31 снежня 2007 года пасля раптоўнай хуткацечнай хваробы памёр аўстрыйскі перакладчык, актыўны папулярызатар беларускай культуры Фердынанд Нойрайтэр.

Фердынанд Нойрайтэр нарадзіўся 15 чэрвеня 1928 года ў Рызе, з 1937 года жыў ў Аўстрыі. У 1946 годзе скончыў класічную гімназію. Вывучаў англійскую і раманскія мовы, а з канца 1950‑х — польскую, беларускую, украінскую, актыўна цікавіўся кашубскай культурнай спадчынай. З 1959 па 1969 гг. выкладаў «Культуру менш значных народаў Еўропы» у Зальцбургскім народным вячэрнім універсітэце, які ўключаў у тым ліку курс гісторыі беларускай літаратуры. Асаблівасці беларускай мовы (аканне, дзеканне, цеканне) Фердынанд Нойрайтэр тлумачыў сваім чытачам тады, калі сам яшчэ не чуў ніводнага жывога беларускага слова!

У 1978 г. апублікаваў па‑нямецку «Гісторыю кашубскай літаратуры» (у 1982 г. выйшла па‑польску).

Быўшы на Беласточчыне ў пачатку 80‑х, пазнаёміўся з Сакратам Яновічам. У лістападзе 1981 г. беластоцкі тыднёвік «Ніва» надрукаваў інтэрв’ю з Ф.Нойрайтэрам Сакрата Яновіча. Пазней аўстрыйскі навуковец наведаў Беларускую бібліятэку ў Лондане.

Выдаў дапаможнік для нямецкамоўных студэнтаў «Беларуская анталогія: Хрэстаматыя па беларускай літаратуры (з нямецкімі перакладамі)» (Мюнхен, 1983), які ўключыў творы сарака беларускіх пісьменнікаў ХІХ — ХХ стагоддзяў. У дапаможніку беларуская літаратура была пададзена ў яе цэласці, без раздзялення на савецкую і несавецкую (былі ўключаны, напрыклад, творы Алеся Гаруна, Казіміра Сваяка, Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, Алеся Барскага, Сакрата Яновіча). Усяго ў анталогіі змешчаны семдзесят восем перакладзеных Ф.Нойрайтэрам вершаў, пятнаццаць празаічных урыўкаў і чатыры фрагменты з драматычных твораў. Варта нагадаць, што гэтая праца рабілася ва ўмовах адсутнасці якога‑небудзь паважнага беларуска‑нямецкага слоўніка.

Апублікаваў некалькі артыкулаў пра Беларусь і беларускую культуру: «Янка Купала — паэт з Беларусі», «Беларусь — папялушка Еўропы». Пераклаў на нямецкую мову раман Ю.Попкі «Свеціць у тумане» (1985), працу Р.Астроўскага «Беларусь з Х па XVI стагоддзе» (1986), прадмову да беларуска‑нямецкага выдання «Слова аб паходзе Ігаравым» (1987), зборнік артыкулаў «Вытокі беларускай нацыі і культуры» (1988).

Фердынанд Нойрайтэр неаднойчы друкаваўся ў выданнях Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (Беларусіка‑1, Беларусіка‑16, Беларусіка‑18).

У апошня гады жыцця актыўна супрацоўнічаў з беластоцкім выданнем «Год беларускі — Annus Albaruthenicus». У 3‑м нумары выдання за 2002‑гі год апублікаваны па‑нямецку артыкул Ф.Нойрайтэра «Мой шлях да Беларусі» і яго пераклады на нямецкую мову твораў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Максіма Танка.

Першае дачыненне да беларушчыны ў Фердынанда Нойрайтэра адбылося ў 1947 г., калі ён купіў у Вене маленькі «Беларускі моўны дапаможнік», выдадзены ў час вайны. З той пары аўстрыйскі навуковец і перакладчык прайшоў вялікі шлях, перастварыўшы на роднай нямецкай мове многія шэдэўры беларускай літаратуры, засведчыўшы тым самым неўміручасць беларускай літаратуры і жыццядайнасць беларуска‑аўстрыйскіх культурных кантактаў.

Культурныя дзеячы Беларусі і замежныя беларусісты захаваюць найлепшы ўспамін пра вялікага сябра Беларусі Фердынанда Нойрайтэра.

Вечная памяць!

Сяргей Запрудскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0