Прадстаўнікі Кіева вінавацяць сепаратыстаў у зрыве мірных перамоў у Мінску. 

Працэс па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту ва Украіне знаходзіцца пад пагрозай з-за ўльтыматыўных патрабаванняў баевікоў. Так пракаментаваў намеснік кіраўніка адміністрацыі ўкраінскага прэзідэнта Украіны Валерый Чалы на сваёй старонцы ў «Фейсбуку» сустрэчу кантактнай групы па Украіне, якая прайшла 31 студзеня ў Мінску. 

«Перажылі цяжкі дзень. Яны паставілі ўльтыматыўныя патрабаванні. Хацелі запалохаць», — піша Чалы. Прадстаўнікі сепаратыстаў, паводле яго слоў, «паспрабавалі разыграць спектакль, што Кіеў зрывае перамовы, працу трохбаковай кантактнай групы». «Не атрымалася! Прафесійная праца ўкраінскіх прадстаўнікоў у Мінску, дзясяткі тэлефонных кантактаў, пастаянная зладжаная праца і каардынацыя не далі шансаў», — піша намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі. 

«Калі б не гінулі людзі, можна было б гаварыць пра дыпламатычныя сітуатыўныя перамогі. Але, на жаль, мірны працэс пад пагрозай. Яны нас хочуць справакаваць. Не атрымаецца!», — падкрэсліў Валерый Чалы. 

Прадстаўнік Кіева ў кантактнай групе, экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма ў каментарыі ўкраінскай службе «Радыё Свабода» заявіў, што новы раўнд кансультацый сарваўся з-за нез`яўлення ў Мінску лідараў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандра Захарчанкі і Ігара Платніцкага. 

«Кансультацыі па плане выканання мінскіх дамоўленасцяў, які ўтрымлівае пералік пэўных мерапрыемстваў, скіраваных на найхутчэйшую дээскалацыю сітуацыі, былі сарваныя ў сувязі з нез`яўленнем падпісантаў мінскіх дакументаў Захарчанкі і Платніцкага, ультыматыўнымі заявамі іх прадстаўнікоў Пушыліна і Дзяйнегі, а таксама іх адмовай абмяркоўваць план мерапрыемстваў адносна неадкладнага спынення агню і адводу цяжкага ўзбраення», — расказаў Кучма. 

Ён падкрэсліў, што Украіна патрабуе выканання папярэдніх дамоўленасцяў і не прымае ніякіх ультыматумаў ад бакоў у перамовах.

«Наша прынцыповая пазіцыя па пытанні мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей застаецца нязменнай — поўнае і няўхільнае выкананне дамоўленасцяў, пісьмова замацаваных у Мінску 5 і 19 верасня 2014 года, пачынаючы з неадкладнага ўсталявання рэжыму спынення агню», — сказаў Кучма.

Нагадаем, прадстаўнікі ДНР і ЛНР Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега па выніках перамоў у Мінску паведамілі журналістам, што ніякіх дамоўленасцяў не дасягнута, бакі «абмяняліся бачаннямі сітуацыі». «Украінскі бок прапанаваў свой варыянт, які мы цяпер вывучаем. Але мы працягваем настойваць на галоўным: трэба спыніць гібель мірнага насельніцтва. Украіна ўсяляк зацягвае вырашэнне гэтага пытання, шукае ўсялякія аргументы. Ім не падабаецца то ўзровень прадстаўніцтва, то лінія, ад якой неабходна адводзіць цяжкія ўзбраенні», — заявіў Дзяйнега. 

Пушылін, у сваю чаргу, адзначыў, што лінія судотыку бакоў сёння ссунулася далей ад буйных гарадоў ДНР і ЛНР, чым гэта было прапісана ў мінскіх дамоўленасцях. 

Што да ўдзелу ў перамовах кіраўнікоў ДНР і ЛНР Захарчанкі і Платніцкага, то, паводле слоў Пушыліна, яны прыедуць у Мінск толькі на падпісанне выніковага дакумента, і калі будзе спынены абстрэл гарадоў. 

У Крамля пакуль няма адназначнай пазіцыі ў дачыненні да праведзеных у Мінску перамоў, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. «Для таго каб атрымаць пэўную, аб`ектыўную інфармацыю пра вынікі сустрэчы кантактнай групы ў Мінску, патрабуецца час», — цытуе Пяскова РІА Новости

Нагадаем, перамовы ў Мінску праходзілі прыкладна на працягу трох з паловай гадзін. У іх удзельнічалі экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, прадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні, пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў, разам з якім прыехаў Віктар Медзвядчук — лідар грамадскай арганізацыі «Украінскі выбар», кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта пры Леанідзе Кучме, кум Уладзіміра Пуціна, а таксама прадстаўнікі ДНР і ЛНР Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега. 

Па выніках перамоў прэс-служба АБСЕ распаўсюдзіла паведамленне, у якім гаворыцца, што прадстаўнікі Данецка і Луганска «не былі гатовыя абмяркоўваць рэжым спынення агню», а заклікалі да перагляду мінскіх дамоўленасцяў. 

«Група падрыхтавала дэталёвы план адносна канкрэтнага ўкаранення мінскага пратакола і мемарандума, якія працягваюць заставацца абавязковай асновай для любога мірнага ўрэгулявання. На жаль, падпісанты мінскіх дамоўленасцяў з Данецка і Луганска не ўдзельнічалі, хоць яны былі асабіста запрошаныя кантактнай групай. Іх прадстаўнікі, якія прысутнічалі на сустрэчы, не мелі паўнамоцтваў абмяркоўваць выстаўленую групай прапанову. Фактычна яны нават не былі гатовыя абмяркоўваць ажыццяўленне рэжыму спынення агню і адводу цяжкіх узбраенняў. Замест гэтага яны заклікалі перагледзець мінскі пратакол і мемарандум. Сустрэча была адкладзена», — паведаміла АБСЕ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?