Дзіця сціплага кітайскага настаўніка Джэка Ма — гандлёвая пляцоўка Aliexpress — стала надзвычай папулярнай у беларусаў.
Паводле аналітычных дадзеных аналізатара Alexa, Aliexpress займае 12-е месца па наведвальнасці з Беларусі. Гэта не дзіва: на сайце можна набыць тавары, цэны на якія ў Беларусі значна вышэйшыя пры бяднейшым асартыменце. Пакупкі пры гэтым яшчэ і бясплатна даставяць амаль да парога.
Але калі мабільныя тэлефоны і іншыя рэчы першай неабходнасці набытыя, наступае час тавараў для душы. А Aliexpress дапаможа любому і ў гэтай справе. Нават таму, хто не ўяўляе жыцця без бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» хоць на чым. Так, гэтыя сімвалы не выкарыстоўваюцца афіцыйна, але попыт на іх ёсць. А кітайцы — майстры задавальняць попыт.
Усяго за 15 даляраў можна набыць сабе вялікі (90 на 150 сантыметраў) бел-чырвона-белы сцяг.
Можна замовіць такі ж, толькі з «Пагоняй» пасярэдзіне.
Яшчэ адзін варыянт — сцяг з крыжом святога Георгія і «Пагоняй».
Ёсць і проста «Пагоня» на чырвоным фоне таго ж памеру.
Значок на штрыфель пінжака.
Існуюць і больш кампактныя варыянты нацыянальнай сімволікі. Напрыклад, металічны значок на штрыфель пінжака ў выглядзе контура Беларусі з нанесеным на яго бел-чырвона-белым сцягам. Такі варыянт падыйдзе для аматараў афіцынага стылю адзення і будзе добра пасаваць фармату сур'ёзных сустрэч. Аднак адзін значок не купіць, можна замовіць толькі партыю з 200 штук за 316 даляраў.
Больш бюджэтны варыянт — круглыя значкі з контурам Беларусі і БЧБ сцягам, 20 штук за 18 даляраў.
Самая танная рэч з бел-чырвона-белым сцягам — тканевая нашыўка. 10 штук абыйдуцца ў 7,5 даляраў.
Прэзідэнцкі штандар 120 на 120 сантыметраў. Ці прынамсі яго копія.
А вось аматарам цяперашняй дзяржаўнай сімволікі сапраўды ёсць дзе разгарнуцца. Можна замовіць сабе просты сцяг, прычым чырвона-зялёнае палотнішча 90 на 150 сантыметраў абыйдзецца амаль у два разы танней за бел-чырвона-белы сцяг такога самага памеру. Кампект са 100 сцяжкоў 14 на 21 сантыметр абыйдзецца прыкладна ў 20 даляраў — хопіць на ўсіх сяброў і знаёмых. Для самых амбіцыёзных прадаецца нават прэзідэнцкі штандар з залатым гербам.
Значкі, шэўроны, нашыўкі.
Дзіўны значок з Мікі Маўсам прадаюць толькі вялікімі партыямі.
Ёсць і металічныя значкі на штрыфель — адразу некалькіх відаў, і звычайныя значкі, і нашыўкі з шэўронамі. Аднак гэта ўсё даволі неарыгінальна.
Для тых, хто сапраўды жадае вылучыцца, прадаецца, напрыклад, медаль «Герой Беларусі». Залатая зорка на чырвона-зялёнай стужцы каштуе 68 даляраў.
Сапраўдныя арыстакраты ацэняць элегантны кішэнны механічны гадзіннік з выявай герба Беларусі на накрыўцы. Прадавец просіць за яго ўсяго 20 даляраў, а задаволеныя пакупнікі пакідаюць 5-бальныя водгукі.
Уладальнікі iPhone могуць замовіць сабе чахлы з беларускім дзяржаўным сцягам — яны выпускаюцца ў некалькіх варыяцыях і каштуюць літаральна нічога.
Незвычайна выглядаюць і срэбныя пацеркі 925-й пробы з чырвона-зялёным сцягам — 14 даляраў за штуку.
Для завяршэння вобразу падыйдуць перфарацыйныя акуляры з дзяржаўным сцягам — 15 даляраў за партыю з 5 штук.
Не абмінулі ўвагай кітайскія вытворцы і тых, хто сумуе па савецкіх часах. На сайце Aliexpress можна набыць кішэнны гадзіннік ці футболку з выявай герба БССР. А вось пра Аляксандра Лукашэнку забыліся — на ўсім Aliexpress няма ніводнай рэчы з яго выявай. Відаць, усе вытворчыя магутнасці заняты выпускам тавараў з Пуціным, якіх прадаецца безліч.





