У Швецыі кампанія, якая размяшчаецца ў высокатэхналагічным офісе Epicenter, ужывіла сваім супрацоўнікам мікрачыпы.
Epicenter Stockholm / facebook.com
«Людзям, якія працуюць у Epicenter, проста трэба патрымаць руку ля дзвярэй, каб увайсці. Яны таксама могуць узмахам рукі кіраваць капіравальнай машынай… З часам яны таксама змогуць заплаціць за каву і бутэрброды ў кавярні дотыкам рукі», — піша The Telegraph.
Людзям ужывілі маленькі чып RFID (radio-frequency identification) памерам з рысавае зерне, распрацаваны шведскай кампаніяй па біятэхналогіях. У дзень афіцыйнага адкрыцця офіснага цэнтра выканаўчы дырэктар кампаніі таксама імплантаваў сабе такі чып.
«Цяперашняя рэчаіснасць занадта хаатычная — трэба памятаць усе пін-коды і паролі. Ці не прасцей было б проста дакрануцца рукой? Гэта цалкам натуральна», — падкрэсліў адзін з супрацоўнікаў кампаніі Ханэс С'ёблад.
Супрацоўнікі ставяцца да такога новаўвядзення па-рознаму: некаторыя чакаюць чаргі, каб атрымаць мікрачып, іншыя катэгарычна адмаўляюцца гэта рабіць.