Раніцай 3 лютага ў Гродне на Паўднёвым рынку здарыўся канфлікт паміж падатковымі інспектарамі і прадпрымальнікамі, якія там гандлююць. 

Прычынай канфлікту паслужыла раптоўная праверка падатковай інспекцыі. «Наколькі я ведаю, столькі кантралёраў ніколі не было, яны правяралі выбарачна. Кажуць, што ў аднаго прадпрымальніка канфіскавалі тавар на 40 мільёнаў рублёў», — расказаў БелаПАН мясцовы грамадскі актывіст, які стаў відавочцам канфлікту.

Паводле інфармацыі гродзенскага інтэрнэт-рэсурса 015.by, канфлікт разгарэўся прыкладна ў 7.30 падчас праверкі падатковымі інспектарамі прадпрымальніка, які гандлюе джынсамі.

«Натоўп пачаў збірацца і гучна абурацца пасля таго, як падатковая, выявіўшы парушэнні, прыняла рашэнне канфіскаваць тавар. Паводле непацверджанай інфармацыі, падатковыя інспектары не паказалі прадпісанне для правядзення праверкі», — паведамляе сайт. На рынку да таго часу сабралася каля 300—400 чалавек. 

На месца здарэння была выклікана міліцыя. «Калі першы нарад міліцыі падышоў да павільёна, гродзенцы пачалі гучна пляскаць і крычаць, каб яны арыштавалі падатковых інспектараў. Прадпрымальнікі закрылі гандлёвыя пункты і абураліся, што ім не даюць нармальна працаваць. Адзін з сілавікоў спрабаваў супакоіць людзей і растлумачыць сітуацыю. Прыкладна ў 10.20 супацоўнікі міліцыі ўвялі прадпрымальніка, у якога выявілі парушэнні ў гандлі джынсамі. Паводле чутак, парушэнні былі выяўлены не ў продажы джынсаў, а ў продажы куртак — прадпрымальнік не змог паказаць дакументы, якія сведчаць іх куплю», — піша інтэрнэт-рэсурс. 

Бліжэй да абеду прадпрымальнікі разышліся — сёння на рынку аптовы дзень, ён доўга не працуе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?