Амаль паўтара года уладальнікі Playstation і Xbox гуляюць у самую касавую гульню свету, GTA V. Яе выхад да персанальных камп’ютараў не раз адкладаўся, апошняя на сёння дата — 24 сакавіка (на Дзень Волі ў некаторых будзе выключна хатняе свята).

Ды ўсё не так дрэнна з GTA, многія выдатныя гульні наогул не выходзілі і не выйдуць для персанальных камп’ютараў. Справа не ў ляноце распрацоўшчыкаў: наяўнасць такіх эксклюзіваў можа стаць для кагосьці галоўнай прычынай набыць тую ці іншую кансоль.

Halo 4

Арыгінальная «стралялка» Halo: Combat Evolved і яе працяг Halo 2 былі ўспрынятыя гульцамі на ПК не тое каб адмоўна, але квола. Тым часам для ўладальнікаў Xbox серыя стала культавай. Halo 3 выйшла ўжо толькі для «лаяльнай» платформы і атрымала 10 з 10 балаў ад шэрагу вядомых крытыкаў. Чацвертая частка атрымала троху горшыя (каля 9 з 10) водгукі, але пабіла рэкорды серыі па касавых зборах. Halo 5, што выйдзе ў гэтым годзе, таксама стане эксклюзіўнай для Xbox. Ад яскравага экшэну, насычанага сусвету і эпічнай гісторыі Halo, што заўважна разрасліся з часоў Halo 2, «камп’ютаршчыкам» дастанецца толькі Картана — голас шызафрэнічнай памочніцы Майстра Чыфа стане галасавым асістэнтам у Windows 10.

Heavy Rain

Студыя Quantic Dream некалі пацешыла «камп’ютаршчыкаў» шыкоўным квэстам Fahrenheit, але далей сышла на Playstation. І калі без спрэчнай Beyond: Two Souls жыць можна, то інтэрактыўны фільм Heavy Rain сваёй эксклюзіўнасцю для Playstation многіх увагнаў у смутак. Такога змрочнага дэтэктыву з такой колькасцю выдатных персанажаў на ПК проста не адшукаць. Ды і карцінка гульні 2010 года ўражвае нават сёння.

Gears of War 3

Адна з самых «зубадрабільных» стралялак пацешыла ўладальнікаў ПК толькі першай сваёй часткай. Брутальныя дзядзькі і цёткі, жахлівыя монстры, вялізныя стрэльбы і паўсюдныя выбухі — зноў жа, з часоў першай гульні ўсяго стала болей, у тым ліку балаў у рэцэнзіях крытыкаў. Гульня мусіла назаўсёды завяршыць трылогію — і лепей бы завершыла. Нечаканую чацвёртую частку, Gears of War: Judgment, аддалі ў рукі польскіх распрацоўшчыкаў People Can Fly. Палякі-та зрабілі нядрэнную гульню, ды ў іх атрымаўся клон Gears of War 3 з бляклым сюжэтам.

God of War III

Яшчэ адзін «…of War 3» — не менш «зубадрабільны», але ў ім трэба не страляць, а біць. І не ў мілітарысцкай будучыні, а сярод грэчаскіх багоў. Галоўны герой серыі God of War, паўбог Кратас задумаў адпомсціць самому Зеўсу ды забіў бога вайны Арэса. Злобны антыгерой, які рубіць двума мячамі ўсё, што бачыць на сваёй дарозе, ды шле куды падалей увесь Алімп — гэткі вобраз прыглянуўся многім гульцам, а сама серыя гульняў стала адной з галоўных на Playstation.

Forza Horizon 2

У даўняй барацьбе двух лепшых гоначных серый, Gran Turismo (Playstation) і Forza Motorsport (Xbox), першая пэўны час упэўнена перамагала, але ў апошні час стала здаваць пазіцыі як па рэцэнзіях крытыкаў, так і па водгуках гульцоў. У 2014 годзе Forza усё-ж абагнала GT. Forza Horison 2 скарыла гульцоў дэталёвым адкрытым светам, шыкоўнай карцінкай і, вядома, раскошнымі аўто. Даруй, Need for Speed, бітва за званне «рая гоншчыка» адбываецца далёка ад цябе.

Red Dead Redemption

Вольныя прасторы, адкрыты свет, перастрэлкі і крадзяжы, Rockstar Games у якасці распрацоўшчыка і немалы бюджэт (кажуць, 100 млн даляраў!). Карацей, той жа GTA. Толькі на Дзікім Захадзе. И толькі для PlayStation 3 і Xbox 360.

Sunset Overdrive

Парк атракцыёнаў, у якім можна страляць. Усё бабахае, лётае і плюецца кіслатой ці… гэта што, газіроўка? Энэргетычны напой? Не важна, лепей застрэліць. І зрабіць гэта як найболей яскрава і стылёва. Такога на камп’ютарах не было з часоў Сур’ёзнага Сэма і Дзюка Нюкема, а тое і не было наогул.

Uncharted 3: Drake’s Deception

Лара Крофт, Індыяна Джонс… Каму што, а ўладальнікі Playstation з года ў год чакаюць чарговую серыю прыгод Нэйтана Дрэйка. Ён ледзь не наноў вынайшаў жанр прыгод. І чарговы пошук гэтых прыгод ён актыўна і цынічна каментуе — распрацоўшчыкі ведалі, што бясконцае паляванне на бліскучыя скарбы і ладных дзяўчын многія ўжо не могуць успрымаць сур’ёзна. Хочаце пабыць іранічным авантурыстам? Бяжыце купляць Playstation: падобна на тое, што Uncharted 4: A Thief's End, якая выйдзе ў хуткім часе, стане наогул лепшай гульнёй серыі.

The Last of Us

Страшылка, стэлс-экшн, роўд-муві, сімулятар выжывання альбо сімулятар чалавечай псіхікі, зомбі-версія «Леона» — як толькі не называлі гэтую гульню. Сувораму Джоэлу прыйдзецца правесці маленькую Элі праз усю постапакаліптычную Амерыку і ўсю гаму чалавечых учынкаў. Пастраляць асабліва не дадуць, затое дадуць дастаткова паслухаць і паглядзець. Многія называлі гульню візуальным і акторскім шэдэўрам, а некаторыя нават пабойваюцца магчымай кінаадаптацыі — маўляў, такія цуды, як The Last of Us, не паўтараюцца. Хіба паўтараюцца ў перавыданнях для кансоляў новага пакалення.

Mario Kart 8

Цяжка зразумець, што развясёлыя мульцяшныя гоначкі робяць побач з The Last of Us. Але гульні серыі Mario Kart стабільна становяцца хітамі на кансолях Nintendo, а для некаторых з’яўляюцца важкой прычынай набыць чарговую дзіўную цацку японскай кампаніі. Напэўна, Mario Kart 8 варта было бы выпусціць для іншых платформ проста каб зразумець, якой будзе рэакцыя на яе па-за межамі цеснага свету Nintendo. Ну і каб даць іншым зразумець, навошта наогул сантэхнік Марыё сеў за руль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?