Эканаміст Зьміцер Груган камэнтуе выплату савецкіх банкаўскіх укладаў ва Ўкраіне, а таксама прагназуе, ці магчыма нешта падобнае ў Беларусі.

«Наша Ніва»: У дзеяньнях ураду Юліі Цімашэнкі па канпэнсацыі савецкіх банкаўскіх укладаў больш эканомікі ці палітыкі?

Зьміцер Груган: На 90 адсоткаў гэта палітычны крок. Абяцаньні Цімашэнкі вярнуць савецкія ўклады сыгралі вельмі важную ролю на парлямэнцкіх выбарах ва Ўкраіне. Увогуле, падчас гэтай кампаніі сацыяльная тэматыка гучала як ніколі востра. Людзі гэта адчулі. Папулісцкая рыторыка ўзяла сваё, цяпер прыйшла чарга разьлічвацца зь людзьмі.

«НН»: А як гэтыя — беспрэцэдэнтныя ў СНД — выплаты адб’юцца на ўкраінскай эканоміцы?

ЗГ: Пакуль да канца не зразумела. Выплата немалых грошай непазьбежна адаб’ецца спажывецкіх попыце, які імкліва ўзрасьце. Будзе дадзены штуршок для макраэканамічных пераўтварэньняў. Гэта безумоўна вельмі пазытыўны сыгнал. Разам з тым, усё будзе залежыць ад таго, ці зможа ўкраінскі ўрад утрымаць інфляцыю ў вызначаных рамках. Калі ў 2008 годзе інфляцыя ва Ўкраіне складзе каля 10%, то выплату насельніцтву савецкіх ашчаджэньняў можна будзе лічыць пасьпяховай. Стаўка на літоўскі досьвед, калі на выплату кампэнсацый выдаткоўваліся грошы заробленыя на прыватызацыі, апраўданая. Зразумела, што толькі бюджэтных сродкаў выплату такіх вялізных грошай ня хопіць, таму трэба шукаць іншыя крыніцы. Стаўка Ўкраіны і Літвы на прыбыткі ад прыватызацыі абсалютна справядлівая.

«НН»: Як на сёньняшні дзень выглядае справа з выплатай кампэнсацый ў Беларусі?

ЗГ: Наколькі я ведаю ў бюджэт 2008 году практычна ніякія сродкі на такія выплаты не закладзеныя. Сумы, якія ў нас выплачвацца, многія палічылі сапраўднай абразай, таму вяртаньне савецкіх сэртыфікатаў і аблігацый спынілася. Можна меркаваць, што насельніцтва працягвае верыць у зьмены ў палітыцы ўраду ў гэтай сфэры. На мой погляд, вяртаньне савецкіх грошай можа быць рэальным толькі празь пяць гадоў. На бліжэйшыя тры‑чатыры гады бюджэт амаль сфармаваны, ён мае досыць вялікія абмежаваньні, таму знайсьці сродкі на кампэнсацыі будзе амаль немагчыма. Таксама будзем гаварыць шчыра, за гэты час жывых уладальнікаў аблігацый Ашчадбанку СССР застанецца ня так шмат. Сваякам жа будуць вяртаць толькі 20‑30% ад той сумы, якую б вярталі самім уладальнікам. Таму ўрад можа вырашыць гэтую праблему вельмі «прыгожа». Такая выплата магла была магчымай у 2004‑2006 гадах за кошт нафтавых прыбыткаў. Тады гэтыя грошы былі разьмеркаваныя неяк інакш, а цяпер мы ўжо ня маем тых прыбыткаў.

«НН»: А ўвогуле пра якую суму кампэнсацый у Беларусі варта гаварыць?

ЗГ: Гэта залежыць ад таго, які курс мы возьмем. Калі будзем кіравацца цяперашнімі ўкраінскімі выплатамі, то Беларусь на кампэнсацыі мусіць выдаткаваць 7 мільярдаў даляраў. Калі мы кажам пра казахскі курс — то тры з паловай мільярды. У любым выпадку гэта вялікія сумы. У 2004 годзе кіраўнік Нацбанку Пётар Пракаповіч заявіў, што краіна вінная грамадзянам 1,2 мільярды даляраў.

«НН»: Нашай апазыцыі ці варта выкарыстоўваць гэтую тэму падчас будучых палітычных кампаній?

ЗГ: Безумоўна, што варта. Мне падаецца, што гэтую тэму можна выкарыстоўваць ужо падчас парлямэнцкіх выбараў сёлета. Разам з тым, калі мы ўявім, што палітычная сытуацыя ў краіне зьменіцца, то новаму кіраўніцтву выплаціць такія кампэнсацыі адразу будзе вельмі цяжка. Яшчэ раз паўтаруся, што разьлік з насельніцтвам па савецкіх укладах у нас магчымы толькі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?