Перыядычнае навязванне некаторымі заходнімі дзяржавамі «правільнага» стаўлення да гамасэксуалізму тым краінам, у якіх прынята негатыўна ставіцца да аднаполых сэксуальных стасункаў, з'яўляецца формай ідэалагічнай каланізацыі, падобнай да працы нацыстоўскай прапагандысцкай машыны, сказаў Папа Францішак на гэтым тыдні ў інтэрв'ю каталіцкаму часопісу America.

Вучэнне Каталіцкага Касцёла патрабуе з павагай і любоўю ставіцца да ўсіх людзей, незалежна ад іх грахоў, але адназначна называе аднаполыя сэксуальныя стасункі недапушчальнымі.

Калі журналіст папрасіў пантыфіка растлумачыць фразу «ідэалагічная каланізацыя», Папа прывёў у прыклад падзеі 1995 года, калі, па ягоным словам, школам у адным з бедных рэгіёнаў Аргенціны адмаўлялі ў фінансаванні, пакуль яны адмаўляліся ад падручнікаў па «гендарнай тэорыі».

«Вось што такое ідэалагічная каланізацыя. Яны навязваюць цэлым грамадствам ідэі, якія падзеляюць толькі пэўныя групы асобаў… Гэта не нешта новае, дыктатары мінулага стагоддзя рабілі тое ж самае. Яны прыходзілі са сваёй асабістай дактрынай. Згадайце Балілу (італьянская фашысцкая арганізацыя моладзі пры Мусаліні) ці Гітлерюгенд», — сказаў Папа.

Хоць ён не згадаў канкрэтна ціск на тыя ці іншыя краіны з патрабаваннямі ўводу так званых «аднаполых шлюбаў», Папа яўна меў на ўвазе такія з'явы: «Падчас Сіноду афрыканскія біскупы скардзіліся на гэта: пазыкі на пэўных умовах».

У фінальным дакуменце Сінода каталіцкіх біскупаў, які прайшоў гэтай восенню, адзначалася, што абсалютна непрымальная сітуацыя, пры якой «аказваецца ціск на пастыраў Касцёла з боку міжнародных арганізацый, якія ставяць умовай атрымання дарамогі беднымі краінамі ўвод «шлюбаў» паміж асобамі аднаго полу», піша сайт lifesitenews.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?