Алесь Міхалевіч

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч учора зьвярнуўся ў суд Савецкага раёну Менску з пазовам да газэты «Советская Белоруссия». Палітык абурыўся нядаўнім артыкулам “СБ” Арцёма Чалядзінскага «Крутой мираж». Там пісалася наступнае: «Яны (індывідуальныя прадпрымальнікі – ЗП), у большасьці сваёй простыя і добрыя людзі, якія не дасьведчаныя ў тым, што ў нас называецца тонкім словам «палітыка». Таму яны шчыра думаюць, што Міхалевіч-Мілінкевіч, якія ў жыцьці ня вырасьцілі і тым больш не прадалі ніводнага вядра бульбы, рэальна дапамогуць ім у спэцыфічных прадпрымальніцкіх праблемах».

«На лецішчы маёй цешчы ў Крыжоўцы, як і ўсе беларусы, мы штогод саджаем бульбу. Я, як самы малады мужчына ў сям’і, прымаю ўдзел у справе вырошчваньня бульбы таксама пастаянна, таму мяне і абражаюць словы, што я ня вырасьціў ніводнага вядра бульбы», – кажа А.Міхалевіч.

Ён зьбіраецца дамагацца таго, каб «Советская Белоруссия» надрукавала абвяржэньне гэтай інфармацыі на другой паласе, а таксама сплаціла маральную кампэнсацыю ў памеры 6160 рублёў – столькі каштуе пустое вядро для бульбы ў ГУМе.

«Думаю, што перамагчы ў судзе абсалютна рэальна з гледзішча фармальнага заканадаўства, але паглядзім, што скажа суд», – кажа Міхалевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?