Міліцыянты адмаўляюцца плаціць за праезд, спасылаючыся на ўказ прэзыдэнта ад 1995 году. У той жа час кантралёры спасылаюцца на закон пра дзяржаўныя сацыяльныя льготы, прыняты летась, у якім не гаворыцца пра тое, што супрацоўнікам міліцыі даюцца льготы на праезд.

«Большасьць міліцыянтаў плаціць адмаўляюцца. Мы і просім іх, і сарамацім: дзеці маленькія плацяць, а вы, мужыкі здаровыя, адмаўляецеся. Часам ім становіцца сорамна», — расказалі «КП» ў менскім мэтрапалітэне.

У міністэрстве транспарту адзначаюць, што ўказ прэзыдэнта ад 1995 году ніхто не адмяняў.

«Таму супрацоўнікі міліцыі пакуль езьдзяць бясплатна», — патлумачылі ў міністэрстве.

У цяперашні час працягвае дзейнічаць прэзыдэнцкі ўказ №403 ад 1995 году, у якім гаворыцца, што супрацоўнікі праваахоўных органаў у грамадзкім транспарце езьдзяць бясплатна па спэцыяльным знаку. У той жа час у законе пра дзяржаўныя сацыяльныя льготы, прынятым летась, не гаворыцца, што міліцыянты могуць езьдзіць бясплатна.

«Трэба даць час, каб старая нарматыўная база была падведзена пад новую. Я асабіста за праезд плачу», — сказаў у інтэрвію «Камсамолцы» начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Алег Сьлепчанка.

«Ёсьць законапраект, які знаходзіцца на стадыі зацьвярджэньня. Паводле яго, некаторых супрацоўнікаў міліцыі — апэратыўных работнікаў, супрацоўнікаў, якія адказваюць за грамадзкі парадак на вуліцах гораду, — могуць вылучыць у асобную катэгорыю і даць ім спэцыяльны знак для бясплатнага праезду,» — патлумачыў прадстаўнік МУС.

Паводле Telegraf.by, «Комсомольская правда» в Белоруссии»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0