Эдуард (Расул — імя ў ісламе) Муравіцкі — адзін з найлепшых беларускіх байцоў у змешаных адзінаборствах, неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы па баявым самба, майстар спорту міжнароднага класа.

Эдзік выступае за зборную Беларусі ў некалькіх байцоўскіх відах спорту, а ў прафесійных баях ММА мае статыстыку 7 перамог — 2 паразы.

Два гады таму хлопец вырашыў прыняць не зусім традыцыйную для нашай краіны рэлігію — іслам. Аб тым, што падштурхнула яго да веры ў Алаха, Эдуард расказаў «НН».

«Наша Ніва»: Хто ты такі? Раскажы трошку пра сябе?

Расул Муравіцкі: Мне 23 гады, я беларус — нарадзіўся і вырас у Баранавічах. З 9 гадоў пачаў займацца барацьбою, потым неяк захапіўся, вырашыў звязаць свой лёс са спортам. Атрымаў «майстра» па адным відзе, па другім, пачаў прафесійна выступаць. Потым было войска — спецназ, застаўся на кантракт. Але са службаю ў мяне не склалася, таму вярнуўся ў прафесійны спорт, ажаніўся. Ужо паспеў багата дзе выступіць і перамагчы. З самага яркага — гэта баі, што арганізоўваліся для высокіх людзей Расіі. Тады за намі назіралі і прэзідэнт Пуцін, і Мядзведзеў.

Расул — у ніжнім шэрагу, у белай майцы. На яго плячы — левая рука Пуціна.

Расул — у ніжнім шэрагу, у белай майцы. На яго плячы — левая рука Пуціна.

«НН»: Якую рэлігію вызнаюць твае бацькі?

РМ: Я нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і, як праваслаўнага мяне і ахрысцілі. Потым бабуля пачала браць з сабою ў царкву, навучыла маліцца.

Але я не разумеў: чаму, прыходзячы ў божы храм да Бога, я бачу дзясяткі вачэй нейкіх людзей з абразоў, якія лічацца святымі?

Мы ж не жылі ў той час і не ведаем, ці праўда той чалавек быў святы, ці не забіў ён каго, ці не скраў. Ды і кожны мастак бачыць па-свойму — вы прайдзіцеся па цэрквах і паглядзіце на адных і тых жы святых, — убачыце розных людзей.

Мяне гэта засмучала, і з цягам часу я адышоў менавіта ад рэлігіі, хоць верыць не пераставаў.

«НН»: І як прыйшоў да ісламу?

РМ: Паехаў зарабляць у Маскву — біўся за грошы ў спартовым клубе «Алігатар». Усё было файна: жытло бясплатнае, харчаванне таксама, а за перамогу ад 400 баксаў плацілі. З нас, байцоў, большасць былі выхадцамі з паўднёвых рэспублік Расіі, мусульмане па веры. Вельмі ўражвала іх еднасць, узаемапомач, гатоўнасць усім калектывам прыйсці на дапамогу адзін аднаму — сярод славянскіх спартоўцаў такога яднання я ніколі не бачыў.

І мне стала цікава назіраць за мусульманамі: як яны робяць намаз, моляцца. Ніхто з іх не лаяўся, не піў алкаголь і не ўжываў наркотыкі, бо гэта забараняе іх вера. Вельмі ўражвала!

Я сам пачаў прасіць патлумачыць мне некаторыя нюансы, спрабаваў даведацца больш — яны пайшлі насустрач і расказвалі аб Прароку, аб Каране. Гэта літаральна за душу хапала, я разумеў, калі ёсць вера — то вось яна. Але тут пачаліся праблемы з фінансамі — клуб не выплочваў заробкі і неўзабаве зачыніўся. Таму прыйшлося вяртацца ў Баранавічы, і ўжо тут я вырашыў, што хачу прыняць іслам. Беларускія мусульмане мне ў гэтым дапамаглі.

«НН»: Што змянілася ў тваім жыцці?

РМ: З’явіліся новыя сябры і галоўнае — вера. Іслам даў мне тое, чаго не магло даць праваслаўе. Вось паглядзі: колькі праваслаўных шчыра вераць у Бога, выконваюць усе ягоныя прыказанні? У людзях няма веры — яны прыходзяць у храм не для таго, каб падзякаваць Богу за тое, што маюць, а каб папрасіць аб нечым, калі «прыперла», як кажуць.

Вера пераўтвараецца ў бізнэс, у храмах рэлігійныя рэчы прадаюцца за грошы! Мяне гэта абурае — у мячэці, калі ты хочаш больш даведацца аб Алаху, можна бясплатна ўзяць усё, што табе для гэтага трэба. І ніхто не папросіць заплаціць.

Ёсць, канечне, сістэма добраахвотных ахвяраванняў, але кожны месяц імамы справаздачацца перад сваімі прыхаджанамі: колькі грошай ахвяравана, колькі грошай пайшло на тое, колькі на гэтае, колькі аддалі нейкай сям’і, якой патрэбна была дапамога. Ты рэальна можаш бачыць, як твае сродкі накіроўваюцца на карысныя рэчы, і гэта вельмі натхняе!

І яшчэ — я заўважыў, што ўсё больш этнічных беларусаў прымаюць іслам. Канечне, у кожнага свае матывы, але мне падаецца, што ёсць адзін агульны фактар: людзям патрэбна падтрымка, яднанне. І іслам гэта дае.

Вось прыклад: звычайны «гоп-стоп» на вуліцы — хтосьці «зачапіў» беларуса. І што зробяць мінакі? Не будзем сябе падманваць — большасць зробіць выгляд, што нічога не здарылася і пойдзе хутчэй.

А ты паспрабуй зачапіць мусульманіна, калі побач будуць ягоны браты па веры — адразу збяжыцца народ і адаб’е свайго!

Я мяркую, што замест таго, каб адварочвацца адзін ад аднаго, мы павінны яднацца і быць бліжэй— у шчыльных шэрагах беларусы пры- нясуць больш карысці дзяржаве.

«НН»: Як на твой выбар адрэагавалі родныя і сябры?

РМ: Хто як. Маці сказала: «Рабі так, як лічыш патрэбным». Бабуля крыху «пабурчэла» і без аптымізму прыняла выбар, а жонка цяпер не гатуе стравы са свініны. Праўда, я дзесьці паўгода рыхтаваў бацькоў да свайго кроку — дзе слова скажу пра іслам, дзе два. Неяк так паступова і атрымалася, што ўсё прайшло без шоку з іх боку.

Што да сяброў, то яны спачатку дзівіліся, а цяпер і самі цікавяцца ісламам, просяць ім расказаць аб маёй веры.

Праўда, былі і такія, хто пачаў казаць кшталту «ў тэрарысты задзелаўся?». Смешна проста! Я ім тлумачу — мусульмане ў Беларусі ўжо некалькі стагоддзяў жывуць і нічога яшчэ не ўзарвалі.

Таму не трэба блытаць нашыя і ўсходнія рэаліі, дзе распаўсюджаны радыкальны ісламізм. І пагрозы нейкай ад мусульманаў у Беларусі няма — я ніколі не чуў ад аднаверцаў ніводнай радыкальнай думкі.

Усіх турбуе толькі эканоміка, ніякага гвалту ў галовах. Усе хочуць міру, тым больш — на фоне апошніх падзей у свеце.

«НН»: Тады як ты глядзіш на дэпартацыю мусульман-салафітаў?

РМ: У маім разуменні салафіты мала чым адрозніваюцца ад вахабітаў, што не робіць ім павагі. Але я не думаю, што тыя людзі маглі рыхтаваць нейкія тэракты. Бо якая ў гэтым логіка? Сёння іслам у Беларусі ніхто не прыгнечвае, і гвалтоўнымі дзеяннямі можна дамагчыся толькі негатыву. На маю думку, ніхто сёння не пойдзе на абвастрэнне сітуацыі.

«НН»: Якой рэлігіі будуць твае дзеці?

РМ: Я буду выхоўваць іх у ісламскіх правілах, але не пазбаўлю выбару. Калі з цягам часу мой сын ці дачка зразумее, што гэта не яго — я не буду іх гвалтоўна трымаць у веры, гэта немагчыма.

«НН»: Ці прыжыўся б у Беларусі шарыят?

РМ: Не думаю, гэта ненатуральна для нас. Шарыят — гэта хадзіць на «дыбачках». Адсекчы за крадзеж руку — мо і правільна, але як па мне — хай злачынца лепш сядзіць 10 гадоў, чым робіцца інвалідам. Гэта вельмі жорстка.

«НН»: Ці стаў ты менш адчуваць сябе беларусам, калі прыняў іслам?

РМ: Я змяніў веру, а не радзіму. Зрэшты, рабіць намаз можна хоць у вышыванцы — галоўнае, каб вопратка не была забруджана крывёю ці чым іншым.

«НН»: Можа, вера дапамагае табе перамагаць на рынгу?

РМ: Безумоўна! Намаз дапамагае падрыхтавацца, дае духоўную сілу. І вось маё назіранне: ужо стала завядзёнкай тое, што ў баях дамінуюць мусульмане. Паглядзі — што ні чэмпіён па барацьбе, дык дагестанец, ці інгуш, ці азербайджанец, чачэнец. Магчыма, і мне дапамагае Алах.

І, дарэчы, пасля прыняцця ісламу я нават заснаваў у Баранавічах сваю школу па ММА. Дзесьці палова маіх выхаванцаў — студэнты з паўднёвых краін, мусульмане. Але беларусам я нічога рэлігійнага не навязваю, толькі часам нагадваю аб тым, што прынамсі «бухаць» і лаяцца — гэта брыдка.

* * *

Ад Рэдактара

Вось такі выпадак, вось такімі матывамі кіраваўся Эдуард. У свой час пратэстантызм узнік на хвалі пошуку людзьмі сапраўднай, не скажонай, не казённай веры. А цяпер, бачыце, хтосьці шукае веры нават у ісламе. Што можа адказаць на гэта Праваслаўная царква, якая пагрузілася ў рускі шавінізм, стварае казакаў? Што Вы пра гэта думаеце? Пішыце на [email protected] або на Мінск 220050 а.с.537.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?