеры з брэндынгавага агенцтва ў Мінску «Folio-Art». Валянцін Латушкін, які непасрэдна і распрацаваў дызайн, кажа, што ўпакоўка змянілася, калі сок трапіў на амерыканскі рынак: «Для іх літр — гэта шмат. Яны ня п’юць такімі аб’ёмамі. Таму мы перараблялі нашы літровыя бутэлькі на паўлітровыя.

Усе цікавыя графічныя рашэнні — тыя ж рысачкі, быццам на ствале бярозы, якія пераходзяць у штрых-код, ці божая кароўка, — лепш глядзеліся на літровай бутэльцы.

Паводле Валянціна Латушкіна, поспех прадукту залежыць нават не ад дызайну і ўпакоўкі, а перадусім ад беларускіх вытворцаў і той працы, якую яны ўкладваюць у прасоўванне брэнду на замежны рынак.

Дызайн «Бярозавіку» ў 2011 годзе заняў першае месца ў катэгорыі «Этыкетка і ўпакоўка» на фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?