У 2007 годзе «Беларуськалій» зарабіў паводле мінімальных падлікаў каля $1,3 млрд.

Улетку мінулага году гендырэктар Беларускай калійнай кампаніі Ўладзімер Нікалаенка прагназаваў, што дзякуючы спрыяльнай каньюнктуры на сусьветным рынку калійных угнаеньняў па выніках году «Беларуськалій» атрымае за кошт экспарту на $140—200 млн больш, чым у 2006 г. (тады прадпрыемства зарабіла трохі больш за $1 млрд). Паводле папярэдніх ацэнак, паведамляе газэта «Белорусы и рынок», рэальная сума прыросту прыбытку ад экспарту можа перавысіць прагнозную у 1,2—2 разы.

Цэнавая каньюнктура на сусьветным рынку калійных угнаеньняў у мінулым годзе была і сапраўды надзвычай спрыяльнай. Гэта дазволіла ў другім паўгодзьдзі ажно 5 разоў падвышаць закупачную цану для краінаў Азіі, у выніку чаго яна склала $500 за тону ўгнаеньняў.

У мінулым годзе асноўнымі экспартнымі рынкамі для БКК заставаліся Кітай ды Індыя. Пры чым, зважаючы на дынаміку паставак у Кітай, цікавасьць да гэтага рынку на тле іншых краінаў зьніжаецца. Так, у 2007 г. «Беларуськалій» мусіў паставіць у гэтую краіну 1,8 млн т угнаеньняў, у той час, як у 2005 г. ён экспартаваў у Кітай 2,1 млн т. Зьвязана гэта з праблемамі, што ўзьніклі ў беларусаў пры вызначэньні цаны для кітайцаў у 2006 г. Тады гэта прывяло да часовага спыненьня вытворчасьці на «Беларуськаліі».

Навукоўцы зьвязваюць рост попыту на калійныя ды іншыя мінэральныя ўгнаеньні з ростам насельніцтва плянэты і прапарцыйным яму скарачэньнем ворнай зямлі. Экспэрты ААН прагназуюць, што колькасьць насельніцтва Зямлі да 2020 году складзе 7,7 млрд чалавек, а гэта ў сваю чаргу прывядзе да скарачэньня плошчы ворнай зямлі ў разьліку на аднаго чалавека з 22,8 соткі ў 2000 г. да 18,3 соткі ў 2020 г. Рост колькасьці насельніцтва і скарачэньне плошчы ворнай зямлі актуалізуе інтэнсіўнае выкарыстаньне ўгнаеньняў, асабліва ў густанаселеных краінах трэцяга сьвету.

Не ў апошнюю чаргу небывалая каньюнктура на калійныя ўгнаеньні тлумачыцца разьвіцьцём вытворчасьці біяпаліва. У сувязі з гэтым удзельнікі рынку калійных ўгнаеньняў прагназуюць рост попыту ў бліжэйшай і аддаленай пэрспэктыве. Так, на сёньня пад культуры, што вырошчваюцца ў якасьці сыравіны для вытворчасьці біяпаліва, адводзіцца каля 1 % сусьветных ворных земляў. Па дадзеных Сусьветнай харчовай арганізацыі (FAO) да 2050 г. гэты паказчык вырасьце ў 20 разоў.

У 2007 г. «Беларуськалій» плянаваў забясьпечыць вытворчасьць 8,15 млн т калійных угнаеньняў, у 2009 г. гэты аб’ём мае павялічыцца на 0,15 млн т, а ў 2012 г. плянуецца павелічэньне аб’ёму вытворчасьці да 9,65 млн т. Цяпер прадпрыемства працуе ў рэжыме 100 %‑га выкарыстаньня магутнасьцяў.

На прадпрыемстве ставіцца задача забесьпячэньня найперш цэнавага, а не фізычнага росту экспарту. Спрыяльная каньюнктура дазволіла «Беларуськалію» выйсьці на самаакупнасьць. Да слова, праграма па мадэрнізацыі вытворчасьці, ацэненая ў $2,2 млрд, на 99,5 % будзе прафінансаваная за кошт уласных сродкаў, а 0,5 % выдзеліць дзяржава на прыродаахоўныя мерапрыемствы.

Сямён Печанко, паводле «Белорусы и рынок»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0