17 студзеня ў гомельскім гарадскім ваенным камісарыяце дэмакратычнаму актывісту Змітру Жалезнічэнку была ўручана позва з прадпісаннем прыбыць 23 студзеня на прызыўны пункт для праходжання службы ў войску.

Нагадаем, 16 студзеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля адмяніў загад рэктара Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны аб адлічэнні студэнта трэцяга курса матэматычнага факультэта і абавязаў ВНУ аднавіць З.Жалезнічэнку на вучобе. Актывіст апазіцыі, намеснік старшыні абласной арганізацыі «Моладзь БНФ» і намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Талака» быў адлічаны 7 верасня «за сістэматычнае парушэнне правілаў унутранага распарадку». Д.Жалезнічэнка з’яўляўся выдатнікам вучобы і не меў пропускаў заняткаў без уважлівай прычыны. Сваё адлічэнне лічыў палітычна матываваным.

Рашэнне аб прызыве З.Жалезнічэнкі ў войска было прынята 8 студзеня, аднак яму пра гэта не было вядома.

«Месяц таму мяне ўжо выклікалі ў ваенкамат для праходжання камісіі. Але тады паведамілі, што ў войска не возьмуць, бо там апазіцыянеры не патрэбныя, — зазначыў у інтэрв’ю БелаПАН З.Жалезнічэнка. — Але сёння ваенкам патлумачыў мне, што загадана «зверху» браць служыць усіх. Але я ўжо накіраваў у прызыўную камісію дзве заявы. Сутнасць іх у тым, што я прашу, у адпаведнасці з Канстытуцыяй і заканадаўствам, не прызываць мяне на службу ва Узброеныя сілы, бо я з\’яўляюся членам Партыі БНФ. А ў адпаведнасці з артыкулам 36 Канстытуцыі, вайскоўцы не могуць быць членамі палітычных партый. Таксама я пісьмова паведаміў у прызыўную камісію аб тым, што ў выпадку прызыву ў армію прашу накіраваць служыць мяне ў ваенную часць, дзе ўсе загады будуць аддавацца на беларускай мове. Загады на любой іншай мове я выконваць не буду».

Рашэнне аб аднаўленні Д.Жалезнічэнкі ва універсітэце набудзе моц 26 студзеня.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0