23 студзеня Мінск наведаў дзяржсакратар МЗС Латвіі Андрэйс Пілдэгавічс, які сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Фармальна візіт звязаны з паўгадавым старшынствам Латвіі ў ЕС.

Латышскі дыпламат агучыў у Мінску шэраг сігналаў, якія сталі ўжо традыцыйнымі напярэдадні любой прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі.

Напрыклад, заяву аб тым, што Латвія хацела б бачыць Беларусь прадстаўленай на самым высокім узроўні на Рыжскім саміце Усходняга партнёрства ў маі 2015 года. А сама ініцыятыва неўзабаве будзе перагледжана, з тым, каб улічваць інтарэсы ўсіх удзельнікаў.

Як трэба ўспрымаць пасланне Латвіі афіцыйнаму Мінску? Што стаіць за жаданнем Латвіі бачыць Беларусь на Рыжскім саміце на самым высокім узроўні?

Палітолаг Віціс Юрконіс (Літва) «расшыфраваў» прымірэнчыя ініцыятывы Латвіі ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану».

delfi.lt

delfi.lt

— Брусель вуснамі дзяржсакратара МЗС Латвіі заявіў, каб Беларусь на Рыжскім саміце Усходняга партнёрства ў маі 2015 была прадстаўлена на самым высокім узроўні. Якое пасланне зашыфравана ў гэты сігнал?

— Прагматычная лінія Латвіі па Беларусі ніколі не была сакрэтам. А сігнал настолькі ясны, што і шыфраваць нічога не даводзіцца. Гэта добрая магчымасць для беларускіх уладаў папіярыцца, але па сутнасці гэта пакуль нічога не значыць.

— Пры якіх умовах магчыма з'яўленне Лукашэнкі на Рыжскім саміце Усходняга партнёрства?

— А ці ёсць які-небудзь сігнал, што Лукашэнка імкнецца патрапіць на Рыжскі саміт? Будзе Лукашэнка прысутнічаць або адсутнічаць на саміце, наогул з'яўляецца пытаннем другога гатунку. Нашмат больш важна зразумець, якую Беларусь хоча бачыць Брусель і самі грамадзяне Беларусі. На жаль, на дадзены момант мне здаецца, што і тыя, і іншыя нават уяўлення пра гэта не маюць.

Як раз гэта і дазваляе афіцыйнаму Мінску маніпуляваць і здзекавацца дробнымі паддачамі. У адзін дзень гэта акажацца нібыта «дэрусіфікацыя», другі дзень — апярэджанне з'яўлення «зялёных чалавечкаў» у Беларусі. У кантэксце трагічных падзей ва Украіне некаторым чыноўнікам ці журналістам нават дробязі, а дакладней, іх імітацыя выглядаюць як вялікі прарыў.

— Якая роля ў беларуска-еўрапейскіх адносінах адводзіцца палітвязням?

— Усе ведаюць — вызваленне ўсіх палітвязняў з'яўляецца цэнтральнай умовай ЕС. Іх цяпер 5 чалавек. Вызваленне апошніх палітвязняў істотна памяняла б сітуацыю, але ж гэта гучыць як гандаль закладнікамі. Хто гарантуе, што на наступны дзень беларускі рэжым не возьме яшчэ пару закладнікаў? Як быць з умовай што ўсе палітзняволеныя таксама павінны быць рэабілітаваныя?

Так, гэта прынцыповае пытанне для ЕС, але для ЕС рыхтуецца шэраг, як гаворыцца, «страшылак». Напрыклад, крамлёўская прапаганда будзе ўздымаць пытанне ўяўнага росту нацыяналізму ў Беларусі, перад прэзідэнцкімі выбарамі мы пачуем тыя ж самыя гісторыі пра апазіцыю, якая з'яўляецца праектам Крамля і г.д.

Беларускія ўлады будуць падтрымліваць іншы фон і паспрабуюць абысці тэму палітвязняў. Мінск дэманструе тактыку, падобную да крамлёўскай — імкненне паказаць Захад як слабога і непрынцыповага партнёра. Гэта і сігнал для мясцовай аўдыторыі — што нам можа даць ЕС, калі нават па прынцыповых пытаннях яны робяць саступкі.

— Еўрасаюз наўпрост не ўвязвае спрашчэнне візавага рэжыму з вызваленнем палітвязняў. Якія шанцы мае Беларусь на спрашчэнне візавага рэжыму з Еўрасаюзам?

— У любым выпадку спрашчэнне візавага рэжыму стане адным з нямногіх пытанняў парадку дня. Але памыляцца не варта. Успомніце малы памежны рух — дзе ён? Лукашэнка мог даўно падпісаць гэтае пагадненне, але не зрабіў. Беларускі кіраўнік не зацікаўлены, каб як мага больш грамадзян Беларусі ўбачылі Еўропу.

— Якія сцэнары перафарматавання Усходняга партнёрства магчымыя?

— Пакуль гэтая ініцыятыва знаходзіцца ў фармаце выжывання. Усходняе партнёрства, асабліва ва Украіне, знаходзіцца пад наймацнейшым ударам, але пакуль намераў адступаць не відаць.

Напрыклад, Міністр замежных спраў Літвы нядаўна заявіў, што ва Усходняга партнёрства светлая будучыня.

Можна маляваць шмат сцэнарыяў, але асноўны прынцып, што гэта працэс абмену, мяняцца не будзе. І гэта тычыцца не толькі Беларусі, але і Азербайджана, дзе цяпер сітуацыя з правамі чалавека, напэўна, найбольш трывожная ў рэгіёне. Калі некаторыя краіны прадэманструюць незацікаўленасць у супрацоўніцтве, ніхто іх прымушаць не будзе. Усходняе партнёрства — гэта вам не еўразійскі саюз.

— У чым заключаюцца «індывідуальныя інтарэсы» афіцыйнага Мінска ва Усходнім партнёрстве?

— Легітымізацыя і добрая карцінка для ўнутранай аўдыторыі і магчымыя эканамічныя дывідэнды, інакш кажучы — прагматызм. Апошні кампанент асабліва важны, бо ў Крамля магчымасцяў узнагароджваць лаяльных партнёраў станавіцца ўсё менш.

— «Трэба ставіць менш завышаных палітычна амбіцыйных мэт, а старацца рэальна працаваць па шырокім парадку дня», заявіў дзяржаўны сакратар МЗС Латвіі Андрэйс Пілдэгавічс. Гэта азначае, што Еўрасаюз прыняў умовы афіцыйнага Мінска: эканамічнае супрацоўніцтва без палітыкі?

— Шчыра кажучы, Мінск не здольны ставіць умовы Еўрасаюзу. Беларускія ўлады могуць гуляць на наіўнасці або неразуменні некаторых палітыкаў, але Беларусь не ў стане прад'яўляць патрабаванні з-за свайго памеру і з-за таго, што яна не з'яўляецца самастойным гульцом.

І яшчэ — эканамічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС працягвалася, нягледзячы на абмежавальныя меры. А. Пілдэгавічс таксама выдатна ведае, што як раз пасля падзей 19 снежня 2010 года экспарт Беларусі ў Латвію вырас больш чым у тры разы, а Латвія ўвайшла ў чацвёрку найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Мінска пасля Украіны, Расіі і Нідэрландаў. Так што ацэньваць гэтую цытату інакш, як наратыў, карысны для Лукашэнкі, не прыходзіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?