Уладзімір Пуцін аказаў ціск на ўкраінскіх сепаратыстаў, каб тыя спынілі агонь апоўначы 15 лютага, гаворыцца ў заяве канцлера Германіі Ангелы Меркель па выніках мінскай сустрэчы лідараў «нармандскай чацвёркі», якая апублікавана на сайце федэральнага ўрада ФРГ.

Па словах Меркель, вынікі сустрэчы даюць пэўныя надзеі, але ніякіх ілюзій на гэты конт у яе няма.

Удзельнікі саміту дамовіліся аб усеагульным выкананні мінскіх пагадненняў, аднак «для гэтага павінны быць зробленыя канкрэтныя крокі, і наперадзе яшчэ шмат перашкод», сказала канцлер ФРГ. «У мяне няма ніякіх ілюзій, наперадзе яшчэ вельмі шмат працы, але ёсць рэальны шанец палепшыць сітуацыю. Германія і Францыя паказалі, што яны могуць унесці ўклад у мірны працэс разам з усёй Еўропай», — дадала яна.

«Мы, як лідары нармандскага фармату, узялі на сябе абавязацельствы кантраляваць працэс выканання пагаднення і зрабіць усё, што ў нашых сілах, для яго прасоўвання. Я чакаю, што такія намаганні спатрэбяцца», — адзначыла канцлер ФРГ.

У сваю чаргу прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд падкрэсліў: усёабдымнае палітычнае пагадненне, да якога прыйшлі ўдзельнікі мінскіх перамоваў (маецца на ўвазе комплекс мер па выкананні мінскіх пагадненняў, падпісаны ўдзельнікамі трохбаковай кантактнай групы), «уключае ўсе спрэчныя пытанні, пачынаючы ад перамір'я, спынення агню і кантролю за межамі аж да пытання дэцэнтралізацыі і адводу цяжкіх узбраенняў і аднаўлення эканамічных адносінаў».

«Уся Еўропа ўзяла на сябе абавязацельства падтрымліваць гэты працэс. Сёння ў другой палове дня мы ўдзельнічаем у пасяджэнні савета ў Бруселі (саміт ЕС). Мы зробім усё для таго, каб Еўропа падтрымлівала гэты працэс. Хоць мы яшчэ і не ўсяго дасягнулі, у нас ёсць надзея для Украіны і ўсёй Еўропы. І мы яшчэ раз паказалі, што нямецка-французскі тандэм у стане зрабіць нешта, што прывядзе да міру», — запэўніў Аланд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?