infoline.ua
Урад Украіны прыняў рашэнне ўвесці рэжым павышанай гатоўнасці на тэрыторыі ўсёй дзяржавы. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Арсеній Яцанюк на выязным пасяджэнні кабінета міністраў.
«Мы вырашылі таксама ўвесці рэжым надзвычайнай сітуацыі на тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласцей», — сказаў прэм'ер.
«Мэта прыняцця гэтага рашэння — поўная каардынацыя дзейнасці ўсіх органаў дзяржаўнай улады для забеспячэння бяспекі грамадзян і грамадскай абароны насельніцтва», — заявіў Яцанюк.
Урад таксама прыняў рашэнне стварыць камісію па надзвычайных сітуацыях, яе ўзначаліць прэм'ер-міністр.
25 студзеня стала вядома, што Днепрапятроўская вобласць пераходзіць на спецыяльны рэжым забеспячэння бяспекі і абараназдольнасці рэгіёна. Аб гэтым на старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook паведаміў намеснік кіраўніка Днепрапятроўскай абласной дзяржадміністрацыі Святаслаў Алейнік.
«Прыняты шэраг даволі радыкальных рашэнняў па забеспячэнні бяспекі вобласці. Мы пераходзім на спецыяльны рэжым жыццядзейнасці, ключавым прыярытэтам з'яўляецца бяспека і абараназдольнасць рэгіёна», — адзначыў ён.
23 студзеня ў Харкаве ўсе сілавыя структуры былі пераведзены ў рэжым павышанай гатоўнасці, а таксама ўведзены больш жорсткі рэжым маніторынгу сітуацыі.
Раней Яцанюк таксама даручыў кіраўніку нацыянальнай гвардыі Аляксандру Крывенку «ўзняць усіх людзей на патруляванне вуліц, на абарону грамадзян».