27 студзеня ў Лінгвістычным універсітэце прайшла сустрэча з былым міністрам замежных спраў Беларусі Іванам Антановічам. Рэктарка ін’яза Наталля Баранава палічыла, што Іван Іванавіч 16 гадоў і 2 месяцы не быў у сценах alma-mater. Нагода для сустрэчы – прэзентацыя кнігі «Беларусь у глабальным свеце».

Варта адзначыць адразу, што Антановіч – бліскучы аратар. Сённяшнім чыноўнікам ёсць чаму ў яго вучыцца. Гаворыць ён вобразна, з жартамі. Імкнецца ні на паўхвіліны не змяншаць градус цікавасці да свайго выступу.

Ён сыпаў рознымі байкамі з мінулага. Напрыклад, як былы міністр замежных спраў СССР Андрэй Грамыка да канца жыцця не мог правільна па-расейску вымавіць «горком», а казаў па-беларуску «гаркам». А ягоная жонка пяшчотна называла яго «Андруша», а не «Андрюша». Ці вось гісторыяй ад пісьменніка Івана Навуменкі, як у савецкія часы вызначалі этнас людзей. «Прыходзіць мужык у Гомельскай вобласці. У яго пытаюцца: хто ты па нацыянальнасці? «Рускі!» Добра, пайшлі на двор. Што гэта такое? «Студня!» Усё з табой ясна». Яшчэ расказваў пра сваё даўняе сяброўства з Васілём Быкавым, што ні за што не пагодзіцца надрукаваць сваю перапіску з вялікім пісьменнікам.

Сам Антановіч на беларускую мову перайшоў толькі аднойчы. Калі згадаў Вялікае Княства Літоўскае. Ён сказаў, што спрабаваў разабрацца, «ці наша гэта была дзяржава, ці не наша». Англійская мова з вуснаў прафесара гучала часцей.

Што тычыцца асноўнай часткі выступу, то там было шмат неадназначнага. «Свет у цяжкім стане. Эпоха, што пачалася пасля канца Другой сусветнай вайны, скончаная», — пачаў выступ былы міністр.

Іван Антановіч сказаў, што толькі дзве дзяржавы «па-сапраўднаму» бралі ўдзел у Другой сусветнай – гэта СССР і ЗША. СССР змагаўся на кантыненце, а ЗША – у Ціхім акіяне. Антановіч прызнае, што ЗША ў той час здзейснілі сапраўдны подзвіг, пастаўляючы тэхніку, зброю, лагістыку ў Еўропу.

Шмат кампліментаў ён адвесіў біпалярнаму свету, які засцерагаў планету ад ядзернай вайны. Маўляў, і СССР, і ЗША хацелі пазбегнуць «непатрэбных ахвяраў».

Антановіч кажа, што распад Савецкага Саюза ўспрымаў як трагедыю. «Мы прайгралі тады, але і яны не выйгралі».

Пасля гэтага, па словах былога міністра, «Расія трапіла ў п’яныя абдымкі п’янага прэзідэнта». «Два чалавекі – п’яніца і трапло – развалілі СССР», — так арыгінальна было сказана пра Ельцына і Гарбачова.

«Потым прыходзіць Пуцін. Ніхто не ведаў, хто гэта такі. Толькі ў 2007 годзе, гаворачы, што Расія не прымае набліжэння НАТО да сваёй мяжы, ён даў адказ на пытанне «Who is mister Putin?».

Выступоўца свята перакананы, што ў сённяшніх постсацыялістычных краінах, што пайшлі на шляху інтэграцыі з Еўрасаюзам, «маленечкая доля суверэнітэту». «Ніводная з гэтых краін не дасягнула ўзроўню развіцця 1991 года, — сказаў Анатновіч, але статыстычных звестак, канечне, не прывёў. — Усходняя Еўропа ляжыць. Не атрымалася ў іх светлая будучыня, але і ў нас не атрымалася».

Тым не менш, Беларусь ён назваў самай устойлівай у палітычным і эканамічным плане дзяржавай былога СССР. У рэшце рэшт, нібы ўбіваючы цвік, прамовіў: «Беларусь – гэта савецкі праект».

Антановіч сказаў, што ў перыяд ад 1945 да 1990 Беларусь ішла ў нагу з перадавымі еўрапейскімі краінамі, у БССР ствараліся ўніверсітэты, лабараторыі, тэатры.

«Сёння я не магу назваць сябе адэптам сацыялістычнага развіцця Беларусі. Я рэаліст, шляху назад няма. Але я называю сябе камуністам, я не быў сябрам ніякай іншай палітычнай партыі».

«Нішто сёння не азмрочвае шляхі Беларусі ў будучыню, але і не асвятляе», — сказаў Антановіч. Ён заклікаў шанаваць поліэтнічнасць і поліканфесійнасць нашай краіны.

«Хочаш размаўляць па-руску – на здароўе, па-беларуску – на здароўе, па-габрэйску – на здароўе. Па-польску… У нас многія па сёння размаўляюць па-польску. Я зайшоў у касцёл святых Сымона і Алены, там надпісы па-польску. Навошта? Не трэба нам пускаць чужыя мовы». Праз нейкі час ён засяродзіўся на «агрэсіўным укараненні каталіцтва ў Беларусі».

Пасля гэтага пачаліся пытанні з залы. Перш-наперш Антановіча спыталіся, якой ён бачыць будучыню Еўропы. «Вялікая Дойчлянд з невыразнай канцлеркай, я часам на лекцыях называю яе лахудрай [пасля гэтае слова ў дачыненні Ангелы Меркель было яшчэ раз паўторана – «НН»], падпарадкавала сабе Еўропу, як некалі было пры Гітлеру. Усе куплялі нямецкія тавары, але не было грошай за іх расплаціцца. Германія давала на гэта новыя крэдыты. Краіны траплялі ў залежнасць. Цяпер мы бачым, як першай памірае Грэцыя. Еўропа распадзецца», — канстатаваў прафесар.

Пра Эстонію ён казаў, што цяпер там сітуацыя, як пасля вайны, што ў вёсках засталіся толькі старыя і дзеці. Мабыць, Іван Іванавіч даўно не бываў не толькі ў Цэнтральнай Еўропе, але і ў беларускай вёсцы.

«Еўропу выведзе з крызісу толькі моцны аўтарытарызм. Як было ў ЗША за часамі Рузвельта».

Не абышлося і без пытання пра Крым і «Наваросію». Пра Крым Антановіч сказаў адназначна: «Мы адпомсцілі за Косава, якое з мясам было выдранае ад Сербіі». Пасля ён дадае, што «калі б на гэтым спыніліся [Хто? Расія? – «НН»], то ўсё было б акей, Расія і Украіна памірыліся б». Прычыны з’яўлення сепаратыстаў у Данбасе і Луганску ён бачыць у «расава-этнічным прыгнёце» мясцовага насельніцтва. Тым не менш, Іван Іванавіч перакананы, што Расія і Украіна знайшлі б мірнае рашэнне, але гэтага не хочуць ЗША.

У адным з момантаў сустрэчы прагучала і пра масонаў — ну як без іх! — што не Абама кіруе ў ЗША, а таямнічыя групоўкі масонаў.

Адна з прысутных запыталася, на колькі сёння Беларусь залежыць ад Расіі? На 80%? «Не на 80, — адказаў Антановіч. – Палітычны суверэнітэт Беларусі поўны. Пры гэтым маецца сур’ёзная эканамічная залежнасць. Ад Расіі мы атрымліваем усё, што хочам – нафтаперапрацоўку, крэдыты, разуменне».

У канцы сустрэчы, калі былі ўжо падораныя ўсе кветкі, Іван Антановіч заклікаў усіх працаваць на дабро Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?