Ілля Бутаў

Ілля Бутаў

«Мы верым фактам, а факты сведчаць, што людзі працягваюць нешта бачыць»,

— казаў Ілля Бутаў, каардынатар супольнасці «Уфакам» падчас свайго дакладу на канферэнцыі «Таямнічая Беларусь». Ён распавядаў пра вынікі працы супольнасці за 2014 год, сярод экспедыцый «Уфакама» былі і пошукі на Гомельшчыне агромністай змяі «з галавой як у добрага дзіцяці», як кажуць мясцовыя. Невядомы навуцы від, асноўныя сведчанні пра які паступалі ў 40-70-х гадах мінулага стагоддзя, знайсці не атрымалася. Але сведчанні пра яго працягваюць паступаць — трэба праверыць, раптам і праўда чарговы Цмок апынецца неапісаным рэдкім відам.

Who you gonna call?

Супольнасць узнікла ў 2001 годзе, калі асобныя аматары даследаванняў паранармальнага аб’ядналі сілы ў пошуках НЛА. «Уфалагічны камітэт» (ад UFO — англійская абрэвіятура НЛА) у хуткім часе пашырыў тэматыку і стаў цікавіцца ўсім, на што навука не звяртае ўвагі: ад прывідаў да сакральнай геаграфіі ці пошуку метэарытаў.

Зáмкі ў небе над Магілёўшчынай, агністыя шары ў Івацэвіцкім раёне і ў Бранскай вобласці Расіі альбо блуканні па лесе, калі чалавек, напрыклад, выходзіць з лесу голым і не памятае, дзе згубіўся на некалькі дзён, — усе гэтыя з’явы беларускія анамалісты даследавалі ў мінулым годзе. А на канферэнцыі ў нядзелю пра НЛА амаль не згадвалі.

На сайце ufo-com.net ёсць сістэма экстраннага рэагавання. Калі чалавек бачыць нешта экстраардынарнае, ён можа паведаміць аб гэтым «Уфакаму». Сябры супольнасці тут жа атрымаюць SMS з паведамленнем — бліжэйшы да з’явы пастараецца як найхутчэй адрэагаваць на паведамленне. Праўда, многія паведамленні фільтруюцца яшчэ да выездаў, у многіх НЛА яшчэ па апісанні можна распазнаць кітайскія ліхтарыкі альбо іншыя тэхнагенныя аб’екты.

Беларускія даследчыкі паранармальных з’яў не вераць у марсіян ці нячысцікаў. Дакладней, не павераць, пакуль не атрымаюць навуковых пацверджанняў.

Літаральна на днях да «Уфакама» прыйшло паведамленне пра вялізны шар, які свяціўся, а ўсярэдзіне якога нешта рухалася, у Брэсцкай вобласці. Даследчыкі паедуць на месца здарэння, каб падрабязна апытаць відавочцаў. Калі з’ява будзе падобнай да анамальнай, яны правядуць аналіз глебы, электрамагнітнага поля, радыяцыі… Калі прыйдзе паведамленне пра прывіда, прыйдзецца вывучыць і гісторыю месца, старажытныя легенды і ўжо пасля ўключаць свае прыборы.

Хадзячыя мерцвякі і паранармальныя сны

На канферэнцыі праект чарговай экспедыцыі прапанаваў Віктар Гайдучык, гісторык і каардынатар Брэсцкага прадстаўніцтва «Уфакама». Яго зацікавілі агульныя для Еўропы гісторыі пра хадзячых мерцвякоў, даследаванне такіх беларускіх гісторый ён прапануе пачаць з Палесся. Еўрапейцаў ужо не здзівіш шэрагам так званых дэвіянтных пахаванняў, калі памерламу адсякаюць галаву ці забіваюць у сэрца асінавы кол, робяць усё, каб чараўнік не выбраўся з магілы, альбо эксгумуюць цела, каб праверыць, ці на сваім яно месцы. Такія выпадкі фіксуюць на Беларусі не толькі народныя паданні, але і юрыдычныя дакументы, у тым ліку нядаўняга ХІХ стагоддзя.

Дзмітрый

Дзмітрый

Іншыя даследаванні вядзе паралельна з асноўнай працай фізік Дзмітрый. Ужо 20 год ён вывучае кіраванне снамі і пазацялесныя перажыванні. Асноўная праблема яго дзейнасці — верыфікацыя, праверка сапраўднасці пабачанага ў паранармальных снах. Адна з яго цікаўнасцяў — сонны параліч, калі чалавек не можа рухацца і «ловіць глюкі». Задача ў тым, каб асэнсавана выклікаць гэтую фазу і даследаваць, што мозг можа паказаць свайму гаспадару. Яго цікавіць і феномен сінхронных сноў: напрыклад, Дзмітрый з ледзь знаёмай дзяўчынай з іншага горада бачылі сон, дзе яны вучыліся кідаць нажы, а затым маглі ў дэталях апісаць адзін адному свае спрэчкі пра тое, як правільна кідаць нож — і апісанні супадалі. Што гэта, ці недаследаваны спосаб камунікацыі, ці трансляцыя ў сон рэчаіснасці, ці проста супадзенне, трэба падрабязна правяраць.

«Жалеза» замест экстрасэнсаў

«Абсалютна любыя з’явы могуць быць патлумачаныя метадамі традыцыйнай навукі», — кажа Ілля Бутаў. Напрыклад, многія паведамленні пра прывідаў можна патлумачыць высокім узроўнем у наваколлі інфрагуку, які асаблівым чынам уплывае на мозг.

З выпадкамі, якія цалкам выпадалі бы з сучаснай карціны свету, «Уфакам» яшчэ не сустракаўся.

Аўтаномная сістэма відэаназірання, назіранне электрамагнітных хваляў, спараныя секундамеры для пошукаў анамалій у часе, дакладныя датчыкі змены тэмпературы, цэлы комплекс іншых дэтэктараў, аналізатараў — усё гэта не «сабрана на каленцы», сябры «Уфакама» пры магчымасці набываюць лабараторнае абсталяванне, звесткі з якога не сорамна прадставіць у навуковых работах.

Падчас дакладу Галіны Раманенка аб даследаваннях радыеактыўнага газу радону ў жылых будынках сябры «Уфакама» найперш пацікавіліся, якое абсталяванне ўжывалася. Самастойна сабранае? Калі атрымаецца пацвердзіць праўдзівасць вынікаў, правільнасць каліброўкі, то супраца з даследчыкамі радону «Уфакам» зацікавіць. Насцярожанасць адчувалася і калі Раманенка распавяла, што ў пошуку геапатагенных зон даследчыкі радону карыстаюцца дапамогай экстрасэнсаў.

«У нас экстрасэнсаў у групе няма»,

— распавядае Ілля Бутаў. Да нас неаднаразова спрабавалі запісацца экстрасэнсы. Мы можам прыняць да сябе экстрасэнса, калі ён пройдзе банальны тэст Зэнера, адгадванне закрытых карт. Калі набярэ пэўны працэнт адгаданых карт, што ж, я паверу ў яго. Ды, на жаль, ніхто нават блізка не можа прайсці гэты тэст».

Беларускі Стоўнхендж і сляды Багародзіцы

Як ні дзіва, палова выступаў на канферэнцыі «Уфакама» тычылася этнаграфіі, сакральнай геаграфіі, фалькларыстыкі. Без фальклёрных звестак цяжка сабраць поўную карціну паранармальнай з’явы. Шмат разоў на канферэнцыі гучала назва кнігі «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны» Э.А. Ляўкова, якая распавядае безліч містычных гісторый беларускай зямлі.

І не толькі этнографы падказваюць анамалістам, дзе кажуць пра «беларускую Лахнэскую пачвару», тлумачыць Ілля. Часцяком там, дзе анамалісты праводзяць даследаванні, знаходзяцца раней невядомыя курганы.

Нейкім чынам старыя паданні і сучасныя назіранні паранармальнага геаграфічна прывязаныя да сакральных для продкаў месцаў, археалагічных помнікаў.

Калі гісторыя не ўзнікла на пустым месцы, калі яна не «гарадская легенда», фальклёр можа падказаць даследчыкам, дзе варта шукаць таямнічае.

Эдвард Зайкоўскі і крыж з Вілейскага раёну, што зараз захоўваецца ў Музеі валуноў

Эдвард Зайкоўскі і крыж з Вілейскага раёну, што зараз захоўваецца ў Музеі валуноў

Археолаг Эдвард Зайкоўскі даследуе сакральныя камяні Беларусі ды лічыць, што ў Беларусі ёсць месца не меней таямнічае за славуты Стоўнхендж. Недалёка ад Полацку з валуноў выкладзеная фігура ў форме літары П, прызначэнне якой дагэтуль не вызначанае. Верагодна, комплекс звязаны з астранамічнымі з’явамі і абрадамі. Назва возера ля валуноў наводзіць на думку пра свята Яна, ды азімут не супадае з узыходам сонца на Купалле. У царкоўным календары знайшлося свята іншага Яна (а царкоўныя святы нярэдка супадаюць з язычніцкімі абрадамі) ў канцы красавіка — якраз на гэты час размяшчэнне «Стоўнхенджа» мае астранамічны сэнс. «Уфакам» прапанаваў Зайкоўскаму чарговую супольную экспедыцыю якраз у гэты час.

Ёсць у Беларусі ўнікальны спецыяліст па ямкавых камянях — Аляксандр Зайцаў. Ён прадставіў сваё даследаванне старажытных валуноў, на якіх нашыя продкі выбівалі лункі. Такіх камянёў багата па Паўднёвай і Сярэдняй Еўропе, нямала іх на Беларусі, большасць на Віцебшчыне. Іх прызначэнне забылася яшчэ ў Х стагоддзі. Ды дзіва: па межах Беларускай грады можна прасачыць і выразную мяжу, за якой такія камяні больш не знаходзілі, і яна ніяк не звязаная з колькасцю валуноў на квадратны кіламетр. Магчыма, яны звязаныя з падсечным земляробствам, адпаведна і з рассяленнем пэўных этнасаў.

Людміла Дучыц, суаўтар кнігі «Сакральная геаграфія Беларусі», нямала распавяла пра абставіны з’яўлення цудатворных ікон і сакральных камянёў. Нават сёння па Беларусі многія пакланяюцца камяням, звязваюць сляды на іх з Багародзіцай ці Хрыстом, нясуць камяням ахвяраванні, вераць у іх лекавыя здольнасці. Вакол сакральных камянёў вялося нямала спрэчак між царквой і народам. Напрыклад, яшчэ ў 1868 годзе газета «Мінскія губернскія ведамасці» паведамляла аб загадзе разбурыць «язычніцкі камень», ды той камень мясцовыя сабралі па частках, працягнулі яму пакланяцца і сёння водзяць на сакральнае месца хросны ход.

Агні балотных скарбаў і беларуская Нэсі

Ірына Клімковіч

Ірына Клімковіч

Пра балотныя агні распавяла Ірына Клімковіч. Часта загадкавыя агні звязваюць з заклятымі скарбамі, страчанымі Напалеонам ці Кацярынай ІІ, а тое і ў часы Другой сусветнай вайны. Нярэдка агні звязваюць з сакральнымі камянямі. Некаторыя камяні «ахоўваюць» свае скарбы, як у гісторыі пра камень, з якога ажно высоўваецца рука з шабляй. Некаторыя наадварот «вабяць», як у гісторыях з Пружаншчыны пра таямнічую асобу са шчоткай у руцэ, якая вабіць да сябе, «сам скарб у рукі просіцца». Вядома нават, што чырвоныя агні бачаць нібы там, дзе закапанае золата, а белыя ці сінія — дзе срэбра.

Краязнаўцу і аўтара кнігі «Скарбы сівых валуноў» Алеся Гарбуля найбольш цікавіць яго малая радзіма — Лынтупы, што ў Віцебскай вобласці. Славутую «Лахнэскую пачвару» на возеры Балдук, што ў пары кіламетраў ад Лынтупаў, пакуль не адлавілі, хаця пра яе багата распавядаюць. Ды не адной Нэсі цікавая яго малая радзіма — ён даследуе язычніцкія капішчы, знайшоў больш за сотню аб’ектаў старажытнай культуры. Краязнаўца сцвярджае: многія нетлумачальныя выпадкі чалавечай псіхікі, галюцынацыі, страты прасторавай арыентацыі, выхад з ладу фота- і відэаабсталявання — усё гэта можа «навесці» на капішчы ці іншыя сакральныя месцы. 

***

Далучыцца да «Уфакама» можа практычна любы, хоць школьнік, сцвярджае Ілля Бутаў. Дастаткова запоўніць анкету на сайце «Уфакама» і не збегчы ад працы ў першы жа тыдзень. Маладых будуць нагружаць простай працай (а ў экспедыцыю не возьмуць маладзейшых за 18 год), але калі чалавек будзе дастаткова ініцыятыўным і не празмерна скіраваным на пошук паранармальнага (а бываюць і тыя, хто па дарозе з працы можа хоць пяць «іншапланетных артэфактаў» знайсці), калі будзе прытрымлівацца навуковага падыходу, зможа раскрыць сваю таямніцу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?