Заля насамрэч была поўная. Адчувалася, што прыйшлі не прыгнаныя воляю ідэоляга навучэнцы ПТВ і не жаўнерыкі, якім папросту няма дзе прытуліцца ў чаканьні канца звальненьня. Людзі прыйшлі ў тэатар. І гэтым разам — пачакаем наступнага — тэатар іх не падмануў.

Дванаццатага студзеня ў Купалаўскім ішоў «Ромул Вялікі».

Такога імпэратара ў Рыме не было. Яго прыдумаў Фрыдрых Дзюрэнмат, п’есу якога перастварыў па‑беларуску Мікола Матукоўскі. У інтэрпрэтацыі Матукоўскага, акрамя Дзюрэнмата, пазнаваліся радкі Булгакава, Талстога і артыкулаў «прараба перабудовы» Аляксандра Якаўлева, што, імаверна, мусіла зрабіць п’есу крыху бліжэйшай да постсавецкага гледача.

На сцэне не адбываецца нічога экстраардынарнага. Проста руйнуецца імпэрыя. Рымская імпэрыя, як заяўленая ў тэксьце. І імпэратар Ромул, што справядліва адчувае сябе апошнім імпэратарам Рыму, нічога ня робіць, каб прадухіліць гэтую ўсясьветную катастрофу. Ён спакойна гадуе курак, есьць зьнесеныя імі яйкі і гутарыць з роднымі і прыдворнымі, што марна ўгаворваюць яго зрабіць ХАЦЯ Б ШТО‑НЕБУДЗЬ!

Аўтар спадзяецца, што рэдакцыя дазволіць яму пакінуць у гэтай рэцэнзіі і буйны шрыфт, і выклічнікі. Бо ўгаворы прыдворных такія ж бессэнсоўныя, як і вылучаная аўтарам фраза. Праўда, бессэнсоўнасьці спробаў супрацьстаяньня ходу Гісторыі не адчувае ніхто, акрамя самога Ромула. Гэты немалады чалавек зь сялянскімі рысамі твару і барадой, нязграбны, зь мяшкамі пад вачыма, на якім абшарпаны залаты вянец выглядае зусім ужо недарэчна, разумее асуджанасьць сьвету, у якім жыве, і ня хоча працягваць яго існаваньне. Наадварот — ён сваёй бязьдзейнасьцю нават спрабуе наблізіць яго заканчэньне.

У Дзюрэнмата ёсьць падзагаловак: «Гістарычна недакладная камэдыя». Увесь асяродак Ромула — ягоная жонка Юлія (Ала Ельяшэвіч), дачка Рэя (Кацярына Яворская), міністры і высокапастаўлены госьць і калега — імпэратар Усходняй Рымскай імпэрыі Зянон, што страціў свой трон (Мікола Кірычэнка) — грае гістарычна дакладную трагедыю. Яны выразна прадчуваюць уласную згубу — якая, зразумела, адбудзецца за сцэнай, у момант іхных уцёкаў ад лёсу. І толькі Ромул — Аўгуст Мілаванаў — грае камэдыю, прычым не гістарычную, а побытавую. У ягоным выкананьні імпэратар — гэта жаўнер, што даслужыўся да найвышэйшага званьня, але застаўся селянінам і ціха ненавідзіць усіх тых, з кім яму цяпер даводзіцца жыць і працаваць. Ён таму і ня хоча выратоўваць імпэрыю, таму што імпэрыя — і ўлада сама па сабе — асацыюецца для яго зь нечым ненавісным і агідным. З забойствамі людзей, напрыклад.

Любоў рэжысэра Валера Раеўскага да, так бы мовіць, «слупавых мізансцэнаў», у дадзеным выпадку абсалютна дарэчная. Героі рухаюцца мала. Куды бегчы? Ніякія ўцёкі не папярэдзяць непазьбежнага краху. Гэта час імчыць — а ім наканавана бязьдзей¬ні¬чаць. Але Ромул (Мілаванаў) расслабіўся і атрымлівае ад гэтай бязьдзейнасьці маральнае задавальненьне. Астатнім гэтага ня дадзена.

Зрэшты, ня ўсім. Двух служак з імёнамі Ахіл і Пірам, якія шмат гавораць адукаванаму гледачу, граюць Аляксандар Падабед і Генадзь Аўсяньнікаў. Аддзяліўшыся ад сьценаў, на фоне якіх спачатку абодва старыя амаль не заўважныя, яны спакойна назіраюць за ўсім тым, што адбываецца. Абодва слугуюць ужо ня першаму імпэратару. І абодва сыдуць ад яго, калі скончыцца залатое лісьце ў вянцы, якім Ромул плаціць ім заробак. Сыдуць, каб пісаць мэмуары.

А ўсё дашчэнту рассыпаецца, як рассыпаецца ў канцы гіпсавы бюст заснавальніка Рыму — Ромула (цудоўная знаходка пастаноўшчыка Раеўскага і сцэнографа Барыса Герлавана, якога, карыстаючыся выпадкам, мы віншуем зь нядаўнім юбілеем). І ў мэмуарах гэта, пэўна, знойдзе сваё месца.

Спэктакль быў пастаўлены ў 1996 годзе. Імаверна, так Валер Раеўскі адзначаў пяцігадовую гадавіну крушэньня савецкай імпэрыі. Праўда, супала тады гэтая пастаноўка і з канстытуцыйным крызысам у нашай краіне — не імпэрыі, але ў такой невялікай паўканстытуцыйнай манархіі. Некаторыя тыпы былі вельмі нават пазнавальнымі. Скажам, у Зяноне Ісаўрыйскім (Мікола Кірычэнка), вочы ў якога ўвесь час вырачаныя, можна лёгка пазнаць Сямёна Шарэцкага — няхай без густой шавялюры нашага тагачаснага сьпікера, які гэтак жа лёгка ўпусьціў сваю ўласную ўладу.

Ромул‑Мілаванаў улады не ўпусьціў. Я бачыў і іншага Ромула — у цудоўным выкананьні Анатоля Раві¬ковіча (памятаеце Хобатава з «Покровских ворот»?). Равіковіч граў Гарбачова — граў шчыра, спачуваючы яму. Ён нічым ужо не кіраваў і толькі маскіраваў уласную бездапаможнасьць.

Мілаванаў грае чалавека моцнага, які ні на хвіліну не пакідае кіраваць працэсам зьнішчэньня ўласнае дзяржавы. І адзіны, хто разумее гэта, — такі ж філёзаф‑курагадовец Адаакр, князь германцаў, што захапіў Рым. Аляксандар Гарцуеў у ролі Адаакра, штопраўда, не апускаецца да побытавае прастаты Мілаванава, аднак і не ўпадае ў гістэрычна‑клясыцысцкі трагізм усіх іншых герояў. Ягоны Адаакр, хутчэй, самотна‑рамантычны. Яму тужліва ад таго, што ён прадбачыць уласную загібель: гэта Ромула не змаглі забіць ягоныя блізкія, а ўжо Адаакра — час зьмяняецца — канечне заб’е пляменьнік Тэадорых, якога ён бачыць пераемнікам. Пераемнікі заўсёды забіваюць папярэднікаў — і гэта яшчэ адзін непазьбежны гістарычны закон, дзеяньне якога прадухіліць немагчыма.

І яны застаюцца на сцэне, два немаладыя ўладары, для якіх вызваліць сябе ад цяжару ўлады магчыма толькі празь зьнішчэньне ўласных імпэрыяў. І лёзунг — «Няхай жыве прыгон! Няхай жыве воля!» — што мігціць на поліэтыленавай заслоне — аказваецца такой жа сумнай пэрспэктываю для ўсяго чалавецтва, як працоўныя кантракты для чальцоў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Але менавіта таму пастаноўка дванаццацігадовае даўніны сёньня выдае надзвычай сучаснаю. Улада, што падаецца слабою, на справе — куды больш моцная ды разумная, чым улада, якая гістэрычна імкнецца давесьці сваю моц. Бо моцная ўлада ў рэшце рэшт зьнішчыць сама сябе, наклікаўшы такую нянавісьць прыгнечаных ёю, што ня здолее абараніцца.

Што цалкам адпавядае гістарычнай праўдзе. Але гістарычна недакладная камэдыя ў гэты момант становіцца гістарычна дакладнай трагедыяй. Гэта значыць, што сьмяюцца толькі тыя, хто знаходзіцца ў глядацкай залі. А тым, хто знаходзіцца на сцэне, у гэты момант, як правіла, ня сьмешна. Зусім ня сьмешна.

Аляксандар Фядута, глядач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0