Сталічныя міліцыянты ліквідавалі інтэрнэт-краму, якая гандлявала псіхатропамі, а таксама выявілі пастаўшчыка рэагентаў для яе функцыянавання. Трое падазраваных затрыманыя.

Спачатку за збыт курыльных сумесяў праз інтэрнэт затрымалі непрацуючага мінчука і яго сябра з Магілёўскай вобласці. Маладыя людзі атрымлівалі партыі ўжо гатовага да ўжывання тавару, фасавалі яго на дозы і потым прадавалі.

У сталіцы хлопцы здымалі кватэру. Там знайшлі каля 200 г гатовых рэчываў, электронныя вагі і іншыя прадметы, неабходныя для фасоўкі. Затрыманыя «абслугоўвалі» каля 40 схованак, у якіх закладвалі гатовы спайс.

фота ГУУС Мінгарвыканкама

фота ГУУС Мінгарвыканкама

У ходзе правядзення далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі наркакантролю затрымалі і трэцяга фігуранта справы, які ажыццяўляў закладкі рэагентаў для вырабу курыльных сумесяў. Схованка з рэагентамі знаходзілася ў старой выкарыстанай аўтамабільнай шыне каля дома па вуліцы Янкоўскага. Агульная вага рэчыва, якое знаходзілася ў ёй — 170 г. У скрутку былі тры розных рэчыва для наступнага вырабу псіхатропаў.

Трэці затрыманы здымаў кватэру на завулку Адзінцова. Там міліцыянты знайшлі ўжо больш за 1 кг парашкападобнага рэчыва, а таксама 8 кг расліннай асновы для вырабу курыльных сумесяў. З такой колькасці рэагента можна было вырабіць 25 тысяч доз спайсу. Прыбытак ад рэалізацыі гатовай прадукцыі мог скласці каля 3 млрд рублёў, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.

Як адзначылі ва ўпраўленні па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі (УНіСГЛ) ГУУС, затрыманы быў буйным аптавіком. Тавар ён прывозіў з Расіі, далей збываў у Мінску праз інтэрнэт. Пры гэтым мужчына не быў студэнтам ці беспрацоўным – высветлілася, што ён дырэктар адной з прыватных фірмаў.

Зараз праводзіцца праверка, ўсталёўваюцца ўсе дэталі справы. Але тэрміны падазраваным пагражаюць сур’ёзныя – яны могуць атрымаць да 15 гадоў зняволення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?