Фота: park.by

Фота: park.by

Праект Дэкрэта, што прадугледжвае павышэнне стаўкі падаходнага падатку для супрацоўнікаў Парка высокіх тэхналогій, насамрэч падрыхтаваны, пацвярджае Мінфін.

Фота праекту апублікавала 19 лютага газета «Камп’ютарныя весці».

Стаўку падаходнага падатку для супрацоўнікаў ПВТ насамрэч прапануецца падвысіць з 9% да 10%. Але выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва павялічацца ў два разы, а не ў тры, як паведамлялася раней.

Павелічэнне падатку абумоўленае неабходнасцю забеспячэння рэалізацыі норм Указа, што прадугледжвае выплату з 1 студзеня 2015 года «сямейнага капіталу» шматдзетным сем'ям.

У сувязі з неабходнасцю фарміравання крыніцы фінансавання «сямейнага капіталу» з 1 студзеня 2015 года павялічаная агульная стаўка падаходнага падатку з 12 да 13 працэнтаў для ўсіх катэгорый фізічных асоб, нагадвае міністэрства. Павелічэнне падатку для ПВТ «забяспечвае сацыяльную справядлівасць у адносінах да большай часткі грамадзян» — розніца падатку супрацоўнікаў ПВТ і астатніх грамадзян застанецца роўнай 3%.

На думку міністэрства, павелічэнне падатку не акажа істотнага ўплыву на ўзровень зарплаты супрацоўнікаў ПВТ, паколькі сума падаходнага падатку, зыходзячы з памеру сярэдняй заработнай платы работнікаў ПВТ ва ўмовах 2014 года, для іх павялічыцца ў сярэднім на 184 тысяч рублёў альбо ў межах адной базавай велічыні.

Павелічэнне выплат у Фонд сацыяльнай абароны, як сцвярджае міністэрства, прадугледжваецца ў мэтах узмацнення сацыяльных гарантый гэтых работнікаў.

Тое робіцца шляхам павелічэння памераў выплат (пенсій, дапамог, у тым ліку па часовай непрацаздольнасці) са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.

Льготны парадак для рэзідэнтаў ПВТ ўсё роўна захоўваецца, нагадвае міністэрства, бо у дачыненні да прыбыткаў астатніх катэгорый грамадзян верхняя мяжа сум выплат, што абкладаюцца абавязковымі страхавымі ўнёскамі, роўная пяціразовай велічыні сярэдняй зарплаты.

***

Навіну аб здыманні часткі льгот супрацоўнікі ПВТ успрынялі з знепакоенасцю.

Такі дакумент нашкодзіць дзяржаве, адзначае дырэктар «Белхард» Ігар Маманенка: кампаніі пачнуць закрываць убытковыя праекты, змяншаць зарплаты ці зноў стануць сыходзіць у цень.

Дырэктар адміністрацыі ПВТ Валерый Цапкала казаў, што «выклікае здзіўленне сама стратэгія Мінфіна, накіраваная на пераразмеркаванне некім заробленых сродкаў, а не на пошук новых шляхоў і крыніц прыбытку для краіны». Ён нагадаў, што нязменнасць спецыяльнага прававога рэжыму Парку высокіх тэхналогій гарантаваная Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэтам да 2020 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?