«Пабочным прадуктам перамоваў у Мінску стала, прынамсі, часовая рэабілітацыя беларускага лідара Аляксандра Лукашэнкі», — піша інфармацыйнае агенцтва Ройтэрз. Раней Лукашэнка зрабіў сябе парыяй для міжнароднай супольнасці, але цяпер ранейшы імідж засланіўся ягонай роллю міратворцы.

Ангела Меркель і Франсуа Алянд пазуюць для фотографаў пасля 16-гадзінных начных перамоваў. Фота Ройтэрз.

Ангела Меркель і Франсуа Алянд пазуюць для фотографаў пасля 16-гадзінных начных перамоваў. Фота Ройтэрз.

Агенцтва сабрала крайне цікавыя дэталі з-за куліс адных з самых цяжкіх перамоваў у гісторыі чалавецтва.

— Парашэнка з самага пачатку паводзіў сябе як чалавек, які спяшаецца. Памочнік сказаў, што ён спазніўся на самалёт да Мінска, і, апынуўшыся на борце, прыспешыў: «Давайце хутчэй узлятаць, мы спазняемся!»

— Лукашэнка падарыў Меркель невялікі букет кветак. Гэта быў першы візіт заходніх лідараў у Беларусь за доўгія гады. Праз 17 гадзін яны развітваліся з вельмі задаволеным выглядам.

— Парашэнка пацвердзіў сваю рэпутацыю чалавечнага лідара. Калі Парашэнка прыбыў у Палац, на яго літаральна накінуўся натоўп журналістаў. Служба бяспекі спрабавала адцясніць іх, і адзін з аператараў упаў. Украінскі лідар дапамог яму ўстаць са словамі: «Прабачце, калі ласка»

— Перад пачаткам перамоваў памочнікі даставалі насценную карту Украіны. Адзін з іх сказаў другому: «Не, не гэтую. Вунь тую».

— У першыя гадзіны Меркель і Аланд, відаць, спрабавалі зрабіць усё, каб Парашэнка і Пуцін пачалі хоць неяк размаўляць. Спачатку яны бегалі па Палацы ў пошуках Пуціна. Потым вярнуліся да Парашэнкі, а Пуцін пазней далучыўся да іх.

— «На перамовах у Мінску пайшла «барацьба нерваў», — напісаў памочнік Парашэнкі Валерый Чалы на Facebook каля 4-й раніцы.

— Афіцыянткі снавалі ў перагаворныя залы і назад з вазкамі, якія ламіліся ад салатаў, садавіны, бутэлек вады. Пазней Лукашэнка з гонарам падкрэсліў беларускую гасціннасць: «Елі яечню, сыр, малочныя прадукты, выпілі некалькі вёдраў кавы».

— Парашэнка часта выходзіў у бакавы пакой, каб даведацца пра навіны ад свайго генштаба. Адзін ён раз выйшаў адтуль у відавочным гневе. Адказваючы на пытанне, ці будзе падпісана пагадненне, ён працадзіў скрозь сціснутыя зубы: «Пабачым».

— Каля паўночы ўкраінская прэса атрымала выразны сігнал, што перамовы праваліліся. Ім сказалі сабрацца і чакаць ля ўваходу, каб ехаць на тэрміновы брыфінг Парашэнкі. Праз прыкладна паўгадзіны іх папрасілі вярнуцца ў канферэнц-залу.

— Журналісты спрабавалі падслухаць размовы лідараў, калі тыя выходзілі з перамоўнай. «Цяжка. Ён вядзе несумленную і брудную гульню», — кажа Парашэнка. «Я ведаю… А ўсе гэта зразумелі», — адказвае Лукашэнка. Парашэнка дадае: «Ён ўсюды яе вядзе».

— Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на гэты раз аказаўся амаль не пры справе, але ўсю ноч быў у гуморы і жартаваў: «Нас паклікалі паесці сала».

— Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін у пятніцу аб'явіў у кіеўскім парламенце: «Некалькі разоў падчас перамоваў было жаданне і ў нас, і ў нашых калег з Германіі і Францыі спыніць перамовы».

— «Аланд і Меркель часцей былі ў ролі слухачоў, пасрэднікаў, — сказала крыніца ў французскай дэлегацыі. — Для Парашэнкі і ўкраінцаў гэта было больш балюча, улічваючы сітуацыю, аднак Пуцін і Парашэнка не маюць асабістай варожасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?