Федэральная служба дзяржаўнай статыстыкі Расіі апублікавала дадзеныя аб сярэднім заробку ў краіне ў снежні 2014 года.
Паводле падлікаў, ён склаў 41985 рублёў «бруднымі». За вылікам падаходнага падатку — 36 527 рублёў. Па тагачасным сярэднім курсе даляра гэта крыху менш за $655.
Роўна год таму лічба перавышала $1000 «чыстымі».
Аднак у параўнанні са снежнем сітуацыя ў Расіі істотна змянілася.
Па-першае, курс даляра вырас яшчэ на чвэрць, «з'еўшы» частку заробку. Пры цяперашнім курсе сярэдні расеец можа купіць усяго $537.
Па-другое, снежаньскія заробкі ў Расіі заўсёды звышвысокія. Прэміі і іншыя «трынаццатыя зарплаты» традыцыйна задзіраюць даходы на траціну. Пасля чаго ў студзені адбываецца вяртанне заробкаў на лістападаўскі ўзровень.
Па-трэцяе, палову студзеня Расія не працавала праз доўгія канікулы.
Усе гэтыя фактары разам прывядуць да таго, што сярэдні заробак «чыстымі» ў студзені 2015 складзе каля $420.