Фота: gadgetadda.com
«Лабараторыя Касперскага» і былыя супрацоўнікі АНБ распавялі пра шпіёнскае ПА, схаванае на цвёрдых дысках Western Digital, Seagate, Toshiba і іншых кампаній, перадае Reuters. Шпіёнскую праграму выданне называе «прарыўнай».
Глыбокае «заляганне» праграмы дазволіла працягваць шпіянаж нават у выпадку пераўсталёўкі аперацыйнай сістэмы альбо фарматавання цвёрдага дыску.
Сцвярджаецца, што праграма, схаваная ў абароненай ад выдалення і фарматавання вобласці цвёрдых дыскаў дапамагала шпіёніць у 30 краінах: найперш у Іране, а таксама Расіі, Кітаі, Афганістане, Пакістане, Сірыі і іншых.
Цэлямі шпіёнскай праграмы былі ўрадавыя і вайсковыя ўстановы, тэлекамунікацыйныя і энергетычныя кампаніі, банкі, СМІ, атамныя інстытуты і ісламскія актывісты. Некаторыя з устаноў былі пад ударам з 2001 года.
«Касперскі» не называў распрацоўшчыка наўпрост, але заявіў аб сувязі схемы з вірусам Stuxnet, скарыстаным па замове АНБ у Іране. Былы выведнік пацвердзіў, што АНБ распрацавала такую тэхналогію.
Вытворцы цвёрдых дыскаў заявілі, што нічога не ведаюць пра шпіёнскія модулі.