Беларусь у будучым, верагодна, закупіць расійскую зенітную ракетную сістэму С‑400 «Трыумф». Такую інфармацыю распаўсюдзілі афіцыйныя крыніцы са спасылкай на старшыню Дзяржаўнага ваенна‑прамысловага камітэта Мікалая Азаматава.

Паводле яго слоў, цікавасць Узброеных сіл Беларусі да С‑400 выклікана вынікамі выпрабаванняў сістэмы, прыняццем яе на ўзбраенне і пастаноўкай на баявое дзяжурства ў войскі супрацьпаветранай абароны Расіі. Таксама ўлічваюцца значна ўзрослыя тактыка‑тэхнічныя характарыстыкі С‑400 у параўнанні з С‑300.

«Паводле інфармацыі расійскага боку, не выключана, што пастаўкі С‑400 на экспарт могуць пачацца ўжо з 2009 года, — цытуюць М.Азаматава афіцыйныя крыніцы. — Па крайняй меры, кіраўніцтва НВА «Алмаз» не адмаўляе магчымасці правядзення адпаведных перамоў аб пастаўках гэтай сістэмы на экспарт».

Зенітная ракетная сістэма С‑400 цяпер праходзіць ва Узброеных сілах РФ доследную эксплуатацыю. Паводле яе вынікаў будуць ліквідаваныя выяўленыя недахопы, праведзены неабходныя дапрацоўкі матэрыяльнай часткі сістэмы і дакументацыі. Доследная эксплуатацыя будзе доўжыцца два гады, і толькі пасля гэтага расійская прамысловасць пачне аснашчаць серыйнымі ўзорамі С‑400 найперш уласныя войскі СПА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?