Фота: Farm9 via Flickr

Фота: Farm9 via Flickr

Некалі ўладальнікі iPhone жартавалі, што аматары Android не адыходзяць ад разеткі. «Падлучыў да андроіда сонечную батарэю — разрадзіў Сонца», — гэта было смешна яшчэ гады два-тры таму. З цягам часу сітуацыя стала амаль адваротнай — уладальнікі «айфонаў» ужо ў абед шукалі фірмовы кабель для зарадкі, а «андроідаводы» ім здзекліва памахвалі сваімі «лапатамі», што дажывалі да вечара. З выхадам iPhone 6 між Android і iOS надышоў адносны парытэт.

Відавочным адказам на пытанне аб самым трывалым смартфоне для многіх будзе такі: «той, у якога большая батарэя» (яе аб’ём вымяраецца ў міліампергадзінах, мАг). Насамрэч, гэта не так.

Справа ў тым, што смартфоны маюць розную начынку («жалеза») і рознае праграмнае забеспячэнне (софт). Ад гэтага час жыцця залежыць хіба не больш, чым ад аб’ёму батарэі. Пры чым слабейшае альбо навейшае «жалеза» не значыць большую трываласць. Маркетынгавым фразам пра «праграму эканоміі батарэі» таксама не варта адразу верыць.

Напрыклад, Lenovo Vibe Z2 Pro з манструознай батарэяй у 4000 мАг абяцае да 45 гадзін няспынных размоў. Але на практыцы вытрымлівае толькі 33 гадзіны і 20 хвілін. А Philips Xenium W6610 з батарэяй у 5400 мАг вытрымлівае нават меней размоў.

Лепей цікавіцца, як смартфон «жыве» на практыцы.

Праўда, універсальнага параметра, па якім можна даведацца трываласць на практыцы, няма. Розныя задачы патрабуюць рознага спажывання батарэі: найбольш пры 3D-гульнях, трошкі менш пры праглядзе анлайн-відэа высокага разрознення, яшчэ менш пры звычайным праглядзе інтэрнэт-старонак, значна менш пры чытанні кніг, самы мінімум пры праслухоўванні музыкі з выключаным экранам. Да таго ж, лепшы ў адной задачы можа апынуцца хіба не горшым у другой.

Розныя тэстыроўшчыкі маюць свае тэхнікі вымярэння трываласці смартфонаў. Ніякую нельга назваць няправільнай.

Нельга казаць, што смартфон А лепей за В, бо А «пражыў» на «Анлайнеры» 30 гадзін, а В на The Verge толькі 20.

Верагодна, найбольшую базу тэстаў смартфонаў мае GSMArena. Паводле іх сістэмы, топ-5 трывалых смартфонаў на момант публікацыі такі:

  1. Nokia Lumia 1520
  2. Huawei Ascend Mate 2 4G
  3. Sony Xperia Z3 Compact
  4. LG G Flex
  5. Sony Xperia T2 Ultra

Nokia Lumia 1520

Nokia Lumia 1520

Пры гэтым лідар па сумарным паказніку, Lumia 1520, трывае ў рэжыме размоў 28:34, а ўладальнік умоўнага «срэбра», Ascend Mate 2, амаль на 5 гадзін больш. Другі таксама абганяе першага на 4 гадзіны па часе няспыннага прагляду інтэрнэт-старонак і на 4,5 — па прайграванні відэа. Але сумарны «рэйтынг трываласці», складзены паводле ўласнай методыкі, ставіць на першае месца (з мінімальным адрывам) менавіта Lumia 1520.

Ды па 20—30 гадзін смартфоны не «жывуць» у сапраўдных людзей. Хутчэй 9-10 гадзін у «чэмпіёнаў» пры актыўным выкарыстанні.

Менавіта вынікі каля 10 гадзін дае ўласны тэст Phone Arena. Яго лідары на момант публікацыі такія:

  1. Huawei Ascend Mate 2 4G
  2. ZTE Zmax
  3. Motorola Droid Turbo
  4. ZTE Grand X Max+
  5. Sony Xperia T2 Ultra

Huawei Ascend Mate 2

Huawei Ascend Mate 2

«Мэйт» пратрымаўся 11:26, а «Іксперыя» — 10:16. «Айфоны» ў гэтым тэсце выглядаюць не надта прывабна: 6:32 у iPhone 6 Plus і ўсяго 5:22 у iPhone 6.

Нават «чэмпіён» сярод смартфонаў вытрымлівае менш за 12 гадзін рэальнага актыўнага выкарыстання.

Таму калі збіраецеся ў далёкую вандроўку, дзе паблізу не будзе разетак, лепей мець пры сабе простую «званілку».

Senseit P7

Senseit P7

Тым болей, сёння выпускаюцца «званілкі» са «смартфоннымі» гіганцкімі батарэямі. Нярэдка яны бываюць і ў проціўдарных карпусах. Як, напрыклад, Senseit P7 (батарэя на 3600 мАг, узровень абароны ад пылу і вады IP68), які можна знайсці усяго за 1,3 млн беларускіх рублёў. На ім і па інтэрнэце асабліва не паходзіш, і не асабліва пагуляеш у гульні (і тое, і тое можна), затое ён пражыве без падзарадкі тыдзень, а то і два.

Як у экстранным выпадку зэканоміць зарад батарэі:

  1. Не выкарыстоўваць праграмы, што могуць «жэрці» батарэю: інтэрнэт-браўзер, гульні, відэаплэер…
  2. Адключыць непатрэбныя цяпер злучэнні: 3G, Wi-Fi, Bluetooth, асабліва GPS. Калі патрэбнае падключэнне да інтэрнэту, адключыць непатрэбныя зараз аўтаабнаўленні: пошта, сацсеткі, надвор’е і г.д.
  3. Зменшыць зыркасць экрану і час, пасля якога экран аўтаматычна гасне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?