У пошуках страчанага: гiсторыя Беларусi ў старых паштоўках/ аўтар тэксту А.М. Карлюкевiч; паштоўкi У.А. Лiхадзедава. — Мiнск: Литература и Искусство, 2007. — 239 с.: iл.

Падсумоўваннем шырокай працы фiлакартыста Уладзiмiра Лiхадзедава, паштоўкi з калекцыi якога некалькi гадоў запар друкуюцца ў газеце «Советская Белоруссия» штотыдзень, стала выданне кнiгi «У пошуках страчанага: гiсторыя Беларусi ў старых паштоўках». Прыгожа, па‑мастацку аформленая кнiга — гэта сапраўдны фатаграфiчны альбом, якi вядзе чытача i гледача ў падарожжа па гарадах, мястэчках, вёсках Беларусi. Шаснаццаць раздзелаў кнiгi — шаснаццаць адмысловых экскурсiй. Па Брэсце i Брэстчыне, па Вiцебску i Вiцебшчыне, па Гомелi i Гомельшчыне, па Гродне i Гродзеншчыне, па Магiлёву i Магiлёўшчыне, па Мiнску i Мiншчыне, па вулiцах i плошчах гарадоў, па даўнiх кiрмашах i дарогах, якiя адорваюць многiмi i многiмi адкрыццямi. Асобна вылучаны фiлакартычныя скарбы, прысвечаныя Пiнску, Полацку, Навагрудку. Завяршае кнiгу раздзел «Беларускiя вобразы», дзе разам сабраны паштоўкi, што знаёмяць з партрэтамi нашых прашчураў з самых розных куточкаў Беларусi.

Ва ўступным слове «Да чытача» заслужаны дзеяч культуры Рэспублiкi Беларусь, лаўрэат прэмii «За духоўнае адраджэнне» Павел Якубовiч заўважае:

«Перад вамi ўнiкальная кнiга, якая дазволiць вам здзейснiць падарожжа ў часе. Пагартайце старонкi яе i вы ўбачыце сiвыя замкi i мураваныя храмы, вузенькiя вулiцы i вытаптаныя сцяжынкi, запыленыя гарады i жывапiсныя мястэчкi. Вы наяве ўбачыце людзей, якiх ужо няма, але якiя жылi ў Беларусi i дзякуючы гэтай кнiзе сталi вашымi сучаснiкамi.

Гэтая кнiга iлюстравана вельмi рэдкiмi фатаграфiямi i паштоўкамi, якiя сабраў дзiўны чалавек, Уладзiмiр Лiхадзедаў. Кароткiя каментарыi належаць пяру пiсьменнiка Алеся Карлюкевiча.

Усяго на старонках выдання змешчана 340 паштовак. Поруч з гарадамi Беларусi прадстаўлены выявы невялiкiх паселiшчаў нашай Айчыны — Дамачова, Крывошына, Манькавiч, Моўчадзi, Сталовiч, Хомска, Дзiсны, Друi, Лынтуп, Заспы, пiнскага i акцябрскага Парэччаў…

Напрыканцы ёмiстага фалiянта «У пошуках страчанага» (дарэчы, кнiга тыражом у 3000 экзэмпляраў якасна, бездакорна аддрукавана на Мiнскай фабрыцы каляровага друку) са слоўцам «Павучальнае падарожжа ў часе i прасторы» выступае лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь прафесар Адам Мальдзiс. Вось што ён, у прыватнасцi, пiша:

«Матэрыялы кнiгi, з якiмi вы пазнаёмiлiся, маюць для нашага грамадства, нашай дзяржавы, такой маладой i адначасова такой сталай, з тысячагадовай, багатай, але далёка не да канца спазнанай гiсторыяй, вялiкае павучальна‑пазнаваўчае i выхаваўчае значэнне. Павучальнае — таму што вучаць павазе да продкаў, да гiстарычных традыцый. Пазнаваўчае — таму што дазваляюць нам шырэй глянуць на мiнулае: не ўсё ў iм было такое дрэннае, як нам часам у працэсе самасцвярджэння здаецца; i раней узводзiлiся будынкi, якiя мелi i маюць эстэтычную каштоўнасць. Iншая справа, што войны i наша нядбайнасць прывялi да разбурэння многiх помнiкаў архiтэктуры. А выхаваўчае — таму, што вучаць нас любовi да айчыны, малой i вялiкай».

Да гэтых слоў, вiдаць, хiба што варта дадаць наступнае: праект «У пошуках страчанага» павiнен мець працяг. Калекцыя Уладзiмiра Лiхадзедава налiчвае каля 15 тысяч старых паштовак. I, несумненна, кожная з iх — добры памагаты ў вандроўках па краiне Беларусь.

Паводле: Мiкола Берлеж, zvyazda.minsk.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0