Кіраўнік галоўнай расійскай навуковай структуры, якая займаецца ацэнкай і распрацоўкай стралковага ўзбраення, абверг ранейшыя паведамленні ўрадаўцаў пра прынятае рашэнне ўзброіць армію РФ аўтаматам АК-12.

Расійскі жаўнер з АК-12, фота ohrana.ru

Расійскі жаўнер з АК-12, фота ohrana.ru

Раней намеснік міністра абароны РФ Юры Барысаў казаў, што АК-12 Іжэўскага машынабудаўнічага завода, мадэрнізаваная версія АК-74, перамагла на конкурсе штурмавую вінтоўку АЕК-971 (А-545) распрацоўкі завода імя Дзегцярова ў Каўрове. 

Аднак па словах генеральнага дырэктара ЦНИИТОЧМАШ (Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута дакладнага машынабудавання) Дзмітрыя Сямізорава, канчатковы выбар зброі для расійскай пяхоты будзе зроблены толькі пасля эксплуатацыі абодвух аўтаматаў у войсках на працягу 2015 года.

Пра гэта Сямізораў сказаў учора ў эфіры радыёстанцыі «Рэха Масквы». 

І АК-12, і А-545, адзін з якіх мусіць увайсці ў комплекс паходнага рыштунку «Ратнік», прайшлі дзяржаўныя выпрабаванні, сказаў Сямізораў.

 «Ёсць крытэры, па якіх лідзіруе АК-12, ёсць крытэры, па якіх лідзіруе А-545. Прынята рашэнне ўзяць абодва аўтаматы ў агульнавайсковую эксплуатацыю», — распавёў ён.

АК-12 («аўтамат Калашнікава 2012 года») па сутнасці з'яўляецца тым жа АК-74М, дапрацаваным з пункту гледжання эрганомікі, а таксама здольным несці дадатковыя прылады — прыцэлы, ліхтары і да таго падобнае.

АЕК-971

АЕК-971

А-545 (АЕК-971) — штурмавая вінтоўка, першая версія якой была створаная яшчэ ў 1980-х гадах і дапрацоўвалася ў 1990-я. Яна больш складаная, чым АК-12, але мае лепшую кучнасць, бо выкарыстоўвае схему, якая ўраўнаважвае аддачу ад стрэлу за кошт сустрэчнага руху балансіра і затворнай рамы. У выніку рэзка павялічваецца трапнасць пры стральбе чэргамі.

«Ратнік» мусіць стаць комплексам экіпіроўкі расійскай пяхоты новага пакалення, ён уключае палявую форму з прасунутых матэрыялаў, сродкі абароны, сістэмы сувязі і навігацыі, а таксама новую стралковую зброю калібраў 5,45 ці 7,62 мм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?