За апошнія 15 гадоў беларуская эліта сталася «дзьвюхгаловай», у адрозьненьне ад той жа расейскай — маналітнай, як імпэрскі скіпэтар. Аднак «цела» ў дзьвюхгаловай беларускай эліты застаецца адно, і ёсьць падставы казаць, што ў Беларусі ўсё толькі пачынаецца. Піша Васіль Аўраменка.

Можна паспрачацца, хто першасны — народ ці эліта, — але на пэўным этапе роля эліты становіцца вызначальнай. Народ стварае эліту, а эліта нараджае нацыю. «Галава» (эліта) у дадзеным выпадку важнейшая ці, прынамсі, вышэйшая, бо яна стварае нацыянальныя стэрэатыпы, агучвае жаданьні, фармулюе ідэі і ставіць задачы, якія пасьля прымае «народнае цела». Дык вось, з «галавой» у беларусаў ёсьць пэўныя праблемы.

З галавою праблемы


Малюнак Сяргея Харэўскага

У апошнія 20 год фармаваньне беларускай эліты (з пачатку 1990‑х празванай «апазыцыяй»), якая заявіла пра свае правы на «цела» і ўсьвядоміла сябе як спадкаеміцу ранейшых спроб беларускага ўсталяваньня, ішло актыўна. Аднак галоўнай яе хібай засталася «адарванасьць» ад таго неідэальнага народу, які, як стала зразумела, быў і не зусім талерантны, і не зусім дэмакратычны, і нават не настолькі ўжо і беларускі. Тое, што яна была «страшэнна далёкай» ад народу, ці, прынамсі, большай часткі яго, было заканамерна, бо напачатку 1990‑х ані мова, ані дэмакратыя, ані беларуская самастойнасьць, ані вяртаньне ў Эўропу не былі галоўнымі ды безумоўнымі жаданьнямі большасьці позьнесавецкіх беларусаў. Мэйнстрым народных чаканьняў кіраваўся ў процілеглы бок — да савецкай «стабільнасьці». Той, хто паплыў па гэтай плыні, і стаў валадаром «цела».

Эліта‑апазыцыя працягвала гадамі таптацца на сваім дэмакратычным лапіку, адстойваючы яго, і, трэба заўважыць, не дарма. Яна нібыта чакала асноўную масу, той самы народ, які паціху падцягваўся да забеглай наперад «галавы».

Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што гэтымі ж гадамі высьпявала яшчэ адна эліта — уладна‑бюракратычная, якая таксама мела свае інтарэсы, напачатку антаганістычныя апазыцыйным. Такім чынам, беларуская эліта сталася «дзьвюхгаловай», у адрозьненьне ад той жа расейскай — маналітнай, як імпэрскі скіпэтар. Аднак «цела» ў дзьвюхгаловай беларускай эліты заставалася адно, у адрозьненьне, напрыклад, ад Украіны, дзе ёсьць яшчэ і два «народы». Канвэргенцыя, а ў пэрспэктыве зьяднаньне беларускай эліты, справа не такая ўжо і фантастычная, а паводле часу можа аказацца хутчэйшай, чым зьяднаньне тых жа заходне‑ ды ўсходнеўкраінскага «народаў».

Пункты канвэргенцыі

Галоўны пункт канфрантацыі можна лічыць пераадоленым — мэтазгоднасьць палітычнай незалежнасьці Беларусі не выклікае сумненьняў ні ў кога.

На чарзе — эканамічная самастойнасьць, пазбаўленая расейскіх энэргетычных падпор. Пазыцыя ўлады і яе апанэнтаў тут таксама паволі збліжаецца. Розьніца, бадай, толькі ў тым, што апазыцыя атрымала свае перакананьні апрыёры, зыходзячы з прынцыпаў абсалютнай каштоўнасьці нацыянальнага сувэрэнітэту і рынкавай эканомікі, а ўлада прыходзіць да тых жа высноваў шляхам атрыманьня гузакоў ад усходняга суседа, праз прымітыўны эканамічны разьлік і адстойваньне сваіх інтарэсаў. У гэтым сэнсе яна разам з народам праходзіць шлях ад гвалтоўна‑камуністычнага ідэалізму да ўнівэрсальнага капіталістычнага прагматызму.

Пункты разыходжаньня

Але да поўнага кансэнсусу яшчэ далёка, бо такое пытаньне, як зьмена формы палітычнай сыстэмы на дэмакратычную, пакуль нават не абмяркоўваецца. А гэта, бадай, галоўны вузел супрацьстаяньня дзьвюх элітных «галоваў», пасьля разьвязваньня якога ўсё астатняе будзе справай тэхнікі. Нават такая папулісцкая задача, як шлях у ЭС, становіцца не самамэтай, а пабочным вынікам дэмакратызацыі грамадзтва, рэструктурызацыі эканомікі, рэформы выбарчага заканадаўства, абароны правоў уласнасьці.

Па вялікім рахунку, беларуская раздвоенасьць ёсьць праблемай ня толькі сёньняшнай эліты, але праекцыяй нашых старых праблем і 200, і 700‑гадовай даўніны. Напэўна, гэта наша гістарычная наканавасьць — водападзел цывілізацый.

З гэтым падзелам зьвязаная і адна з самых складаных і доўгатэрміновых праблемаў нацыянальнага будаўніцтва — пытаньне мовы.

Знову пра мову

Мова быццам бы ёсьць, і ў той жа час сустрэць яе ў чыстым выглядзе ў штодзённым жыцьці — даволі цяжка. Як быццам бы адкрытых ворагаў у яе няшмат (і тыя часта прыкрываюцца «авечымі скурамі»), але ж і абаронцы малапрыкметныя ў тутэйшым ландшафце. Канечне, мова — толькі вяршыня айсбэрга, за ёй цягнецца гісторыя, мастацтва, палітыка ды іншыя складнікі тоеснасьці. Нацыянальная нявызначанасьць і мэнтальная раздвоенасьць ёсьць галоўнай праблемай беларусаў. Ідэйны водападзел праходзіць тут не геаграфічна, а праз кожнага з нас, праз нашы душы і розумы. Сацыёлягі адзначаюць, што беларусы аднолькава цягнуцца і да Расеі, і да ЭС, пачуваюцца адначасова і эўрапейцамі, і постсаветамі.

Ківач гісторыі, а разам зь ім і сымпатыі беларусаў, нягледзячы на прарасейскую рыторыку ўладаў, у апошнія гады ўсё больш схіляецца да Эўропы, але крытычная кропка пакуль не пяройдзеная. У гэтым сэнсе аўтарытарная ўлада ў Беларусі мае функцыянальнае прызначэньне: яна хавае пад сваім ярмом раздвоенасьць беларускай душы, не дае выйсьці вонкі жорсткаму разьмежаваньню на празаходнюю і прарасейскую партыі. Пры дэмакратычных умовах ня выключана, што прарасейская і расейскамоўная плыні перамаглі б эўрапейскую і беларускамоўную. Аўтарытарны ж этап дае фору нацыянальным сілам, пад яго покрывам ёсьць магчымасьць для эўрапейскага і беларускамоўнага рэваншу. Гэты шанец і трэба скарыстаць напоўніцу ў апошнія гады, што засталіся сёньняшняму рэжыму.

Цяперашняя ўлада не такая адназначная. Яе трансфармацыя абумоўленая ня толькі прыцягненьнем заходняга і ўсходняга цывілізацыйных «магнітаў», барацьбой камуністычных ілюзій і капіталістычнага практыцызму, але і ўласна беларускім мэнтальным досьведам. Адвечная прыхільнасьць беларуса да сваёй хаты знаходзіць разуменьне ўладаў, якія спрыяюць спажывецкаму буму. Беларусы кінуліся ставіць шклопакеты, рабіць эўрарамонты, рэканструяваць дамы, дачы, набываць кватэры, адным словам, скіравалі сваю энэргію ў спажывецкае рэчышча. Актывісты палітычных рухаў 1990‑х наракаюць на сёньняшні мэркантылізм нават былых паплечнікаў, ня кажучы ўжо пра «электарат». Дарэчы, слову «электарат», якое набыло пасьля 1994—95 гадоў адмоўнае значэньне, апошнім часам вяртаецца яго першапачатковае нэўтральнае значэньне. Ці ня ёсьць гэта прыкметай пераадоленай «крыўды» на «народ» і набліжэньнем да яго надзённых патрэбаў? Як бы там ні было, але прыватна‑эканамічныя інтарэсы ў бліжэйшы час будуць першымі ў пераліку каштоўнасьцяў большасьці выбарцаў.

Ідэалёгія, дэмакратыя, мова, геапалітыка — знаходзяцца на ўскрайку грамадзкай увагі і ня могуць быць стрыжнем палітычных праграм. Гэта ня значыць, што пра іх ня трэба казаць і думаць. Наадварот, яны павінныя быць пад увагай аналітыкаў і спэцыялістаў, а ўмацаваньне мовы павінна быць агульнанацыянальным прыярытэтам. Чым больш сёньня будзе ня проста сымпатыкаў, а носьбітаў беларускай мовы ў прыватным жыцьці, тым больш шанцаў у яе стаць дамінантнай пасьля сканчэньня аўтарытарнай эпохі і выхаду на грамадзка‑палітычную арэну.

Дылема старая — паставіць на першае месца малапапулярныя пытаньні (мова, палітычныя свабоды, уступленьне ў НАТО) або шукаць больш рэзанансныя кропкі (разьбюракрачваньне, падтрымка малога бізнэсу, моладзі і сям’і, гарантыі пэнсіянэрам) і тым пашырыць сваю сацыяльную базу? Для большасьці палітыкаў другі шлях здаецца больш прывабным, але на самай справе вельмі важная найперш шчырасьць, пасьлядоўнасць і прынцыповасьць у адстойваньні сваёй пазыцыі. Пытаньне моўнай трансфармацыі беларускага грамадзтва ня трэба драматызаваць, а тым больш абяцаць хуткія рэвалюцыйная перавароты, але абмяркоў¬ваць яго і галоўнае працаваць на рэалізацыю — будзённа, ціха і ўпарта — проста неабходна. Беларус паводле свайго характару цэніць працу асьцярожную, грунтоўную, доўгатэрміновую.

Гістарычны досьвед падказвае, што мы будзем жыць яшчэ доўга, цікава і… няпроста. Хто сказаў, што беларускія «хістаньні» ўжо скончыліся? Усё толькі пачынаецца — і пошук раўнавагі між Усходам і Захадам, і заваёва свайго месца ў глябалізаваным сьвеце, і проста адбудова беларусамі дому — кожным свайго і ўсімі — нашага агульнага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?