Нядаўна, працягваючы разбіраць рукапісы Васіля (а іх аказаліся цэлыя горы), ягоны родны брат пісьменнік Мікола Гроднеў, прозвішча якога розніцца ад братава з‑за памылковага запісу ў пашпарце няўважнага грамацея, натыкнуўся на таўшчэзны стос лісткоў у адной звязцы. На першым лістку выведзена: «ВОЛЬНАМУ — ВОЛЯ. Раман». Заглыбіўшыся ў чытанне нечаканай знаходкі, Мікола Пятровіч зразумеў: адной кнігай, падрыхтаванай да друку ў памяць любімага брата, не абысціся. Гэта ж трэба — нават ад яго трымаў малодшы ў сакрэце такую грунтоўную працу, якую, пэўна, лічыў яшчэ недаробленай на ўсе сто і якую, канечне ж, потым прадставіў бы на суд свайму першаму чытачу, строгаму крытыку і дарадцу — старэйшаму брату. Прачытаныя старонкі давалі адчуць: тут — самае запаветнае, чым жыла і гарэла Васілёва душа. Прага чалавечнасці ў чалавеку, памкненне бачыць яго вартым лепшага ў самім сабе, узнятым над безданню ўласных і чужых памылак, страхаў і грахоў. Адроджаным да новага жыцця на разняволенай роднай зямлі…

Той, каму пашчасціла ў свой час (на вялікую бяду, больш як два гады Васіля Пятровіча Гроднікава ўжо няма сярод нас) знаёміцца на старонках «Народнай волі» з яго публікацыямі, скажа: дык гэта ж галоўная, скразная лінія ягонай творчасці!

Так, галоўная, і не толькі творчасці, а і самога жыцця. Усё, што ён пісаў ці толькі збіраўся напісаць, было перажыта, выпакутавана ім самім на жыццёвых пуцявінах, зусім не ўсыпаных пялёсткамі ружаў. Мікола Пятровіч Гроднеў згадвае даўнюю, ды не забытую праз гады карціну: яны з малодшым Васілём брыдуць, узяўшыся за рукі, у зрэб’і — галодныя, знясіленыя — вясковым прасёлкам ад роднай Старой Алешні на Рагачоўшчыне ў невядомы свет. За іх спінай — раскіданае сямейнае гняздо «ворагаў народа», працавітых, адданых зямлі бацькоў, сагнаных з яе і аб’яўленых «кулакамі». І толькі неверагодная сялянская ўпартасць, загартоўка ў змаганні з цяжарам быцця і ўменне трымацца за рукі дазволілі абодвум выжыць і знайсці сябе ў гэтым свеце, рэалізаваць свой прыроджаны дар — дар слова. Старэйшы стаў вядомым пісьменнікам, малодшы — бліскучым журналістам, які — можа так стацца — будзе па справядлівасці занесены ў пісьменніцкія шэрагі.

Ён шукаў сябе, сваю сцяжыну ў абранай сэрцам справе. Працаваў пасля флоцкай службы і заканчэння БДУ ў рэспубліканскім перыядычным друку, на кінастудыі «Беларусьфільм» і тэлебачанні, выдаў у часопісе «Маладосць» аповесць «Папараць квітнее на досвітку» пра выдатнага разведчыка‑беларуса Дзенісенку. Але напоўніцу раскрыліў свой талент з канца 1990‑х, калі стаў друкаваць у «Народнай волі» нарысы, публіцыстычныя артыкулы, эсэ, апавяданні. Вось калі Васілёва слова набыла вольнае дыханне: аўтар атрымаў магчымасць пісаць тое, што ірвалася з душы і кранала чытача пякучай праўдай, што смыліць кожнаму, хто не развітаўся з сумленнем, неабыякавасцю, здольнасцю думаць і перажываць.

Па‑сялянску ўпарта, настойліва і неадчэпна дакопваўся Васіль Гроднікаў да каранёў нашых бед і напасцяў, па‑мастацку асэнсоўваючы ўласныя назіранні за навакольнай паўсядзённасцю, побытам сённяшніх гараджан і вяскоўцаў. Трывожны роздум аб людскіх лёсах, будучыні Бацькаўшчыны прымушаў яго ўзірацца ў тоўшчу вякоў, каб зразумець, знайсці адказ на балючыя, істотнейшыя пытанні: куды дзем? Што будзе заўтра з намі, нашай зямлёй, пакінутай нам у спадчыну неацэнным — і нярэдка неацэненым — дарам. Гэтыя пытанні не давалі яму спакою, паўставалі ва ўсёй няўмольнасці зноўку і зноўку. «Часам не верыш гісторыкам, — спавядаўся ён у шчымлівым эсэ «Галасы крыжоў» аб трагічных працэсах памірання і вымірання беларускай вёскі, маральнай дэградацыі яе насельнікаў, — што некалі на гэтай зямлі жылі гордыя ды заможныя, нязломныя, адчайныя людзі, што не ведалі страху, не гнуліся і дзяцей сваіх выхоўвалі на лепшых прыкладах слынных продкаў». Не мог змірыцца, што запалоханыя, бяспраўныя вяскоўцы ў путах калгаснай сістэмы пры яе «татальным кантролі за ціхім і памяркоўным мужыком, надзейным электаратам улады» ўсё больш грузнуць у твані бяздзейнасці і безнадзейнасці, пакоры лёсу, патанаюць у алкагольным дурмане, не чуюць галасоў крыжоў, пад якімі ляжаць мужныя продкі. «Пэўне, адбылася нейкая мутацыя генаў, — разважае Васіль Пятровіч. — Быццам нехта падмяніў людзей: касінераў — на палахліўцаў, жылістых і працавітых — на хілых і лайдакаватых, дбайных — на прапойцаў, паўстанцаў за зямлю і волю — на здраднікаў і наймітаў акупацыйных рэжымаў».

Якую ж трэба мець мастакоўскую і грамадзянскую мужнасць, каб казаць суровую, горкую праўду‑папрок проста ў вочы людзям, якіх любіў, якім спачуваў усім сэрцам і зычыў дабра, як і ўсёй сваёй Бацькаўшчыне!

Вёску ён, сялянскі сын, ведаў і адчуваў усёй істотай, як мала хто іншы з сённяшняй пішучай браціі. Ведаў яе балявыя кропкі, умеў глыбока зазірнуць у душу простага, нічым быццам не прыкметнага вяскоўца і ўбачыць нават тое, на што не зважае сам уладар гэтай душы. Умеў праз жывыя, даходлівыя, пераканаўча выпісаныя характары і дэталі надзвычай цікава падаць глыбінную праблему, бо ў асобе аўтара шчасліва спалучаўся вучоны‑даследчык, глыбокі філосаф і мастак слова.

Ва ўсім ён ішоў ад жыцця, бо вывучаў яго не камандзіровачнымі наездамі‑наскокамі, а знутры, несупынна. Пісаў пра вёску — дык сам апошнюю частку жыцця быў вяскоўцам, кінуўшы тлумную сталіцу. Таму так вабяць яго творы, што ў іх, пры ўсёй узважанасці і прадуманасці, пануе непрыдуманасць калізій, тэм, вобразаў, што самі просяцца на паперу.

Вось адно з пераканаўчых сведчанняў папулярнасці выступаў Васіля Гроднікава ў «Народнай волі», якое знаходзім у артыкуле «Васіль Гроднікаў» у нядаўна выдадзенай кнізе Уладзіміра Арлова «ІМЁНЫ СВАБОДЫ»: «Ягоныя публікацыі абмяркоўваліся ў курылках і тралейбусах. Аднойчы я сам быў сведкам і ўдзельнікам такой дыскусіі і з гэтай прычыны праехаў некалькі лішніх прыпынкаў. Артыкул называўся «Аброць на Беларусь, або Пра што мы гаварылі з прэзідэнтам у маёй хаце з вока на вока».

Зразумела, размовы той, як і ўсёй сустрэчы, апісанай у адным з самых запамінальных, уражлівых Васілёвых твораў, насамрэч не было, ды і не магло быць. Яны прымроіліся аўтару, які, па ягонай версіі, прыдрамнуў увечары ля распаленай печкі. Але сцэна ўяўнай, неіснуючай сустрэчы была пададзена так рэальна‑асязальна, кранала такія рэальныя, балючыя рэчы — перашкоды на шляху адраджэння вёскі і ўсёй краіны, што гарачая, хоць і сфантазіраваная спрэчка магла быць прынята не надта ўважлівым чытачом за сапраўдную, гульня ўяўлення, улітая ў форму «заснуў—прысніў», — за дзею на яве.

Таму зусім не дзівам быў працяг гэтай гісторыі, аб чым са смехам распавёў у рэдакцыі сам Васіль Пятровіч. Праз колькі дзён пасля той публікацыі ў ягоную хату ў Мазалях пад Маладзечнам — ужо не ў сне, а на самай што ні на ёсць яве — заявілася начальства, праўда, рангам куды ніжэй, чым у аповедзе, — мясцовае. Маўляў, як жа можна, Васіль Пятровіч, да вас такія людзі ездзяць, а ў хаце і тэлефона няма! Што ж маўчалі? Расказвайце, як жывецца, дапаможам, чым можам. Мо дровы трэба ці што там яшчэ — не пытанне…

Ні аб чым не стаў прасіць нечаканых гасцей гаспадар хаты, толькі, падзякаваўшы за неспадзяваную ласку, нагадаў, што калі наконт тэлефона — дык ён даўно і дарэмна абівае парогі розных кантор. Праз пару дзён тэлефон у «знаёмца з вярхамі» ўжо стаяў. Можна толькі ўявіць, як схапіліся за галаву чыноўныя візіцёры, калі ўцямілі нарэшце, што грунтоўна пракалоліся, а за гэта можа няслаба нагарэць…

Цікавыя выпадкі, падзеі, жыцейскія дробязі, прыкмечаныя трапным вокам, давалі багаты матэрыял для творчасці таленавітага журналіста з пісьменніцкім пяром. Жыццярадасны, поўны неўтаймаванай энергіі і нейкай дзіцячай непасрэднасці, са смяшлівай хітрынкай у вачах, ён з’яўляўся ў рэдакцыі, і, здавалася, разам з ім у наша цеснае прыцемненае сутарэнне ўрываўся вецер свежай і смелай думкі, подых вірлівага жыцця. Па праўдзе, у такія хвіліны хацелася ўсё кінуць і слухаць, слухаць Васілёвы расповеды: яны былі захапляльна‑артыстычныя, нават калі вяліся пра самыя звычайныя, простыя, дробязныя рэчы, звычайных, простых, ды не зусім дробязных, не абыякавых яму людзей.

Але ж «кінуць усё», адарвацца дзеля нават самай найцікавай размовы ў амаль вечным рэдакцыйным экстрыме не кожны раз выпадае. Вось і тады, за некалькі дзён да трагедыі, Васіль Пятровіч завітаў у «Народную волю» — як зазвычай жартаўлівы, гаваркі. Адчувалася, хацеў нечым падзяліцца, але… Ішоў выпуск газетнага нумара, кожная хвіліна — у напружанай гарачцы, і амаль ад кожнага, да каго ён падыходзіў, чуў: «Васіль, дарагі, рады вас бачыць, ды, зразумейце і выбачайце, пагамонім іншым разам». І я так сказала, і дараваць сабе не магу правіны перад незвычайным чалавекам: мы і не думалі, што бачым яго ў апошні раз. Каб жа ні на міг не забывацца — хоць камні з неба! — што наша часам неабачліва‑бяздумнае «калі‑небудзь іншым разам» можа абярнуцца жорстка‑бязлітасным, незваротным «ніколі»…

Перад гэтым «ніколі» Васіль патэлефанаваў старэйшаму брату, сказаў, што збіраецца ў паездку — расследаваць адну важную і небяспечную справу, хоча параіцца. Толькі размова не тэлефонная, таму ён наведае Міколу ў Мінску, а аб дакладным часе сустрэчы патэлефануе дадаткова…

Ні ў прызначаны дзень, ні на заўтра званка не было. Мікола Пятровіч Гроднеў і яго жонка Ніна Дзмітрыеўна, якая любіла мужава брата як сына, не на жарт устрывожыліся: ні разу ж не было такога, каб Васіль ды не стрымаў слова!

Кінуліся ў Заслаўе, куды пераехаў Васіль з Мазалёў, але было позна. Ён быў ужо нежывы — пасярод хаты…

З таго кастрычніцкага дня 2005‑га мінула два з лішкам гады. Раптоўная, не пазбаўленая загадкавасці смерць Васіля Гроднікава спыніла яго на паўдарозе да новага, яшчэ не сказанага…

Ён любіў жыццё насуперак усяму, што даводзілася адольваць, і востра ўсведамляў сваю адказнасць перад ім. Адчуваў сябе селянінам‑аратым, якому — ці дождж, ці мароз, ці спёка — трэба ісці да свайго поля і шчыраваць, шчыраваць, каб яно ўскаласіла будучым хлебам. Не яго віна, што недаараным, недасеяным, недажатым засталося яго поле. Але і тое, што паспеў зрабіць гэты даравіты, смелы, вольны духам чалавек, дае права сказаць: ЁН ЖЫЎ ДЛЯ БЕЛАРУСІ.

…Клопатам Міколы Гроднева і ягонай сям’і рыхтуецца да выдання трохтомнік твораў Васіля Гроднікава. «Першую кнігу, — расказвае Мікола Пятровіч, — складаюць лепшыя творы публіцыстыкі, што ўбачылі свет на старонках «Народнай волі», а таксама ўспаміны родных, сяброў юнацтва і даўніх прыхільнікаў (сярод іх, напрыклад, народны артыст Беларусі кінарэжысёр Віктар Дашук, старэйшы драматург Алесь Петрашкевіч, грамадскі дзеяч Аляксей Кароль). Другі том уключыць ужо згаданую аповесць «Папараць квітнее на досвітку» і занатоўкі з Васілёвых блакнотаў аб сустрэчах з цікавымі людзьмі з народа, іх трапнымі выказваннямі. Трэцяя кніга будзе аддадзена раману «Вольнаму — воля», назва якога стане агульнай для ўсяго выдання».

У гэтых двух знакавых словах — уся натура нескаронай, неардынарнай асобы, яго запавет усім, хто пойдзе далей…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?