Нават пасля заканчэння вайны савецкая ўлада працягвала рэпрэсіі супраць свайго народа.

Арышты і вывазы не спыняліся да смерці Сталіна. І тычыліся яны не толькі тых асоб, хто нейкім чынам супрацоўнічаў з фашыстамі. Шмат ні ў чым не вінаватых людзей былі арыштаваныя або дэпартаваныя ў глыб СССР. Напрыклад, у 1951 годзе за адну ноч па ўсёй Заходняй Беларусі і Украіне былі дэпартаваныя сем'і ветэранаў польскай арміі Андэрса, якія ваявалі ў складзе войскаў саюзнікаў і якія ўдзельнічалі ў крывавым штурме нямецкіх умацаванняў манастыра Монтэ-Касіна ў Італіі.

Пасля вайны многія з тых, хто ваяваў у польскай арміі, вярнуліся жыць дадому ў Заходнюю Беларусь і былі прызнаныя ўдзельнікамі Другой сусветнай вайны. За адну ноч на 1 красавіка 4520 былых «андэрсаўцаў» былі арыштаваныя, іх маёмасць канфіскавана, а сем'і дэпартаваныя ў Казахстан і Сібір.

Міхаіл Барысевіч, жыхар Баранавіч, быў сведкам таго, як ў 1951 годзе праходзіла адна з такіх дэпартацыяў. І ў 1998 годзе, незадоўга да смерці, ён падзяліўся ўспамінамі. Распавядаў, што вывозілі людзей летам, таму, магчыма, гэта была нейкая іншая дэпартацыя. Не менш жудасная для простых людзей. Многія з тых няшчасных не перажылі транспарціроўкі ў далёкі край. А некаторыя ніколі не вернуцца на радзіму…

«У 1950-м годзе я ўладкаваўся ў Баранавічах на вугальны склад. Ён знаходзіўся ў раёне лакаматыўнага дэпо. Гэта быў склад Дзяржрэзерву. Сакрэтны. Мяне ўзялі на пасаду камандзіра аддзялення ўзброенай аховы. Я сам не ахоўваў, у мяне былі падначаленыя. Я трохі ў душы нават гэтым ганарыўся.

Склад ушчыльную падыходзіў да ваўкавыскай рампы, якая цягнулася да брамы баранавіцкай турмы.

Улетку 1951 года на ваўкавыскай рампе з'явіліся 15—16 вагонаў-цялятнікаў. Склад адразу ачапілі «чырвонапагоннікі» з сабакамі, узброеныя аўтаматамі. Гэта было за 70 метраў ад майго склада, і я выдатна ўсё бачыў.

Адразу пасля ачаплення сталі пад'язджаць машыны ЗІС-5 з Першых Траццякоў. На кожнай машыне знаходзілася прыкладна па 40 чалавек, у тым ліку і інваліды, без рук, без ног — сядзелі адзін на адным, некаторыя былі з куфэрачкамі, з клункамі. Шмат хто ў бруднай сялянскай вопратцы. Спякота была страшная. Усе трымаліся як маглі…

Тады была Баранавіцкая вобласць. Людзей, напэўна, з усёй вобласці звозілі! Колькі сабак трэба было, колькі ахоўнікаў з аўтаматамі! Людзей на пляцоўку каля турмы пагрузілі, а потым накіравалі ў цяплушкі. Уяўляеце, 15 вагонаў напакаваць? Колькі машын пад'язджае?!

Адразу пайшоў слых, што грузяць «ворагаў народа». Цэлы дзень прывозілі і прывозілі …

Ужо народ з горада стаў збірацца, сваякі тых, каго дэпартавалі, з вёскі паспелі прыехаць. А ваенныя ўсе вазілі і вазілі — ужо на тэрыторыі турмы месца не было.

Машына падыходзілі адразу да цяплушкі, а людзей спіхалі і спіхалі. Хто замарудзіўся — адразу прыкладамі ў спіну.

А людзям і спраўляць патрэбу трэба было. Пад вагонамі знаходзіліся і мужчыны, і жанчыны, сарамлівасці не было. А побач стаялі сваякі, сваякі з дзецьмі праводзілі. Некаторыя хлопчыкі, гадоў 10—12, прабіраліся да вагонаў, шукалі сваякоў, а іх прыкладамі адганялі.

На наступны дзень вагоны працягвалі запаўняць. Гэта страшнае відовішча — «цялятнік» набівалі колькі маглі.

Мне здаецца, што гэта савецкая ўлада помсціла «заходнікам». Помсціла людзям за тое, што жылі пад палякамі, пад немцамі падчас вайны. Гэтых «палякаў», «заходнікаў» бальшавікі чамусьці як агню баяліся. Не ведаю чаму. Таму і насельніцтва наша патрапіла ў няласку…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?