Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў.

«Гэтак званых блакітных фішак у спісе на прыватызацыю вы не знойдзеце. У спісе на 2015 год — звычайныя акцыянерныя таварыствы. Прапановы выпрацаваныя дзяржаўнымі органамі па магчымай рэалізацыі таго ці іншага пакета акцый з мэтай прыцягнення інвестара і развіцця гэтых акцыянерных таварыстваў», — сказаў Гаеў. 

Адсутнасць у спісе такіх прадпрыемстваў, паводле яго слоў, не азначае, што «калі з`явіцца інвестар для любога іншага акцыянернага таварыства, гэтыя пытанні разглядацца не будуць».

«Усё будзе вывучацца, і будзе рыхтавацца адпаведнае рашэнне», — падкрэсліў Гаеў. 

Ён таксама паведаміў, што ў прыватызацыйны спіс на 2015 год увайшлі 64 гаспадарчыя таварыствы і чатыры рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы. «Гэта план для працы, гэта не догма. Па кожным аб'екце работа будзе праводзіцца», — сказаў кіраўнік Дзяржкаммаёмасці. 

«Гэты спіс служыць адпраўным пунктам для наступнай працы па пошуку інвестараў. Гэта не выключае работы і па астатніх ААТ.

Калі будзе знойдзены інвестар, які будзе гатовы ўкласці сродкі ў развіццё любога акцыянернага таварыства, гэтыя пытанні заўсёды будуць разглядацца. Гэта не спісы дзеля спісаў, каб потым па іх рабіць справаздачу. Тым больш у апошнія гады былі праблемы з рэалізацыяй такіх планаў», — зазначыў Гаеў.

Паводле яго слоў, калі рэалізаваць планы па новым спісе, то можна атрымаць мінімум 850 млн. долараў. «Але для гэтага трэба прыняць рашэнне, знайсці інвестара, рэалізаваць і атрымаць гэтыя сродкі. Мы будзем працаваць сумесна з іншымі дзяржорганамі», — запэўніў старшыня Дзяржкаммаёмасці.

Разам з тым ён зазначыў, што на сёння ў дзяржуласнасці застаецца вялікая колкасць прадпрыемстваў — больш за 2.300 унітарных і 1.850 ААТ, акцыямі якіх валодае дзяржава, у 73% з іх — кантрольным пакетам.

«Тут мы выкарыстоўваем падыходы кіраўніка дзяржавы. То бок, прыватызацыя носіць кропкавы характар. Прыватызаваць можна любую маёмасць, любое прадпрыемства, але трэба падыходзіць выбіральна з пункту гледжання дзяржавы да прыняцця такога кіраўніцкага рашэння», — сказаў Гаеў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?