Пастанова Мінэканомікі №5 ад 16 студзеня 2015 года вызначыла максімальны тарыф на пропуск міжсеткавага трафіку па Беларусі — ён склаў 82 рублі на хвіліну.

Але пастанова не значыць, што аператарам прыйдзецца мяняць цэны на тэлефанаванні.

«Пастанова ўсталявала максімальна магчымы тарыф на пропуск міжсеткавага трафіку паміж аператарамі сотавай сувязі і кампаніямі, праз якіх мабільныя аператары абменьваюцца галасавым трафікам, — распавёў прэс-сакратар МТС Юрый Міронаў. — Што тычыцца тарыфаў для абанентаў, то памеры абаненцкай платы альбо кошт тэлефанавання ў іншую сетку і на гарадскія нумары застаюцца на ранейшым узроўні».

«У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра ўзаемаразлікі паміж кампаніямі, а не пра тарыфы на званкі ў іншыя сеткі і стацыянарныя тэлефоны для абанентаў, — дадаў ён. — Такім чынам, адна з кампаній, якая «злучае» мабільных аператараў паміж сабой, па-ранейшаму можа ўсталяваць для аператара МТС любы тарыф на пропуск міжсеткавага трафіку, але ўжо ў межах 82 рублёў за хвіліну».

Адсутнасць уплыву пастановы наўпрост на тарыфы пацвердзіла і прэс-сакратар life:) Юлія Шпак: «Змены не датычацца адносін аператара і абанента, гэта ўнутраныя адносіны між аператарамі і пасрэднікамі».

Паводле яе слоў, запланаваныя бюджэты застануцца на старым узроўні: «Любая кампанія плануе бюджэты з улікам магчымых змен у эканоміцы і на тым рынку, дзе яна працуе. Абаненты змен не адчуюць».

«Мы сыходзім з таго, што кампаніі, што маюць права на транзітны міжсеткавы трафік («Белтэлекам», BeCloud), не будуць павялічваць цэны паслуг па транзіце, — адзначылі ў velcom. — Адпаведна і тарыф для канечнага карыстальніка застанецца нязменным».

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?